У Светлагорску аварыя на заводзе беленай цэлюлозы. Двое ў цяжкім стане
Палеская Вясна
31.07.2020
Жыхары Светлагорску паведамілі Радыё Свабода, што на заводзе беленай цэлюлозы, што паміж горадам і вёскай Якімава Слабада, здарылася аварыя, пацярпелі двое, іх стан цяжкі.
«Была нейкая паломка, мой брат — ён зваршчык, і ягоны калега — слесар працавалі там. Зрабілі што трэба, і апэратар пачаў запуск. Яны засталіся назіраць — каб усё было ў парадку. Не ведаю, што там адбылося, але накапіўся шчолачны газ, і ён выбухнуў. Брат і слесар атрымалі апёкі. Мой брат вельмі моцна пацярпеў, цяпер ён у рэанімацыі, выклікалі на дапамогу брыгаду з Гомеля, бо сказалі, што яго перавозіць нельга. У слесара апёкі ног, рукі і вачэй», — расказаў жыхар Светлагорску Андрэй.
Ягоны брат — 29-гадовы Аляксей Сасноўскі.
Дзяжурны на заводзе сказаў, што не ўпаўнаважаны даваць інфармацыю. Аднак пазней прадстаўнікі Следчага камітэту паведамілі, што адбыўся разрыў трубы з тэхнічнай вадкасцю. Два работнікі атрымалі апёкі і дастаўленыя ў бальніцу.
Паводле інфармацыі ад лекараў, у Светлагорскую бальніцу дастаўленыя двое рабочых прадпрыемства з хімічнымі апёкамі і траўмамі. Падраздзяленні МНС не выяжджалі. Паводле папярэдняй інфармацыі, апёкі атрыманыя падчас правядзення работ на трубаправодзе. Прычыны і абставіны здарэньня высвятляюцца