Супрацоўніца гіпермаркета ў Рэчыцы: ахова здымала нас камерай відэаназірання ў жаночай распранальні

Андрусь ГАЁВЫ 23.01.2020

Пікантную сітуацыю распавяла Палескай Вясне супрацоўніца гіпермаркета Еўраопт, што размешчаны на скрыжаванні вуліцы Першамайскай са Светлагорскай шашой у Рэчыцы. Работніцы цэху, дзе вырабляюць паўфабрыкаты і гатовыя мясныя выбары, як вынікае з аповяду, сталі аб’ектам відэаназірання. Прычым – у жаночай распранальні з душавой.

Рэчыцкі гіпермаркет гандлёвай сеткі Еўраопт з’яўляецца свайго роду рэгіянальным цэнтрам, да якога «прывязаныя» пяць іншых больш дробных крамаў у самой Рэчыцы, а таксама навакольных раённых цэнтрах. Менавіта таму пры рэчыцкам Е-Сіці дзейнічае цэх, у якім вырабляюць розную мясную прадукцыю – сырыя фаршы, кілбасы, шашлыкі, галубцы і цэлы шэраг гатовых вырабаў – катлетаў, біточкаў, піцаў і іншае, якія потым развозяцца ў іншыя крамы.  

Менавіта ў гэтым цэху да канфлікту, які ўсчаўся ў краме на пачатку снежня мінулага года, працавала вырабніцай прадукцыі Ірына Басарановіч, якая звярнулася ў рэдакцыю Палескай Вясны.

Ірына БАСАРАНОВІЧ

«4 снежня нас усіх па чарзе па два чалавекі выклікалі, заводзілі ў адмысловы пакойчык аховы і там на кампутары паказвалі відэаздымкі. І там было бачна, як мы ў сваёй распранальні, дзе і душ разам, шафкі нашыя, дзе мы пераапранаемся, нехта трымае ў руцэ катлету, нехта піцу нейкую. І потым мы аплацілі кожная не па катлеце, а па кілаграму катлетаў. Мы ж усё ім пааплочвалі. Тады нам ужо сказалі, што як вы ўсё аплацілі, дык шуміху мы падымаць не будзем», – пачала распавядаць Ірына Басарановіч.

У той жа дзень яна паведаміла пра гэта свайму мужу Дзмітрыю. Той быў моцна абураны. Ён пачаў тэлефанаваць на гарачую лінію ААТ «Еўрагандаль» на тэлефон, які пазначаны на сайце кампаніі, бо іншых тэлефонаў знайсці не было дзе. Там Дзмітрыю сказалі, што гэтая лінія толькі для спажыўцоў, якія мусяць распавядаць туды пра якасць абслугоўвання ў крамах.

Дзмітрый БАСАРАНОВІЧ

«Потым я пачаў званіць на тэлефон нейкага аддзела па налічэнні зарплаты ў Гомельскую філію Еўрагандлю, які быў у маёй жонкі. Там я шмат чаго распавёў. Таксама напісаў скаргу ў кнігу заўваг і прапаноў гіпермаркета. Потым мяне паклікалі па тэлефоне туды ў краму і пачалі паказваць нейкія паперы, што камераў у распранальні не было. А я патрабаваў, каб у маёй прысутнасці знішчылі відэазапісы з жаночай распранальні, бо весці такія запісы – незаконна! Дырэктарка магазіна Алена Рудэнка сказала, што ні пра якія камеры нічога не ведае. Як у яе ў магазіне маглі ўсталёўваць нейкія камеры відэаназірання, потым рабіць разборкі з супрацоўніцамі, а яна пра іх нічога не ведае?!», – кажа Дзмітрый.

13 снежня Ірына падала заяву ў міліцыю, каб тая правяла праверку і прыцягнула да адказнасці вінаватых за несанкцыянаваныя відэаздымкі ў жаночай распранальні. Пад заявай падпісаліся амаль усе калегі Ірыны, якія глядзелі тыя запісы альбо ведалі пра іх. У краме кіраўніцтва разам з аховай правялі сход, дзе сцвярджалі, што апарат, які вісіць у жаночай распранальні – гэта проста датчык руху ахоўнай сігналізацыі. Пры гэтым, як раз пасля скандалу гэты апарат спачатку ўвогуле знялі, а потым замянілі крыху іншым. Але работнікі паспелі сфатаграфаваць тое, што яны лічылі камерай, да замены і пасля.

Прылада, якая вісела ў жаночай распранальні, калі жанчынам паказвалі кадры відэаназірання

 

Пасля скандалу, які распачаўся, прыладу знялі

 

Потым у распранальні з'явілася крыху іншая прылада

«Дык самае крыўднае, што тут яны злодзеяў злавілі – катлету там нехта з’еў у перапынку. А колькі мне падчас працы загадвалі перапрацоўваць пратэрмінаваныя і сапсаваныя фаршы з іншых крамаў, якія там не прадаліся?! Нам прывозілі тую прадукцыю, якая адлежала тыдзень ці колькі недзе ў Лоеве, не прадалася, і прымушалі дадаваць у свежы фарш, які мы рабілі. Аднойчы прывезлі кілаграмаў пяць фаршу, які ўжо добра так смярдзеў, слізкі быў. Я адмовілася яго некуды дадаваць, бо ён папросту сапсуе мае вырабы. Узняўся цэлы скандал. За тое, што я спісвала б сапсаваныя і пратэрмінаваныя прадукты мне пагражалі вылічыць грошы з майго заробку. У выніку мусіла пасыпаць той фарш бактыцыдам – гэта спецыяльны парашок, які дні на два забівае пах і надае выгляд свежасці, дадаць усялякіх прыправаў – і ў галубцы. Там пад капустай ніхто нюхаць не будзе. І такое адбывалася не раз і не два. Крылы курыныя, галёнкі, сцёгны, якія даўно недзе ляжаць – замочым у рошчыне таго бактыцыду, яны смярдзець перастануць, і – на вітрыну, прадаваць. А, калі мы выкарыстоўваем сапсаваны фарш, які павінен спісвацца, значыць кудысьці сыходзіць нармальнае мяса?! Тут ніхто ніякіх крадзяжоў не бачыць? А многія ў краме бачылі, і не толькі гэта, шмат чаго бачылі!», – абураецца Ірына.

Пасля звароту ў міліцыю на Ірыну Басарановіч пачалося паляванне. І яна трапіла ў пастку. 14 снежня ў яе быў дзень народзінаў. У сям’і яна адзначыла свята. А 15 снежня, ведаючы пра дату, упершыню за працяглы час, на працы яе праверылі на алкатэстэры, які паказаў нейкія там праміле, якія засталіся пасля ўчорашняе бяседы. У выніку яе звольнілі паводле артыкула за з’яўленне на працы ў стане алкагольнага ап’янення.

У цэху вытворчасці мясных вырабаў

Тое, што ім паказвалі кадры відэаназірання з распранальні, нам пацьвердзілі і яшчэ дзве жанчыны, якія дагэтуль працуюць у гэтым гіпермаркеце. Але, мы не можам раскрываць іхніх імёнаў з-за таго, што яны баяцца звальнення.

Паводле пададзенай у міліцыю заявы ўчастковы інспектар маёр Віталь Скрыпчанка правёў праверку. Ён прагледзеў архіўныя запісы на кампутарах аховы крамы, паглядзеў, што вісіць у жаночай распранальні, не знайшоўшы ні відэазапісаў з распранальні, ні камеры ў ёй. Таму міліцыянт зрабіў  выснову, што прыкметаў крымінальнага злачынства альбо адміністрацыйнага правапарушэння няма. Басарановічы зараз абскарджваюць вынікі праверкі ў іншыя кантралюючыя органы. 


Мы паспрабавалі ўзяць каментар пра сітуацыю ў кіраўніцтва гіпермаркета, каб падаць і ягоны пункт гледжання на сітуацыю. Але зрабіць гэта аказалася вельмі няпроста. Тэлефонаў кіраўніцтва рэчыцкага «гіперу» няма на сайце гандлёвай кампанніі. Давялося шукаць праз даведачную службу, у якой аказаўся толькі тэлефон адміністратара крамы. З пятай спробы датэлефанавацца на гэты нумар, там, усё ж, узнялі слухаўку і паклікалі да яе дырэктарку гіпермаркету. Але, як аказалася, яна і сапраўды не ведае пра тое, хто і за кім у ейнай краме назірае. 

«Я вам па гэтым пытанні нічога патлумачыць не магу. Гэта трэба звяртацца вам да нашага кіраўніцтва, у прыватнасці, у аддзел аховы ў філіяле», – адказала на наша пытанне дырэктарка крамы Алена Рудэнка.

Мы ўдакладнілі, што яна ж дырэктарка крамы, дзе ўсё гэта адбывалася.

«Гэта не ў маёй кампетэнцыі. Я не займаюся ахоўнай дзейнасцю гэтай крамы. Гэта займаецца аддзел аховы. Таму ўсе каментары, на ўсе пытанні, яны ўпаўнаважаныя адказваць», – рэзюмавала дырэктарка.

Дачакацца таго, каб тэлефон аддзелу аховы адказаў, таксама было складана. Урэшце, на іншым канцы дроту пачуўся чыйсці голас. Але яго ўладальнік, як высветлілася проста прыехаў з Мінску і сядзіць у кабіненце, не ведаючы чый гэта кабінет і хто можа неша патлумачыць у пытанні, якое нас цікавіць.

Але ў нас атрымалася знайсці мабільны тэлефон начальніка аддзелу аховы аб’ектаў ААТ «Еўрагандаль» па Гомелю і Гомельскай вобласці Мікалая Спірыдовіча. На нашую просьбу выкласці сваё гледзішча ён адказаў наступнае:

«Я не ведаю хто вы і што вы і па тэлефоне  ніякіх каментароў не даю».

У нас няма падставаў не верыць Ірыне Басарановіч. У той жа час, мы шчыра імкнуліся быць бесстароннімі і прадставіць меркаванне пра гэтую гісторыю гандлёвага прадпрыемства. Але яго мы мусім прадставіць толькі ў выглядзе папераў, якімі яно адказвала на звароты Ірыны і яе мужа.