У Рэчыцы ўлады хочуць пабудаваць мікрараён на месцы зялёнай зоны, якая бароніць горад ад прамысловай зоны і чыгункі?
Андрусь ГАЁВЫ
27.05.2020
З 26 траўня і па
19 чэрвеня абвешчана грамадскае абмеркаванне намераў уладаў Рэчыцы збудаваць
новы мікрараён з 10-павярховых дамоў на скрыжаванні вуліц Моладзевай і
Савецкай.
Мяркуецца, што на ўчастку, плошчаю 8,54 гектара,
пабудуюць 10-павярховыя шматкватэрныя дамы, у двух з якіх будуць убудаваныя
грамадскія памяшканні, асобную краму, шматузроўневую паркоўку на 500
машынамесцаў. Аб’екты сацкультбыту тут не праектуюцца, бо «неабходны
ўзровень сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання забяспечваецца існуючымі ўстановамі
сацыяльнага забеспячэння і медычнага абслугоўвання, спартовымі збудаваннямі,
прадпрыемствамі гандлю і грамадскага харчавання, дзіцячымі пазашкольнымі і
культурнымі установамі, побытавага і камунальнага абслугоўвання, якія
знаходзяцца ў межах пешаходнай і транспартнай дасяжнасці».
Ад 26 траўня на чацвёртым паверсе Комплексу гандлю і
паслуг (былы Дом быту), там, дзе месціцца аддзел архітэктуры і
горадабудаўніцтва райвыканкама, павінна была пачацца экспазіцыя дэталёвага плану
мікрараёна, які плануецца пабудаваць. Але, у пазначаным месцы 26 траўня аніякіх
матэрыялаў, што б тычыліся такіх праектаў, карэспандэнт Палескай Вясны не
пабачыў.
Мы паспрабавалі звярнуцца ў сам аддзел архітэктуры і горадабудаўніцтва Рэчыцкага райвыканкама. Там
мы заспелі толькі аднаго супрацоўніка, які паведаміў, што нічога пра такія
планы не чуў. А гэтым праектам, хутчэй за ўсё, займалася асабіста начальніца
аддзела Лідзія Скакун, але яна ў
цяперашні час на бальнічным.
Такім чынам, можна канстатаваць, што ўлада, размесціўшы ў
мясцовым дзяржаўным СМІ інфармацыю пра пачатак экспазіцыі і грамадскага
абмеркавання дэталёвага плана, але не размясціўшы экспазіцыю, фактычна
падманула насельніцтва горада. Тым не менш, падобныя планы ўлады гараджанамі
ўспрымаюцца вельмі неадназначна.
У паведамленні пра пачатак грамадскага абмеркавання не
гаворыцца, які канкрэтна ўчастак маецца на ўвазе. Але ж найбольш імаверна гэта
- парк, створаны каля былога сухотнага дыспансера. На скрыжаванні Моладзевай і
Савецкай іншых вольных участкаў, плошчаю 8,54 гектара няма. На цяперашні час
гэты парк – адзіная зялёная зона ў горадзе, здольная ў поўнай меры выконваць
экалагічныя функцыі.
Яна абараняе жылыя мікрараёны заходняй часткі горада, ды
і сам цэнтр ад шкоднага ўплыву прамысловай зоны і чыгункі. Парк Перамогі, размешчаны
бліжэй да цэнтра горада, знявечаны. Некалькі гадоў таму там знішчылі амаль усе
старыя дрэвы. З таго часу камунальная гаспадарка пры дапамозе шкаляроў спрабуе
аднавіць зялёныя пасадкі ў парку, але гэта ў іх дужа кепска атрымліваецца.
Высаджаныя кожныя весну і восень сотні дзічкоў клёнаў і бяроз, якія лясгас ірве
ў прыгарадным лесе каля рэчкі Ведрыч, амаль не пражываюцца і гінуць. Тыя ж, што
выжываюць, стаяць кволыя і ніякай экалагічнай ролі не адыгрываюць.
Зялёная зона вакол былога сухотнага дыспансеру складаецца
з даволі сталых дрэваў ясеня, ліпы, клёнаў, каштанаў, елак, таполяў. Дрэвы
маюць развітыя кроны і здольныя затрымліваць пыл, розныя цвёрдыя часткі,
дэпанаваць кісларод у гарадское паветра. Акрамя таго, гэтая зялёная зона
з’яўляецца натуральным прытулкам для гарадской фауны. Ну і, вядома ж, месцам
адпачынку гараджан.
Раней паўз ускраек гэтага зялёнага масіва паўз вуліцу
Моладзевую ўжо збудавалі два шматпавярховыя дамы. Паміж імі гэтым масівам мы
сустрэлі маладую жанчыну, якая каціла дзіцячы вазок. Яна папрасіла не
фатаграфаваць яе, але прадставілася Таццянай. Жыве ў адным з дамоў на ўскрайку
гэтай зялёнай зоны.
«Канешне, да
такіх планаў я стаўлюся рэзка адмоўна. У мяне зараз малое дзіця, яно будзе
падрастаць. Нам падабаецца шпацыраваць у гэтай зялёнай зоне. І, калі тут трошкі
добраўпарадкаваць, на адкрытым абшары паставіць нейкія прылады для адпачынку, спорту – гэта будзе вельмі цудоўная
зона. У нас тут побач дрэваапрацоўшчае аб’яднанне, там грукоча чыгунка. А гэтыя
насаджэнні абараняюць нашыя дамы ад выкідаў і грукату. Я не разумею, няўжо ў
горадзе больш няма дзе будаваць тыя мікрараёны?!», – сказала
спадарыня Таццяна.
Ці перанясуць тэрміны грамадскага абмеркавання дэталёвага
плану, у сувязі з тым, што ўлада не забяспечыла своечасовы пачатак дэманстрацыі
экспазіцыі сваіх намераў, як абвяшчала, нам высветліць не ўдалося. 6 чэрвеня а
10.00 гадзіне ў Гарадскім палацы культуры на вуліцы Савецкай, 84 у Рэчыцы
абвешчаная прэзентацыя гэтага праекту.
Пакуль жа жыхары горада могуць накіроўваць свае заўвагі і
прапановы па праекце арганізатару грамадскага абмеркавання (Рэчыцкаму
райвыканкаму) ў электронным выгладзе на e-mail rik@rechitsa.by альбо ў пісьмовым выглядзе на
адрас 247500, пл. Кастрычніка, 6, г. Рэчыца. Заўвагі і прапановы, якія
паступяць у выканкам разгледзіць горадабудаўнічая рада пры аддзеле архітэктуры.
Цяпер ад актыўнасці гараджан залежыць, ці застанецца ў
горадзе адзіная больш-менш вартая зялёная зона, ці на яе месцы паўстануць тыпавыя
шматпавярховікі.