У Мазыры ўлады вырашылі закрыць рэабілітацыйны цэнтр для інвалідаў. Бацькі змагаюцца за яго захаванне
Андрусь ГАЁВЫ
06.04.2020
Мазырскі
райвыканкам прыняў рашэнне аб ліквідацыі ў горадзе ўнікальнага цэнтра медычнай
рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з псіханеўралагічнымі
захворваннямі «Радуга», створанага чвэрць стагоддзя таму з
дапамогай ахвяраванняў, у тым ліку і замежных. Бацькі пацыентаў цэнтра і
неабыякавыя мазырчукі імкнуцца захаваць установу.
Рашэнне пра ліквідацыю «Радугі» старшыня Мазырскага
райвыканкама Алена Паўлечка
падпісала 30 сакавіка. У ім гаворыцца, што ліквідаваць цэнтр вырашана паводле
прапановы Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклінікі, якой гэтая ўстанова
падначаленая.
Пасля прыняцця рашэння ў цэнтры «Радуга» сабралі на сход
супрацоўнікаў. Намесніца галоўнага лекара Мазырскай цэнтральнай гарадской
паліклінікі Галіна Будкоўская
зачытала рашэнне райвыканкама і паведаміла, што ўсім супрацоўнікам прапануюць
працоўныя месцы, а пацыентаў накіруюць у Цэнтр карэкцыйна-развіваючага
навучання і рэабілітацыі і Аддяленне дзённага знаходжання інвалідаў
Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Галіна Будкоўская. Скрыш-шот з відэа тэлеканала «Мозырь»
Гісторыя
Сёлета ў верасні Цэнтр медычнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых
інвалідаў «Радуга», які наведваюць каля 50 мазырчукоў, меўся адзначыць сваё
25-годдзе. Яго стварылі з ініцыятывы грамадскасці ў 1995 годзе. Будынак былога свайго
дзіцячага садка для ўладкавання цэнтра бескаштоўна аддаў тады Мазырскі
нафтаперапрацоўчы завод. Паводле словаў бацькоў, вялікіх намаганняў каштавала
прыстасаванне будынку пад патрэбы людзей з інваліднасцю і асабліва з цяжкімі
дыягназамі. Зроблена пашырэнне дзвярных праёмаў, з ранейшых групаў зрабілі
кабінеты для працэдураў, пераабсталявалі памяшканні прыбіральняў, такім чынам,
каб туды маглі бесперашкодна ўязджаць інвалідныя каляскі, усталяваны шырокі
ліфт, на якім чалавек у інваліднай калясцы можа бяспечна ўзнімацца на другі
паверх.
Акрамя таго, у цэнтры ўсталявалі ўнікальнае абсталяванне, якое дазваляе
выконваць працэдуры па медычнай рэабілітацыі дзяцей і дарослых інвалідаў з
цяжкімі неўралагічнымі разладаваннямі. Адмысловыя прылады і трэнажоры паслабляюць
напінанне цягліцаў, памяншаюць нагрузку на косці. На гэтым абсталяванні
працуюць кваліфікаваныя медычныя работнікі, якія не толькі навучаліся ў
адпаведных установах, але і праходзілі падрыхтоўку на міжнародных семінарах,
вывучаючы еўрапейскі досвед працы з людзьмі з інваліднасцю.
Абсталяванне «Радугі» рабілася ў большасці за кошт спонсарскіх грошай ад дабрачынных
арганізацыяў з Германіі ды іншых краінаў. Дапамагаў таксама Мазырскі
нафтаперапрацоўчы завод. Бацькі дзяцей, якія наведваюць цэнтр, таксама
шчыравалі на рамонтных работах і дагэтуль бралі актыўны ўдзел у касметычных
рамонтах памяшканняў, вырабе мэблі, абсталяванні тэрыторыі.
У 2016 годзе ўжо была спроба закрыць «Радугу». Але тады афіцыйнаму
рашэнню папярэднічаў сход бацькоў, на якім прадстаўнікі ўлады паведамілі пра свой
намер. У выніку грамадскай кампаніі супраціву, сабраных пад адпаведнай петыцыяй
подпісаў, ад сваёй задумы ўлады тады адмовіліся.
Цяперашняя адміністрацыя Алены Паўлечкі вырашыла дзейнічаць хітрэй. Цэнтр ліквідуюць
без усялякіх абмеркаванняў з бацькамі альбо калектывам. Іх проста паставілі
перад фактам, паведаміўшы пра ўжо прынятае рашэнне.
«Маё дзіця зноў сядзе ў
інваліднае крэсла»
Для пераважнай большасці пацыентаў «Радуга» – гэта адзіная
магчымасць падтрымліваць больш-менш годнае існаванне. Інваліды могуць
знаходзіцца ў цэнтры на працягу працоўнага дня. Пры гэтым яны не проста
стасуюцца між сабой і не адчуваюць сябе асаблівымі, яны яшчэ і лекуюцца. У
гэтым асноўнае адрозненне «Радугі» ад цэнтраў
карэкцыйна-развіваючага навучання і аддзяленняў дзённага знаходжання інвалідаў,
якія маюцца ў кожным райцэнтры Беларусі. Там дзейнасць скіраваная на
сацыялізацыю людзей з інваліднасцю. У «Радузе» ж спалучаная медыцына і
сацыялізацыя. Такіх цэнтраў няма больш ні ў адным райцэнтры Гомельшчыны.
Бацькі пацыентаў «Радугі» склалі дзве петыцыі на розных платформах, на якіх збіраюць подпісы за
захаванне цэнтра. Падпісацца можна тут
і тут.
Людзі штодня абмяркоўваюць плануемае закрыццё цэнтра, збіраючыся каля яго.
«Наша дачка Ангеліна ўжо не ў дзіцячым узросце. Ёй
прапануюць у Козенкі, дзе яна проста не зможа перасоўвацца. Хто там яе будзе
цягаць? А ў гэтым цэнтры ўсё прыстасавана для такіх, як яна. Я шчаслівы, што,
дзякуючы гэтаму цэнтру, мы з жонкай можам і самі працаваць, калі ж яго не
будзе, нам давядзецца выключна сядзець дома і глядзець сваё дзіця», –
гаворыць Леанід Суботка.
«У маёй Ксюшы сіндром Дауна. Але ж
яна такая таленавітая! Яна і спявае, і танчыць. Калі яна скончыла садок, лекары
рэкамендавалі менавіта «Радугу», хаця, нас тады ўжо хацелі накіраваць у ЦКРНіР. Лекары
тады так і казалі, каб ні ў якім разе туды не ішлі, бо там з нашай хваробай
нічога не зробяць. Так мы і трапілі сюды. І такой дапамогі як тут, мы не
атрымаем больш нідзе», – кажа Таццяна
Усікава.
«Я наведваю гэты цэнтр ужо 15 гадоў.
Ён для мяне стаў другой сям’ёй. Мне тут робяць электрафарэз, масаж…», –
кажа пацыент цэнтра Аляксандр Каваленка.
«Нам прапануюць у Козенкі. Гэта
гадзіну ў адзін бок, гадзіну ў другі. Каб мне самой працаваць, проста не будзе
часу. Там нам прапануюць проста сацыяльную накіраванасць – зносіны між сабой,
нейкае дэкаратыўна-пракладное мастацтва. А нам патрэбныя лячэбныя працэдуры.
Без іх маё дзіця проста зноў сядзе ў інваліднае крэсла», – дадае маці Аляксандра
Наталля Каваленка.
«Мы не ведаем, што мы з
імі будзем рабіць»
Разам з адной з актывістак групы бацькоў, якія спрабуюць адбараніць цэнтр «Радуга», Наталляй Бурак мы наведалі тыя самыя Козенкі, дзе размешчанае
аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН. Козенкі – гэта вёска за некалькі кіламетраў ад Мазыра. На ганку двухпавярховага будынку нас сустракае
загадчыца аддзялення Таццяна Кудра.
На просьбу Наталлі паглядзець у якія ўмовы прапануецца змясціць яе дачку, Таццяна
праводзіць нас па памяшканнях. Ужо каля першых жа дзвярэй Наталля кажа, што
каляска туды проста не пралезе. Падыйшоўшы да прыбіральні, на ўваходзе ў якую
размешчаная ракавіна ўмывальніка, яна зноў кажа, што ўскарыстацца прыбіральняй
дачка таксама не здолее. На другі паверх вядзе досыць пакручастая лесвіца ў тры
пралёты. Аніякага ліфта ці пад’ёмніка туды няма.
«Бачыце, у нас тут утульна, нашыя
рабяты прыязджаюць і з Мазыра і з іншых месцаў. Ад прыпынку тут прайсці
недалёка. А тут мы займаемся рознай творчасцю. У нас калектыў – восем супрацоўніц.
Усе гурткавікі па розных накірунках творчасці», – распавядае Таццяна Кудра, паказваючы ўтульныя памяшканні
розных гурткоў.
«Але ж вы разумееце, што нашыя дзеці
са значна больш цяжкімі дыягназамі? І мне трэба, каб мая дачка тут не адчувала
сябе інвалідам. Каб яна магла спакойна рухацца па памяшканні. Але ж тут яно
зусім не прыстасаванае для калясачнікаў!», – гаворыць Наталля Бурак і пытае
ці ёсць у штаце медычныя супрацоўнікі.
«У нас не так даўно праводзілі апытанне,
што патрэбна такім аддзяленням як нашае. У тым ліку і пыталі ці патрэбны нам
медык. І я тады з чыстым сумленнем адказала, што не трэба. З нашымі рабятамі
яму проста не будзе што рабіць. Хто ж ведаў, што да нас далучаць «Радугу»?! Я магу
зрабіць укол, магу вырваць зуб, ведаю як паводзіцца, калі прыпадак эпілепсіі.
Але ж адказнасць за такія хваробы, як у пацыентаў «Радугі»… Я не ведаю,
што я з імі буду рабіць. Калі нешта здарыцца, па галаве ж атрымаю я!», – роспачна разважае
загадчыца адзялення дзённага знаходжання інвалідаў.
Дарогаю ў Мазыр Наталля распавяла, што ў «Радузе» адразу на ўваходзе
маецца вялікае памяшканне калясачнай, дзе наведнікі пакідаюць свае каляскі,
калі іх забіраюць бацькі. І такім чынам каляску не трэба цягаць з цэнтра дамоў
і назад. У аддзяленні дзённага знаходжання для патрэбаў калясачнікаў няма
нічога ўвогуле.
Калясачная ў цэнтры «Радуга»
Мы яшчэ паспрабавалі трапіць і ў Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і
рэабілітацыі, які месціцца амаль насупраць Мазырскага райвыканкама. Але,
нягледзячы на працоўны дзень, ён чамусьці быў зачынены. Галоўны ўваход у стары будынак, які, відаць, раней быў проста школай, не мае нават пандуса. Пандус ёсць толькі каля бакавога ўваходу. Але ён
надта пакручасты, а ўваход у само памяшканне ідзе не наўпрост з пандуса – трэба
адчыняць дзверы і павярнаць каляскаю направа. Акрамя таго, бацькі дзяцей з «Радугі», якім прапануецца
наведваць гэты ЦКРНіР, распавялі, што падчас наведвання яго напярэдадні, лесвічны
пад’ёмнік так і не ўключыўся. Бацькі кажуць, што кіраўнікі апраўдваліся, што
дагэтуль патрэбы ў ім не ўзнікала, бо калясачнікі гэты цэнтр не наведваюць.
А ў садках – гандлёвыя цэнтры…
Мы спрабавалі на працягу чатырох дзён датэлефанавацца намесніку старшыні
Мазырскага райвыканкама, які курыруе сацыяльную сферу, Феліксу Галюку, каб даць магчымасць выказаць пазіцыю мазырскіх
уладаў у гэтым пытанні. Але працоўны тэлефон чыноўніка, пазначаны на сайце
выканкама, ні раніцай, ні перад і пасля абеду, ні ўвечары не адказваў.
Афіцыйная ж версія, агучаная ў мясцовых дзяржаўных СМІ, – у мікрараёне, дзе
месціцца «Радуга», існуе вострая патрэба ў дзіцячым садку.
Адзін з будынкаў, дзе калісьці месціўся дзіцячы садок. Цяпер гэта офісны будынак
Яшчэ адзін будынак дзіцячага садка
У той жа час, літаральна праз дарогу ад цэнтру для інвалідаў «Радуга» цяпер месціцца гандлёвы
цэнтр з такой самай назваю - «Радуга». І створаны ён таксама
ў будынку былога дзіцячага садка. І ў Мазыры такіх былых садкоў, дзе цяпер
гандаль, – ажно тры. Яшчэ адзін будынак былога садка перароблены пад офісныя
памяшканні. Адзін былы садок займае сам раённы аддзел адукацыі. Адзін ранейшы
садок – зянядбаны і амаль разбураны, ўлады хочуць прадаць. Але косткаю ў горле
мясцовым уладам чамусьці стаіць будынак унікальнага рэабілітацыйнага цэнтра, створанага
з мінімальным удзелам бюджэтных сродкаў, ад наяўнасці якога залежыць само жыццё
некалькіх дзясяткаў людзей з інваліднасцю самага вялікага горада Палесся.