Бацькі пацыентаў цэнтра «Радуга» ўбачылі, куды ўлады плануюць адправіць іх дзяцей

Палеская Вясна 30.04.2020

Мазырскія ўлады вырашылі ліквідаваць унікальны цэнтр медычнай рэабілітацыі для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга». Пры гэтым, аніякай раўнавартаснай замены мясцовы райвыканкам не прапануе, паведамляе belsat.eu. 


«Здоровьем жизнь нас обделила,
У многих детство отняла,
Общение с миром сократила 
Взамен нам «Радугу» дала…»

Гэтыя простыя і ад таго яшчэ больш шчымлівыя вершаваныя радкі наведнікі Цэнтру рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга» запісалі ў спадзеве дагрукацца да мясцовых уладаў, якія пастанавілі «Радугу» зачыніць. Яшчэ 30 сакавіка старшыня Мазырскага райвыканкаму Алена Паўлечка падпісала пастанову аб ліквідацыі цэнтру і перадачы будынку раённаму аддзелу адукацыі. Бацькі дзяцей – у шоку.
Маці пацыента рэабілітацыйнага цэнтру «Радуга»:

«У «Радузе» мы атрымліваем цалкам увесь спектр. Мы атрымліваем і медычныя паслугі, і сацыялізацыю, і праца ў гуртках… На сёння маёй дачцэ робяць парафінавыя захутванні на ручкі і ножкі чаргаваннем, каб яна магла хаця б па лесвіцы хадзіць. Калі гэтага не зрабіць, то будзе драўляны «бураціна», мы зноўку сядзем у вазочак».

Паводле планаў уладаў, няпоўнагадовых пацыентаў «Радугі» маюць перавесці ў іншы рэабілітацыйны цэнтр, а поўнагадовых – у вёску Козенкі, што ў прадмесці Мазыра, на дзённае аддзяленне раённага Тэрытарыяльнага цэнтру абслугоўвання насельніцтва. Пры гэтым абодва прапанаваныя ўладамі будынкі не прытрымліваюцца стандартаў безбарʼернага асяроддзя і папросту не прыстасаваныя для перабывання ў іх пацыентаў «Радугі».

 Наталля Бурак, маці пацыенткі рэабілітацыйнага цэнтру «Радуга»:

«Па-першае, вузкія дзвярныя праёмы з парогамі, якіх быць не павінна. Па-другое, абсалютна не прымальны для вазочнікаў, неабсталяваны санвузел, які не адпавядае санітарным нормам. Па-трэцяе, няма аніякае магчымасці падымацца з інвалідамі-вазочнікамі на другі паверх».

Адміністрацыя тэрытарыяльнага цэнтру намагаецца супакоіць бацькоў сваіх будучых пацыентаў…

Андрэй Ткач, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:

«Для тае колькасці інвалідаў, канечне ж, тут малавата плошчаў. Таму, у прынцыпе, разглядаюцца пытанні і наконт іншых будынкаў».

….аднак бацькоў гэта не надта пераконвае. 

Леанід Суботка, бацька пацыенткі рэабілітацыйнага цэнтру «Радуга»:

«Мы ім не верым. Мы не верым, разумееце? Калі б нешта нам загадзя падрыхтавалі, падрыхтавалі б, мы б маглі разглядаць нейкія варыянты. Але гэтага няма нічога!»
Вольга Уласава, маці пацыента рэабілітацыйнага цэнтру «Радуга»:

«Зачыніць – яны вельмі хутка ўсё зачынілі. Адчыніць і прапанаваць нешта адпаведнае хаця б адсоткаў на 70-80 ад таго, што мы маем у «Радузе», яны нам не могуць. І яны цудоўна гэта разумеюць».
У будынку «Радугі» улады збіраюцца арганізаваць дзіцячы садок: маўляў, грошай на асобны будынак у бюджэце няма. Бацькі ж дзяцей, якім тут, паводле планаў чыноўнікаў, месца больш не знайшлося, працягваюць змагацца. Сярод мазырцаў шырыцца флэш-моб у сацыяльных сетках, а таксама збіраюцца подпісы пад петыцыяй дзеля абароны «Радугі».

Валера Руселік, «Белсат»