Улады Рэчыцы за паўдня да пачатку адмянілі прэзентацыю плану забудовы мікрараёна на месцы зялёнай зоны.
Палеская Вясна
05.06.2020
Планы гарадскіх
уладаў пабудаваць новы мікрараён на месцы адзінай у горадзе зялёнай зоны
сталага ўзросту выклікалі непрыманне вялікай колькасці гараджан. Людзі збіраюць
подпісы супраць.
Рэчыцкі райвыканкам абвясціў грамадскае абмеркаванне
дэтальнага плану забудовы ўчатка, плошчаю 8,54 гектары на скрыжаванні вуліц
Савецкай і Моладзевай. Зараз там знаходзіцца адзіная зялёная зона са сталых
дрэваў, якая захавалася ў горадзе.
На 6 чэрвеня а 10-й гадзене ў Гарадскім палацы
культуры была абвешчаная прэзентацыя гэтага праекту. Але менш чым за суткі да яе на сайце Рэчыцкага райвыканкаму з'явілася паведамленне, што прэзентацыі не будзе. «У сувязі з неспрыяльна склаўшымся эпідэміялагічным становішчам і з мэтай недапушчэння распаўсюджвання віруснай інфекцыі ў месцах масавых скапленняў людзей, правесці 2020/06/06 г. прэзентацыю па праекце «Дэталёвы план раёна шматпавярховай жылой забудовы па вул. Моладзевай ў г. Рэчыца» не прадастаўляецца магчымым», - напісалі чыноўнікі. Яны прапануюць ісці знаёміцца з планам каля аддзелу архітэктуры і будаўніцтва па адрасе вул. Савецкая, д. 80, 4 паверх каля кабінета 4-17.
Каарднытар Таварыства «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў пракаментаваў для Палескай Вясны сітуацыю, якая склалася, такім чынам:
«Прэзентацыя праекта - абавязковы складнік правядзення грамадскіх абмеркаванняў. Аб гэтым гаворыцца ў пунктах 9 і 11 "Палажэння аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці”. Адмена прэзентацыі праекта і спасылка Рэчыцкага райвыканкама на неспрыяльную эпідэміялагічную сітуацыю выглядае хутчэй маніпуляцыяй працэдурамі, чым рэальным станам рэчаў. Бо ў выпадку неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі трэба альбо пераносіць грамадскія абмеркаванні на час, калі сітуацыя з COVID-19 нармалізуецца. Альбо павялічваць тэрміны грамадскага абмеркавання, каб даць гараджанам больш часу атрымаць адказы на свае пытанні па праекце, якія б яны маглі атрымаць на прэзентацыі, альбо праводзіць прэзентацыю ў анлайн-фармаце. Нічага з гэтага не зроблена, таму гараджане могуць прапаноўваць Рэчыцкаму райвыканкаму гэтыя варыянты, а ў выпадку адмовы ад іх, абскарджваць вынікі і працэдуру грамадскага абмеркавання ў органах пракуратуры»
Тым часам рэчычане збіраюць подпісы пад петыцыяй супраць знішчэння
зялёнай зоны. Усяго за палову дня петыцыя сабрала больш за 60 подпісаў.