«Там не рацыянальна расходуюцца грошы». Старшыня райвыканкама ў Мазыры патлумачыла чаму вырашыла закрыць цэнтр рэабілітацыі інвалідаў
Андрусь ГАЁВЫ
09.04.2020
Бацькі, чые
дзеці пакуль яшчэ наведваюць унікальны цэнтр медычнай рэабілітацыі
дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга», схадзілі на прыём да старшыні
Мазырскага райвыканкама.
Алена ПАЎЛЕЧКА. Фота: belta.by
Кіраўніца мазырскай вертыкалі Алена Паўлечка сустракалася з бацькамі не адна. Яе падтрымлівалі ейны
намеснік па сацыяльнай сферы Фелікс
Галюк, адказныя асобы з раённага аддзела адукацыі, гарадской паліклінікі,
дэпутат райсавета. Пры гэтым, як зразумелі бацькі, пытанне адмены рашэння аб
закрыцці «Радугі» мясцовыя ўлады нават не жадаюць разглядаць.
«Я звечара
падрыхтавала словы, якія я павінна сказаць. Вельмі старанна ўсё прадумвала, каб
было аргументавана ды не вельмі рэзка. Але, калі я пачала казаць, Алена
Фёдараўна апусціла вочы ў нейкія паперы, што лажалі перад ёй, пачала іх
перагортваць і на мяне нават ні разу не зірнула. Такое ўражанне было, што ці то
я нешта спрабую да яе данесці, ці за вакном спяваюць птушкі – кіраўніцы раёна
было аднолькава», – дзеліцца ўражаннямі Наталля
Бурак, чыя дачка зараз наведвае цэнтр «Радуга».
Наталля БУРАК
Бацькі спрабавалі даведацца ў прадстаўнікоў улады, што
зрабілася прычынай закрыцця ўнікальнага цэнтра, які мае не толькі патрэбнае
абсталяванне для паўнавартаснай медычнай рэабілітацыі людзей з інваліднасцю,
але і багаты досвед спецыялістаў у працы з такімі дзецьмі і маладымі людзьмі.
Паводле словаў бацькоў, Алена Паўлечка адказала, што падчас праверкі цэнтра «Радуга»
выявілася, што там нерацыянальна расходуюцца грошы. На гэтую заяву бацькі
адказалі, што ў гэтым віна як раз органаў улады, якія не кантралявалі належным
чынам дзейнасць цэнтра і працяглы час прызначаюць кіраўнікамі туды абыякавых і
кепска знаёмых з патрэбамі людзей з інваліднасцю функцыянераў, якія не надта хвалююцца
за развіццё цэнтра.
Кіраўніца выканкама выказала меркаванне, што больш практычна
будзе праводзіць рэабілітацыю на базе іншых установаў для інвалідаў – цэнтра
карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі пры раённым аддзеле адукацыі і
аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага
абслугоўвання насельніцтва. На заўвагу бацькоў пра тое, што ў аддзяленні
дзённага знаходжання адсутнічае неабходнае абсталяванне для рэабілітацыйных
медычных працэдураў прагучала дзіўная рэпліка, што людзям з інваліднасцю,
старэйшым за 18 гадоў, рэабілітацыя ўжо не патрэбна.
Бацькі распавялі кіраўніцы раённай улады, што ні
аддзяленне дзённага знаходжання, ці ЦКРНіР зусім не прыстасаваныя для
абслугоўвання інвалідаў-калясачнікаў і інвалідаў з больш цяжкімі дыягназамі.
Алена Паўлечка сказала, што проста цяпер нікога на вуліцу
не выганяюць, а ва ўлады ёсць яшчэ тры месяцы, каб падрыхтаваць мяркуемыя для
прыёму пацыентаў «Радугі» цэнтры да такога ж стану, які маецца ў «Радузе».
Бацькі не разумеюць, навошта вынішчаць тое,
што створана і дзейнічае, каб на новых месцах спрабаваць стварыць такое самае.
«Калі б перад
тым, як прымаць рашэнне пра закрыццё «Радугі» ўлады падрыхтавалі хаця б нешта
падобнае да нашага цэнтра і паказалі мне, што маё дзіця трапіць у не горшыя
ўмовы, чым тыя, дзе яно знаходзіцца зараз, я б сядзела спакойна і аніякай
актыўнасці супраць рашэння закрыць «Радугу» не прадпрыймала. Але ж нам сёння
толькі даюць абяцанкі. Натуральна ж, што ім ніхто даўно не верыць. Нашыя
стасункі з раённай уладай нагадваюць тэатр абсурду!», – падсумавала
вынік сустрэчы Наталля Бурак.
30 сакавіка Мазырскі райвыканкам прыняў рашэнне аб ліквідацыі
цэнтра медычнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга».
Гэта ўнікальны цэнтр, аналагаў якому няма ў іншых раёнах Гомельшчыны. У ім
дзеці і дарослыя да 31 года з інваліднасцю праходзяць не толькі сацыялізацыйныя
заняткі, але і медычныя рэабілітацыйныя працэдуры. Цэнтр стварылі на ініцыятыву
грамадскасці з дапамогай замежных фундатараў і неабыякавых жыхароў Мазыра, кіраўнікоў
буйных мазырскіх прадпрыемстваў у 1995 годзе. Зараз раённыя ўлады хочуць
перарабіць будынак цэнтра ў дзіцячы садок, якіх, на думку чыноўнікаў, не хапае
ў Мазыры. Бацькі дзяцей, якія наведваюць цэнтр распачалі змаганне за захаванне «Радугі».