У Мазыры грамадзяне запусцілі флэш-моб у падтрымку цэнтра рэабілітацыі інвалідаў (ФОТА, ВІДЭА)
Палеская Вясна
17.04.2020
Наведнікі цэнтра
запісалі шчымлівае відэа з вершам пра тое, чым для іх з’яўляецца цэнтр
рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга», дзе яны праходзяць працэдуры медычнай рэабілітацыі,
без якіх якасць іхняга жыцця значна пагоршыцца, а таксама сацыялізацыю.
У адказ неабыякавыя жыхары Мазыра прапануюць змяшчаць у
сацсетках фотаздымкі з тэкстам у падтрымку цэнтра «Радуга», які мясцовы
райвыканкам вырашыў ліквідаваць.
Пад хэштэгам #оставьтерадугу ў Мазыры набірае
папулярнасць размяшчэнне жахарамі горада ў сацыяльных сетках сваіх фотаздымкаў
з тэкстам «Пакіньце “Радугу” людзям
з асаблівасцямі развіцця». Гэтым жыхары горада выказваюць сваю салідарнасць з
наведнікамі цэнтра і іх бацькамі, а таксама нязгоду з рашэннем мясцовай улады. Праўда,
улада пакуль на грамадскае меркаванне ніяк не адрэагавала.
30 сакавіка старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка падпісала рашэнне пра
ліквідацыю цэнтра «Радуга». Ягоны будынак мяркуецца перадаць раённаму адзелу адукацыі (цяпер установа знаходзіцца ў
структуры цэнтральнай гарадской паліклінікі). Пацыентаў цэнтра, якія не
дасягнулі 18 гадоў плануюць перавесці ў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання
і рэабілітацыі пры РайАА, а паўнагадовых пацыентаў хочуць адправіць у
прыгарадную вёску Козенкі, дзе месціцца аддзяленне дзённага знаходжання
інвалідаў пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Абодва
гэтыя будынкі не маюць безбар’ернага асяроддзя і не прыстасаваныя нават для
простага знаходжання людзей з такімі дыягназамі, як у пацыентаў «Радугі».
Адсутнічае там і магчымасць атрымання медычных рэабілітацыйных працэдураў.