«Анкалагічным дыспансерам дададуць працы». Фізік-ядзершчык пра адмену ахоўных зонаў Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка

Ларыса ШЧЫРАКОВА 27.03.2019

Улады працягваюць ажыццяўляць указ прэзідэнта пра адмену ахоўнай зоны Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Рашэннем калегіі Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, кіраўніцтва якога, хутчэй за ўсё, і пралабіравала прыняццё такога ўказу,  на некаторых тэрыторыях Гомельскай вобласці адменены кантрольна – прапускны рэжым, а самі тэрыторыі выведзены з пад кантролю Адміністрацыі зон адчужэння і адсялення.

radyjacyja

Рашэнне тычыцца тэрыторый у Брагінскім, Нараўлянскім, Добрушскім, Буда – Кашалёўскім раёнах. Сярод гэтых тэрыторый – лясныя кварталы і ўчасткі адселеных пунктаў і зямель. Стала магчыма наведваць калісьці населеныя пункты Бок, Смалегаў, Смалегаўская Рудня ў Нараўлянскім раёне.

Цяпер у лясных кварталах дазволена нарыхтоўваць драўніну (пасля абавязковага кантролю ўзроўню радыяцыі), збіраць ягады і грыбы. У Буда – Кашалеўскім раёне адменены кантрольна – прапускны рэжым з тэрыторыі сельскагаспадарчага прызначэння, які цяпер належыць СУП “Андрэееўка”. Як патлумачылі ў Адміністрацыі зоны адчужэння і адсялення, цяпер тут будуць высаджваць толькі тэхнічныя культуры.

Рэдакцыя сайта “Гомельская вясна” звярнулася па каментар да кандыдата фізічных навук, фізіка-ядзершчыка Юрыя Варонежцава:

"Я не валодаю канкрэтнымі лічбамі па забруджванню канкрэтных лясных участкаў, але відавочна адно – ніякімі ўказамі і распараджэннямі нельга зрабіць чыстымі землі, якія яшчэ 80 – 100 гадоў будуць уяўляць небяспеку для чалавека. Методыка вызначэння “чыстая – нячыстая” тэрыторыя не дазваляе ўлічыць плямістасць забруджвання. На адлегласці пару соцень метраў гэтыя значэнні могуць адрознівацца ў разы. Плошчы не сканаваліся, а браліся адзінкавыя пробы. Калі гэта не так, хай надрукуюць методыку сканавання з указаннем канкрэтных прыбораў, якімі яны мералі радыяцыю".

Юрый Варонежцаў таксама выказаў асцярогу, што мясцовыя жыхары, якія будуць збіраць на гэтых тэрыторыях грыбы, ягады не будуць правяраць дары леса на забруджанасць радыянуклідамі:

“Народ наш труціцца і рады, бо прапаганда цвердзіць, што няма пра што непакоіцца. Толькі анкалагічным дыспансерам дададуць працы. Калі казаць пра кавалак тэрыторыі сельскагаспадарчага прызначэння, нават калі там будуць сеяць толькі тэхнічныя культуры, але ж на гэтых забруджаных землях будуць працаваць трактарысты і яны будуць назапашваць дозу апраменьвання, бо паўтаруся, цалкам чыстай гэтая тэрыторыя яшчэ доўга не стане. Настане час, калі тупыя і сквапныя ініцыятары гэтага злачынства зоймуць свае месцы на нарах”.

  • 27 ліпеня 2017 года, сваім указам №259 Аляксандр Лукашэнка адмяніў ахоўную зону Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, скасаваў яе межы, плошчы і склад земляў.