Няправільныя пчолы? Атрыманне кампенсацыі за страчаную пчалярню стала хаджэннем па бюракратычным коле
Андрусь ГАЁВЫ
03.09.2019
Дзве жыхаркі Ельска не могуць аднавіць свае правы і атрымаць каменсацыю за знішчаную сельгаспрадпремствам маёмасць.
Яшчэ 28 траўня сельгаспрадпрыемства «Ельск» апрацавала на сваіх палетках пасевы гароху ад тлі. Пры гэтым выкарыстоўваўся асабліва небяспечны для пчолаў інсектыцыд «Актара». Пчаляроў Ельска і прылеглых вёсак, якія месцяцца найбліжэй да палетку, дзе рабілася апрацоўка, нават не папярэдзілі.
Пацярпелі не менш за 5 пчаляроў, пчалярні якіх знаходзяцца ў самім Ельску, а таксама ў вёсках Востраў і Пчэльнік. Некаторыя пабаяліся бараніць свае правы, бо самі працуюць у гаспадарцы альбо ў іншых дзяржаўных арганізацыях. Іншыя ж наважыліся атрымаць кампесацыю за страчаных пчол. Аднымі з такіх стала сям’я Зыль – маці Марыя і дачка Паліна, а таксама сын Уладзімір. Іхняя пчалярня найбольш пацярпела, яны страцілі 14 пчоласем’яў і мусілі ўсё аднаўляць адпачатку.
Справа ад дарогі - узаранае поле, на якім рос апрацаваны інсетыцыдам у траўні гарох, злева на даляглядзе - вёска Востраў, дзе месціцца пасека сям'і Зыль.
Асабліва жанчын засмучае тое, што пчалярня засталася ім як спадчына ад бацькі, які два гады таму нечакана і вельмі хутка памёр ад анкалагічнага захворвання. Гэта быў плён ягонай працы, перададзены жонцы, дачцэ і сыну, якія, выходзіць, не здолелі яго зберагчы.
Калі ў Ельску высветлілі, што пачалі мерці пчолы, Марыя Зыль адразу ж выклікала на сваю пчалярню міліцыю, галоўнага ветэрынарнага лекара Ельскага раёна і прадстаўніка Следчага камітэта, якія засведчылі, што сапраўды адбыўся масавы мор пчолаў і адабралі ўзоры падмору, каб вызначыць рэчыва, ад якога яны мерлі. Але некалькі дзён узоры так і не передавалі ў адпаведныя лабараторыі, а ў Ельску ўстановаў, якія могуць выканаць такі аналіз, папросту няма. У выніку праз пяць дзён Паліна Зыль сама паехала ў Менск і, заплаціўшы 100 рублёў за аналіз, зрабіла яго ў Беларускім дзяржаўным інстытуце метралогіі. У пчолах знайшлі дастаткова высокую канцэнтрацыю тае самае «Актары», якой КСУП «Ельск» труціў тлю на недалёкім ад пчалярні полі.
Шкоду, нанесеную сваёй гаспадарцы гаспадарцы, жанчыны ацэньваюць мінімальна ў 8,5 тысячы рублёў. Гэта і кошт недаатрыманага мёду, і неабходнасць набыцця новых рояў.
У распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да адказных асобаў гаспадаркі міліцыя адмовіла з-за адсутнасці складу злачынства, паведаміўшы, што пацярпелым трэба звяртацца ў суд, каб у грамадзянскім парадку спагнаць нанесеную шкоду. І тут для сям’і Зыль пачалося хаджэнне па зачараванаму заганнаму колу беларускай бюракратыі.
Кіраўніцтва гаспадаркі сцвярджае, што пчалярні ў Зыль не зарэгістраваныя, хаця гаспадыні лічаць, што закон дазваляе ім трымаць па пяць вулляў на аднаго чалавека без усялякай рэгістрацыі. Кіраўніца сельгаспрадпрыемства Ірына Сышчанка сцвярджае, што не магла абвясціць Зылёў, бо не ведала, што ў іх ёсць пчолы. Але ж адпаведная інструкцыя Міністэрства здароўя патрабуе каб апавяшчэнне пры ўжыванні ядахімікатаў ажыццяўлялася праз сродкі масавай інфармацыі, незалежна ад таго, ці ёсць у каго пчолы, ці няма. Гэта кіраўнікі гаспадаркі не зрабілі.
Паводле вынікаў міліцэйскай праверкі галоўная аграномка КСУП «Ельск» перад атручваннем тлі вывесіла аб’явы на дошцы каля сельсавету ў вёсцы Рэмязы і на краме ў вёсцы Дзвіжкі, што ў некалькіх кіламетрах ад Ельску і ад атручанага поля. У тых вёсках пчаляроў няма.
Былы галоўны міжраённы заатэхнік-пчаляр Упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ельскага райвыканкама Юрый Варапаеў, які калісьці абслугоўваў пчалярскую галіну пяці раёнаў цэнтральнай Гомельшчыны, патлумачыў, што акрамя парушэння парадку апавяшчэння насельніцтва, падчас апрацоўкі поля інсектыцыдам былі і іншыя парушэнні:
«Апрацоўка падобнымі інсектыцыдамі павінна ажыццяўляцца альбо рана раніцай, да таго, як пчолы вылецелі на працу, альбо позна ўвечары, калі яны ўжо знаходзяцца ў вуллях і не працуюць. Тут жа пырскалі наўпрост сярод дня падчас самай актыўнасці пчолаў. Зразумела, што яны панабіралі з кветак гэтай атруты, і пананосілі ў вуллі. У выніку ўсе рабочыя пчолы загінулі ў той жа дзень, а потым пачалі гінуць і іншыя насельнікі вулляў, якія харчаваліся прынесеным атручаным пылком і нектарам. Наколькі я ведаю, у сям’і Зуль загінулі ўсе пчоласем’і. Я сам спадчынны пчаляр, маю некалькі дзясяткаў пчоласем’яў, але такую страту лічу катастрофай. І тое, што ім не могуць яе кампенсаваць – вялікая несправядлівасць».
Нібыта ўсе прызнаюць, што шкода нанесеная, што вінаваты КСУП «Ельск», што пацярпелым трэба шкоду кампенсаваць, але… Кампенсаваць быццам бы не могуць. Ірына Сышчанка распавяла журналістам, што для кампенсацыі ёй патрэбны акт аб паморы пчолаў з высновамі аб вінаватасці сельгаспрадпрыемства і канкрэтным памеры ўрону. Але такі акт узяць нідзе і ніяк немагчыма. Ніхто нават не ведае, хто мусіць складаць такі акт.
Пакуль дзве жанчыны з апошніх сродкаў спрабуюць аднавіць сваю пчалярню і спадзяюцца на тое, што новым пчолам удасца перазімаваць у вуллях, дзяржаўная машына нібыта пасмяхаецца з іх, штурхаючы на новыя – гэтым разам, судовыя, выдаткі.