У Светлагорску на «смярдзючым заводзе» беленай цэлюлозы гараць хімікаты. Ёсць ахвяры
Палеская Вясна
19.10.2020
>>>
Міністэрства надзвычайных
сітуацыяў паведаміла,
што на Свелагорскім заводзе беленай цэлюлозы адбыўся пажар рэзервуара з талавай
алівай.
Узгаранне адбылося каля 10 гадзіны раніцы 19 кастрычніка.
А 10.38 на завод выехалі ратавальнікі МНС. Гарэў рэзервуар з талавай алівай, аб’ёмам
250 кубаметраў.
Талавая аліва – вадкасць з рэзкім пахам, якая
атрымліваецца пры апрацоўцы сульфатнага мыла сернай кіслатой – пабочны прадукт
пры варцы цэлюлёзы сульфатным спосабам. Выкарыстоўваецца як рэагент.
Гомельскае абласное ўпраўленне МНС паведаміла пра аднаго
загінулага. Паводле інфармацыі кіраўніцы філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» ў Светлагорску Алены Маслюковай, гэта 41-гадовы зваршчык прадпрыемства
«Белсантэхмантаж» -
субпадрадчыка, які выконваў на заводзе беленай цэлюлозы нейкія работы. Паводле
непацьверджанай інфармацыі ад крыніцы на гэтым прадпрыемстве, там ужо зараз
спрабуюць ускласці віну за няшчасны выпадак на самога загінулага зваршчыка, які
нібыта самавольна, не маючы нараду-допуску на выкананне гэтай работы,
выправіўся на завод беленай цэлюлозы і пачаў там нешта зварваць.
Яшчэ адзін пацярпелы атрымаў тупую траўму чэрава. Зараз
ён змешчаны ў хірургічне аддзяленне Светлагорскай лякарні.
Як паведамляюць відавочцы з месца падзеяў, блізка 10-й
гадзіны ў вёсцы Якімава Слабада, размешчанай непасрэдна ля заводу, людзі пачулі
два моцныя выбухі. Пасля з тэрыторыі заводу паваліў моцны чорны дым. Пах ад яго
адчуваўся і ў вёсцы, але асноўны напрамак ветру быў у бок ракі Бярэзіны.
Рыбакі, якія ў гэты час рыбачылі на беразе, распавялі,
што гэты дым аказаўся вельмі цяжкі і таму не ўзнімаўся ўгору, а рассцілаўся
долу. Яны пачалі літаральна задыхацца і мусілі скруціць свае вуды і проста
ўцякаць з узбярэжжа.
Акрамя таго, як распавяла кіраўніца Светлагорскай філіі
Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алена Маслюкова, сёня маюць
адбыцца судовыя паседжанні над затрыманымі ў суботу і нядзелю ўдзельнікамі
пратэстаў у Светлагорску. Апошнім часам мясцовы суд пачаў часта ўжываць
практыку правядзення судовых паседжанняў не ў будынку суда, а ў памяшканні
РАУС, куды слухачоў не дапускаюць. У выніку суды робяцца фактычна закрытымі.
Таму зраніцы, яшчэ да пажару на ЗБЦ, праваабаронцы і
іншыя грамадзяне горада звярнуліся з заявамі ў суд, каб паседжанні над
палітычнымі актывістамі прайшлі адкрыта ў будынку суда. І з суда спачатку паведамілі,
што разглядаць справы затрыманых на пратэстах будуць у судзе. Але пазней, пасля
пажару, Алене Маслюковай зноў перазванілі з суда і паведамілі, што ў сувязі з
тым, што нібыта ўсе супрацоўнікі РАУС задзейнічаныя на расследаванні пажару на ЗБЦ і няма каму прывезці затрыманых
у суд, разгляды справаў будуць у будынку РАУС.
«Мы ўжо які месяц
запар пераконваемся – завод гэты непрацаздольны. Аварыя за аварыяй, выбух за
выбухам. Ужо другі загінулы, другі пацярпелы. Гэта пацвярджае тое, чаго
дамагаюцца жыхары Светлагорска апошнія некалькі гадоў – гэтае небяспечнае
прадпрыемства не павінна працаваць у непасрэднай блізкасці ад горада і вялікай
вёскі. Рана ці позна там можа здарыцца і такая аварыя, пра якую нават думаць не
хочацца. Але, пераконваючыся ў нізкай якасці кітайскай пабудовы, мы – жыхары Светлагорска,
гэтага рэальна баімся. А цяпер, як бачым, хібнае прадпрыемства ўлады яшчэ і
выкарыстоўваюць для палітычных мэтаў, спасылаючыся на яго, каб пазбавіць
грамадскасць магчымасці быць сведкамі палітычных расправаў над удзельнікамі
мірных сходаў. Нібыта ў іх няма супрацоўнікаў каб прывезці затрыманых у суд. Тым
не менш, у нашай міліцыі знайшліся сілы і сродкі, каб паехаць сёння аж у Мазыр
і там затрымаць удзельніка суботняй пратэстнай акцыі ў Светлагорску. Крывадушша
дзеючых уладаў і іхніх памагатых на месцах набывае ўсё больш вычварную форму!», –
пракаментавала сёняшнія падзеі ў Светлагорску праваабронцы Алена Маслюкова.
Завод шматкроць рабіўся фігурантам экалагічных скандалаў
і дагэтуль працягвае выкідваць у паветра Светлагорска смярдзючы газ
метылмеркаптан, які выклікае ў жыхароў сур’ёзныя разлады здароўя. У сувязі з
тым, што з-за скандалаў кітайцы з’ехалі з Беларусі і не працягваюць даводзіць
да ладу сваю пабудову, Светлагорскі ЦКК у 2019 годзе вырашыў скасаваць кантракт
і рабіць наладку самастойна.
У ліпені на заводзе беленай цэлюлозы адбыўся выбух шчолачнага
газу. Тады пацярпелі двое супрацоўнікаў заводу, атрымаўшы апёкі. 29-гадовы
слесар пазней памёр у апёкавым цэнтры ў Мінску. У траўні мінулага году на
заводзе абрынуўся дах аднаго з цэхаў.
Фота: Алена МАСЛЮКОВА