Рэабілітацыйны цэнтр «Радуга» ў Мазыры адбаранілі. Улады паабяцалі яго захаваць і зрабіць абласным
Андрусь ГАЁВЫ
05.06.2020
Старшыня
Гомельскага абвыканкама Генадзь Салавей паабяцаў бацькам наведвальнікаў цэнтру
рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга», што рашэнне Мазырскага райвыканкама ад 30 сакавіка будзе
адменена. Афіцыйны дакумент з’явіцца ўжо ў найбліжэйшы панядзелак ці ў аўторак.
4 чэрвеня ў Мазырскім райвыканкаме адбылася сустрэча бацькоў наведвальнікаў
цэнтра «Радуга» з кіраўніком Гомельскай вобласці Генадзем Салаўём і старшынёй Мазырскага райвыканкма Аленай Паўлечкай. На сустрэчы
прысутнічалі таксама іншыя кіраўнікі профільных упраўленняў і аддзелаў вобласці
і раёну.
Генадзь Салавей, спазніўшыся на сустрэчу амаль на паўгадзіны, паведаміў,
што яны з Аленай Паўлечкай аб’язджалі горад і шукалі варыянты вырашэння
праблемы недахопу месцаў у дзіцячых садках. Наконт далейшага лёсу «Радугі» Салавей сказаў, што ім
прынята рашэнне аб тым, што «Радуга» мусіць працягваць сваё
існаванне, але, хутчэй за ўсё, у наступным годзе перажыве рэфармаванне.
Абласным уладам бачыцца, што цэнтр «Радуга» павінен пашырыць
геаграфію ахопу людзей сваімі паслугамі і стаць абласным рэабілітацыйным
цэнтрам. Пры гэтым ён стане падначальвацца не Мазырскай гарадской паліклініцы,
а камітэту па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.
Генадзь Салавей на сустрэчы шмат разоў паўтарыў, што ў гэтым годзе ў Палаце
прадстаўнікоў разглядаецца праект нарматыўнага акту, які будзе рэгуляваць
адносіны ў сферы дапамогі і рэабілітацыі людзей з інваліднасцю. Да прыняцця
гэтага заканадаўчага акту «Радуга» працягне сваё
існаванне ў тым фармаце, у якім яна працуе і цяпер. На гэты год, паводле
Генадзя Салаўя, у бюджэце ўжо былі выдаткаваныя сродкі на фінансаванне працы
цэнтра. А, калі новы закон будзе прыняты, у адпаведнасці з ім пачнецца перапрафіляванне
«Радугі» ў абласны
рэабілітацыйны цэнтр.
Наталля БУРАК. Архіўнае фота
Бацькі наведвальнікаў «Радугі» змагаліся за яго захаванне
на працягу двух месяцаў. За гэты час яны атрымалі вялікую колькасць адпісак з
інстанцыяў самага рознага ўзроўню. Таму, калі на трыбуну выйшла адна з актывістак
бацькоўскага змагання за «Радугу» Наталля Бурак,
яна найперш спытала ці адмяняецца рашэнне Мазырскага райвыканкама аб ліквідацыі
цэнтра «Радуга»? На гэта Генадзь Салавей заявіў:
«Я, як губернатар,
і Алена Фёдараўна [Алена Паўлечка,
старшыня Мазырскага райвыканкама] адмяняем
прынятае рашэнне!»
Бацькі наведвальнікаў цэнтра «Радуга».
Таксама Наталлю Бурак хвалявала тое, якую ўзроставую
катэгорыю будзе прымаць цэнтр «Радуга» пасля яго рэфармавання. Тлумачэнні на гэта даваў
старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Пётр Шуцько. Паводле яго, цэнтр будзе
працаваць не толькі з дзецьмі, але і з маладымі інвалідамі, старэйшымі за 18
гадоў.
Таксама Генадзь Салавей акцэнтаваў увагу на тым, што цяперашні кіраўнік
цэнтра «Радуга» не адпавядае патрабаванням і не выконвае свае фунукцыі.
«Калі ў цябе там шпалерына
адляпілася і ты там ходзіш паглядаеш на гэта, дык я ж за цябе працаваць не
буду!», – сказаў кіраўнік вобласці галоўнаму лекару цэнтра Андрэю Міхедаву.
Салавей запатрабаваў ад кіраўніцтва медыцынскай галіны вобласці знайсці
зацікаўленага ў развіцці «Радугі» чалавека на пасаду
кіраўніка цэнтра.
Алена Паўлечка ў сваю чаргу задалася пытаннем за старшыні Мазырскай пярвічнай
арганізацыі Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Валянціны Бічыкавай, ці накіроўвала
арганізацыя свае прапановы да распрацоўваемага законапраекта.
«Мы
ў райвыканкаме распрацавалі і накіравалі ў парламент дваццаць канкрэтных
прапановаў, а што гэтыя два месяцы рабілі вы?», – пыталася кіраўніца Мазырскага
райвыканкама.
Валянціна Бічыкава распавяла, што іх грамадская арганізацыя сабрала
падобныя прапановы з усёй краіны, у тым ліку і з мазырскай «пярвічкі» і таксама
накіравала ў парламент. Мазырскаму ж райвыканкаму яна прапанавала супрацу,
дапамогу замежных арганізацыяў у падрыхтоўцы спецыялістаў для маючага стаць
абласным цэнтра, стажыроўку іх у еўрапейскіх краінах, набыццё неабходнага
інвентару і абсталявання, за выключэннем медычнага.
Кіраўнікі вобласці і раёна прапанову Валянціны Бічыкавай нібыта не
заўважылі. Генадзь Салавей сказаў, што ім не трэба грамадскія арганізацыі і
паставіў усім задачу да панядзелка падрыхтаваць прапановы ў мяркуемы закон, каб
ён за сваім подпісам накіраваў іх у адпаведныя вышэйшыя дзяржаўныя органы.
Напрыканцы сустрэчы Дана Блізнец, маці, чыя дачка наведвае цэнтр «Радуга», якая займалася
юрыдычным бокам зносінаў з дзяржаўнымі органамі падчас абароны цэнтра, зноў
звярнулася да Генадзя Салаўя, сказаўшы:
«Я – юрыст. Я разумею, што вы далі абяцанне, але мне, як юрысту, важны
афіцыйны дакумент пра адмену рашэння аб ліквідацыі цэнтра. Ён ёсць?»
Генадзь Салавей адказаў:
«Рашэнне
райвыканкама прымаецца. Яно будзе ў панядзелак ці ў аўторак».