У Ельску пчалярка перадала лякарні вядро мёду

Палеская Вясна 09.04.2020

Жыхарка Ельску вырашыла падтрымаць ініцыятыву пчаляроў Латвіі, якія разам сабралі і перадалі тамтэйшым медыкам больш за дзве тоны мёду.

Марыя Зыль мае ўласную пчалярню ў вёсцы Востраў, што месціцца недалёка ад Ельску. Разумеючы небяспеку для работнікаў медыцыны ва ўмовах пандэміі каранавірусу COVID-19, жанчына вырашыла падтрымаць ельскіх медыкаў.


Галоўны лекар Ельскай цэнтральнай раённай лякарні Канстантын КЛІМЯНОК трымае мёд, перададзены Марыяй ЗЫЛЬ (у цэнтры). Фота: архіў М. Зыль. 

«Мёд – гэта вельмі карысны прадукт, які дазваляе ўмацаваць імунітэт арганізма. І падарыць нашай лякарні гэты мёд – хіба што, усё, што я магу зрабіць, каб падтрымаць дактароў, медсясцёр і санітарак, якія знаходзяцца на першым краі барацьбы з распаўсюджваннем небяспечнага вірусу. Няхай яны ласуюцца і самі не хварэюць, ды не дапускаюць пранікнення хваробы на ельшчыну!», – кажа Марыя Зыль.

Дарэчы, менавіта зараз ідзе судовае разбіральніцтва аб кампенсацыі за гібель пчолаў Марыі, якая здарылася ў траўні мінулага года ў выніку атручвання хімікатамі, якія мясцовае КСУП «Ельск» без папярэджання насельніцтва ўжыла на недалёкім ад пчалярні полі. Тады загінулі амаль усе пчоласем’і і давялося нанова купляць раі і аднаўляць пчалярню. Сваіх правоў пчалярка і яе дачка Паліна Зыль не могуць абараніць ужо амаль год.