Цела забітай расійцамі на Кіеўшчыне дзяўчынкі паўтара года хавалі ў моргу Мазыра. Хто можа быць датычны да прыхоўвання інфармацыі?
Андрусь ГАЁВЫ
06.12.2023
>>>
Украінскае медыя
oboz.ua 4 снежня паведаміла пра тое, што цела
15-гадовай Арыны Яцюк было перададзена ва Украіну праз абмен і нядаўна яе
пахавалі ў горадзе Умань побач з загінулымі на яе ж вачах бацькамі. Трагедыя з
сям’ёй Яцюк здарылася 3 сакавіка 2022 года. І з таго часу, паводле інфармацыі
ўкраінскага выдання, цела Арыны і інфармацыю пра яе хавалі ад родзічаў і
людзей, якія дапамагалі ў пошуках.
Арына (злева) і Лера ЯЦЮК з бабуляй і дзядулем.
У ліпені 2022 года пра пошукі Арыны Яцюк у Мазырскім і Калінкавіцкім раёнах паведамляла Палеская Вясна.
Пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання расійскіх захопнікаў ва Украіну сям’я Яцюк – Ганна і Дзяніс, а таксама іхнія дочкі – 15-гадовая Арына і
9-гадовая Лера, выехалі з Кіева ў вёску Севярынаўка Бучанскага раёну ў спадзяванні
на тое, што ў сельскай мясцовасці будзе спакайней, чым у сталіцы, на ўскрайкі
якой тады шматкроць прарываліся расійскія ДРГ ды існавала рызыка інтэнсіўных
абстрэлаў і захопу расійцамі.
Але ўжо ў пачатку сакавіка акупанты зайшлі і ў ваколіцы Севярынаўкі,
там адбываліся баі, таму сям’я вырашыла з’язджаць ва Умань. Яны паехалі двума
машынамі – у першай машыне ехала маці з малодшай дачкой Лерай, у другой – тата са
старэйшай Арынай. Але, калі яны выехалі на трасу каля сяла Матыжын, аўтамабілі
абстралялі расійцы.
Як пазней распавядала валантэрам адзіная, хто выжыў у той
трагедыі – 9-гадовая Лера, машына, у якой яны з маці ехалі, спынілася. Маці крычала
расійцам не страляць, бо ў машыне дзеці. Але расійцы ўсё роўна абстралялі
машыну. Лера казала, што патрапілі ў маці. Яна пачала бляднець. Лера ўзяла яе
тэлефон, які быў запаролены і папрасіла маці разблакаваць. Маці кволым пальцам
увяла код, але датэлефанавацца на нумар 103 дзяўчынка не змагла.
Ганна і Дзяніс ЯЦЮК.
Потым яна выйшла з машыны, некаторы час блукала
наваколлем. Пасля знайшла татаву машыну. Там пабачыла тату, у якога не было бачна вока, і Арыну. Яна сказала Арыне, што вакол кацапы на танках і трэба
хавацца. Але Арына паказала рану на назе. Як сказала Лера, там быў вялізны пухір. Таму Арына не
магла нікуды ісці.
Пазней пад’ехалі расійцы на бронетэхніцы. Яны пасадзілі
Леру ў адну сваю машыну, а Арыну ў іншую. Лера чула, што яны сказалі, што павязуць
яе лекаваць у Беларусь. Леру расійцы высадзілі каля першай хаты ў найбліжэшым
сяле Капылаў і аддалі нейкай незнаёмай бабулі. Там яе пасля вызвалення
акупаванай тэрыторыі ад расійскіх захопнікаў знайшла валантэрка Алэна Вінныцька.
А пра месца знаходжання Арыны нічога не было вядома.
Родныя ды іншыя людзі шукалі яе на акупаванай тэрыторыі сярод жывых і
загінулых. Наводзілі даведкі пра ДНК-аналізы целаў, якія знаходзілі неапазнанымі
на вызваленай тэрыторыі. Звярталіся і ў МЗС Беларусі, і у Беларускі чырвоны
крыж, у лякарні і санаторыі Беларусі, куды вывозілі дзяцей з Украіны.
Звярнуліся яны і да журналістаў нашага парталу. Але ніякіх звестак пра Арыну
так і не атрымалася знайсці.
На нашу публікацыю ў ліпені мінулага года адгукнуліся
тады неабыякавыя жыхары Мазыра, якія пазванілі ў моргі Мазыра і Калінкавічаў.
Там ім сказалі, што дзяўчынак з апісанымі прыкметамі да іх не паступала.
І вось зараз стал вядома, што Арына загінула. Хутчэй за
ўсё, праз тое, што расійцы не надалі ёй своечасова медычную дапамогу. Цела ж яе
было перавезенае ў Беларусь і ўвесь гэты час захоўвалася ў моргу Мазыра.
Нікому, хто спрабаваў шукаць дзяўчынку, інфармацыю пра яе афіцыйныя асобы і дзяржаўныя
інстытуцыі Беларусі не давалі.
Станіслаў ГАЛАЎКО. Скрыншот з відэа Беларусь-1.
Як удалося высвятліць Палескай Вясне, на сакавік 2022
года выканаўцам абавязкаў загадчыка Мазырскага міжраённага паталагаанатамічнага
аддзялення (моргу) быў Станіслаў Галаўко.
У сярэдзіне сакавіка 2022 года дзяржаўны прапагандысцкі тэлеканал «Беларусь-1» паказваў сюжэт
з ягоным удзелам. У сюжэце Галаўко адчыняе халадзільную камеру морга.
Халадзільная камера Мазырскага моргу ў сакавіку 2022 года. Скрыншот з відэа Беларусь-1.
Там бачна
на адным стале відавочна жаночае цела, а на другім стале, імаверна, таксама
нейкае цела, але ў чорным пакеце, падобным да тых, у якіх з зоны баявых
дзеянняў вывозяць загінулых. Таксама ў сюжэце БТ фігуруе і начальнік Гомельскага
абласнога клінічнага паталагаанатамічнага бюро Аляксей Лагвінцоў.
Аляксей ЛАГВІНЦОЎ. Скрыншот з відэа Беларусь-1.
Улетку 2022 года морг у Мазыры зачынілі нібыта на нейкія рамонтныя работы і паталагаанатамічныя даследаванні памерлых мазырцаў супрацоўнікі мазырскага моргу выконвалі ў Калінкавічах. Дзе і ў якіх умовах у гэты час магло захоўвацца цела загінулай украінскай дзяўчынкі невядома. Але, як паведамляюць украінскія СМІ, ідэнтыфікаваць яе ўдалося праз ДНК-аналіз.
Пазней, па выніках расследавання фактаў ваенных злачынстваў
расіійскіх акупантаў на акупаванай цягам сакавіка 2022 года частцы Кіеўскай
вобласці, Служба бяспекі Украіны выставіла падазрэнне ў расстрэле ў Бучанскім
раёне сям’і, у выніку якога загінулі мужчына, ягоная жонка і іхняя 15-гадовая
дачка. У загадзе страляць па цывільных аўтамабілях СБУ падазрае камандзіра
выведнай групы расійскіх войскаў Вадзіма
Аўчыннікава. Ягоны злачынны загад непасрэдна выконвалі пяцёра ягоных падначаленых
з прозвішчамі Жаркі, Гарматараў, Зварычэўскі,
Белікаў, Нагуманаў.