Супраць пратэрміноўкі, гнілля і адсутнасці маркіроўкі. У Рэчыцу прыйшоў Народны кантроль
Андрусь ГАЁВЫ
07.02.2020
Рэчыца стала першым горадам палескага рэгіёну, дзе з’явілася аддзяленне грамадскай ініцыятывы «Народны кантроль». Таксама аддзяленні ёсць у Гомелі і Жлобіне.
Ініцыятыва мае на мэце абарону правоў спажыўцоў праз выключэнне рэалізацыі ў гандлёвых прадпрыемствах недабраякаснай прадукцыі, якая можа нанесці шкоду пакупнікам – пратэрмінаванай, сапсаванай, немаркіраванай.
«Вялікія гандлёвыя сеткі, якія рэалізуюць тысячы найменняў прадукцыі праз самаабслугоўванне, спарадзілі такую праблему, як адсутнасць належнага кантролю за тым, што прапануецца пакупнікам. А апошнія ў сваю чаргу, забегшы ў краму, каб набыць нешта патрэбнае, не могуць на ўсіх таварах правяраць налепкі, параўноўваць тэрміны вырабу і захоўвання. Наша мэта – каб тавараў, якія нельга прадаваць, на паліцах крамаў проста не было»,
– сцвярджае каардынатар абласной ініцыятывы Яўген Хадакоў.
Яўген ХАДАКОЎ
6 лютага ён наведаў Рэчыцу. Распавёў пра ініцыятыву мясцовым актывістам, а таксама, дарогаю да вакзала, правёў невялікую праверку супермаркета «Белмаркет», што месціцца на вуліцы Леніна 209а.
У найбліжэйшым да ўваходу – садавіна-агароднінавым аддзеле «Белмаркету» адразу кінуліся ў вочы падгнілыя, з парушанай лушпайкай бананы, заплеснелыя лімоны, пабіты перац, які пачаў гнісці, і мяккі, карычневы ад гніення гранат. Яўген усё гэта акуратна складае ў пакеты к кладзе ў вазок.
Фота: vk.com/narodnii__kontrol
У лядоўні з рыбнымі кансервамі чакала няўважлівага пакупніка скрынка падвэнджанай скумбрыі, якая і з выгляду, мякка кажучы, не выклікала апетыту, і належны ёй тэрмін пераляжала на паліцы амаль на на два тыдні. У каўбасным аддзеле 4 гатункі варанай каўбасы, тэрмін рэалізацыі якой ужо скончыўся. Акрамя таго, парушэнне яшчэ і ў тым, што на адрэзы каўбасаў не налепліваюцца стыкеры з датай і часам ускрыцця плёнкавай абалонкі.
«Рэч у тым, што тэрмін захоўвання каўбасных вырабаў пасля ўскрыцця плёнкавай абалонкі значна памяншаецца. І, купляючы такія тавары, трэба ведаць, калі канкрэтны батон каўбасы, рэшта якога ляжыць на вітрыне, разрэзалі, каб назаўтра, дастаўшы яго з лядоўні дома, не давялося выкідаць»,
– тлумачыць Яўген.
Фота: vk.com/narodnii__kontrol
Знайшлася пратэрміноўка і ў хлебным аддзеле. Тут уласная выпечка крамы аказалася пратэрмінаванай на 5 гадзінаў. Для такіх тавараў – гэта істотны тэрмін, бо гэтыя батоны дома ў пакупніка сапсуюцца хутчэй, чым можна разлічваць.
Набраўшы амаль поўны вазок розных тавараў з парушэннямі, Яўген падыходзіць да прадавачак і просіць паклікаць кіраўніцтва крамы. Загадчыца Святлана Грабцэвіч пагаджаецца з довадамі народнага кантралёра. У выніку пратэрмінаваныя і сапсаваныя тавары з рэалізацыі здымаюцца, складаецца акт на іх спісанне і іх прыводзяць у нетаварны выгляд.
«Шчыра кажучы, тое, што прапануюцца да рэалізацыі пратэрмінаваныя прадукты харчавання – гэта крытычнае парушэнне. Прычым, калі гэта тавар, тэрмін захоўвання якога скончыўся 19 студзеня, а сёння ўжо 6 лютага, цяжка зразумець, чаму яно ляжыць паўмесяца. Былі адсутнасці маркіровак – магчыма з-за таго, што ў прадаўцоў не хапае ведаў. З гэтым трэба таксама змагацца, толькі не метадамі пакаранняў, а метадамі навучальных гутарак. Тым не менш, збольшага крама чыстая, як і ў плане парадку, так і прадуктаў. Ідэальна, канешне, не будзе нідзе. Але, як мінімум пратэрмінаваных прадуктаў быць не павінна, я лічу. І не толькі я – так лічыць закон»,
– падсумаваў вынікі наведвання рэчыцкага «Белмаркету» Яўген Хадакоў.
Менавіта на нормах закону і грунтуе сваю дзейнасць грамадская ініцыятыва «Народны кантроль». Згодна з законам «Аб абароне правоў спажыўцоў» пакупнікі маюць права правяраць паказчыкі якасці тавараў, якія ім прапануецца набыць.
«Вельмі непрыемная сітуацыя склалася ў мяне з гандлёвай сеткай “Еўраопт”. Прынамсі ў гомельскіх крамах, а таксама ў Рагачове. Мы знаходзім вельмі шмат грубых парушэнняў. Але кіраўніцтва, замест таго, каб выпраўляць свае хібы, аб’явіла вайну мне. Даслалі мне ліст, у якім абвінавацілі паводле артыкулу аб самаўпраўстве – маўляў, я адмыслова шукаў у краме неналежныя тавары. На думку “Еўраопту” так могуць рабіць толькі дзяржаўныя кантралёры, а не пакупнік. Але яны не маюць рацыі! Менавіта пакупнікам і варта, найперш, быць абаронцамі сваіх цікавасцяў і выкрываць парушэнні гандляроў. І тут закон як раз на нашым баку. А паводле артыкула 12.17 КабАП Беларусі за рэалізацыю ці прапанову пратэрмінаваных прадуктаў гандляроў могуць аштрафаваць на суму да 500 базавых вялічыняў»,
– распавёў Яўген Хадакоў.
У Рэчыцы ўдзельніцай гэтай ініцыятывы стала вядомая фатографка Алена Шаўлоўская. Яна разам з Яўгенам у студзені наведалі рэчыцкі гіпермаркет «Еўраопт».
Алена ШАЎЛОЎСКАЯ. Архіўнае фота.
Тут у мясным аддзеле яны запатрабавалі заборныя лісты (дакументы, згодна з якімі прадукцыя ўласнай вытворчасці трапляе на вітрыну ў гандлёвую залу), а яны паказалі, што некаторыя мясныя марынады (загатоўкі для шашлыку) трэба зняць з продажу. Кіраўніцтва не спрачалася і знялі гэтыя тавары. Як звычайна «багатым» аказаўся «улоў» розных гнілушак у аддзеле садавіны і агародніны. Далей наведалі секцыю «Паспей купіць».
«”Паспей купіць” – хворае месца ў “Еўраоптах”. Тут часцяком рэалізуюцца не толькі тавары, у якіх набліжаецца сканчэнне тэрміну рэалізацыі, але і пратэрмінаваныя. Гэтым разам мы знайшлі пратэрмінаваную варана-вэнджаную каўбасу: стыкеры з датай вырабу былі альбо спецыяльна знятыя, альбо проста адсутнічалі. На адным батоне ўдалося разгледзець дату - аказалася, пратэрміноўка 3 дні. Адміністрацыя крамы тады не спрачалася, пагадзілася з намі, і яны прывялі знойдзеныя намі кепскія прадукты ў нетаварны выгляд. Без праблемаў далі кнігу скаргаў і праз два тыдні даслалі адказ»,
– распавяла Алена Шаўлоўская.
Хаця, да якасці свайго харчавання шмат хто з пакупнікоў, як пераканалася Алена, ставіцца абыякава.
«Некалькі дзён таму я ўбачыла зноў пратэрміноўку на мясных марынадах у “вялікім” Еўраопце, зрабіла заўвагу прадаўцу, на што пачула: “Я тут адна не разарвуся, вы ходзіце, а нам потым зарплату ўразаюць!” Стаяла чарга, людзі гэта чулі, але працягвалі купляць пратэрміноўку, таму што "спяшаюцца" і ў іх "моцныя страўнікі"»,
– здзіўляецца Алена.
Чытайце таксама:
Далучыцца да ініцыятывы «Народны кантроль» можа любы неабыякавы да сваіх правоў чалавек. Варта звязацца з каардынатарамі праз суполку ініцыятывы ў сацыяльнай сетцы УКантакце. Змаганне з парушэннямі правоў спажыўцоў гандлёвымі прадпрыемствамі чальцы гэтага аб’яднання вядуць на дабраахвотных пачатках, але лічаць, што робяць патрэбную для грамадства справу. І любога ахвочага ў гэтым удзельнічаць, тут навучаць патрабаванням законаў і падыходам, якія варта выкарыстоўваць падчас працы ў крамах.