У Мазыры страйкоўцу з НПЗ, якому на месяц затрымалі выдачу працоўнай кніжкі, не задаволілі пазоў аб спагнанні ўрону
Палеская Вясна
24.02.2021
Мазырскі
нафтаперапрацоўчы завод не паведаміў належным чынам звольненаму работніку пра
магчымасць забраць працоўную кніжку альбо даслаць яе поштай, хаця гэта наўпрост
прадугледжана заканадаўствам.
Былы намеснік начальніка ўстаноўкі Мазырскага НПЗ Канстанцін Янкін 22 лістапада далучыўся
на агульнанацыянальнага страйку. 25 лістапада Мазырскі НПЗ звольніў яго нібыта
за прагулы без паважлівых прычынаў.
Як высветлілася ў судзе, у дзень звальнення на адрас рэгістрацыі
Канстанціна Янкіна, які знаходзіцца ў Віцебску, аддзел кадраў МНПЗ даслаў
тэлеграму гібрыднай поштай, дзе напісаў, што Янкіну трэба з’явіцца на завод,
каб азнаёміцца з загадам на звальненне і атрымаць працоўную кніжку. Але адрас
быў пазначаны недаклады, таму тэлеграму Янкін не атрымаў. Пры гэтым
нарматыўнымі актамі прадугледжана, што такое паведамленне мусіць накіроўвацца
замоўным лістом з паведамленнем і ў ім павінна быць прапанова выказаць
пісьмовую згоду, каб працоўную кніжку даслалі поштай. У тэлеграме МНПЗ такой
прапановы не было.
У наступныя тыдні ніхто з НПЗ не цікавіўся ці атрымаў
Янкін тэлеграму. А 30 снежня ён сам прыехаў на завод, каб атрымаць працоўную
кніжку. Адразу па выхадзе з заводу яго затрымалі міліцыянты і
некалькі гадзін пратрымалі ў РАУС.
Канстанцін Янкін падаў у суд пазоў з просьбай змяніць
дату звальнення на дату выдачы працоўнай кніжкі і спагнаць з МНПЗ сярэдні
заробак за час вымушанага прагулу ў памеры 4039,48 рублёў, 100 рублёў маральнай
шкоды і судовыя выдаткі.
Прадстаўнік МНПЗ – начальнік групы карпаратыўнага
кіравання Мікалай Кіркоў патлумачыў,
што заводу было важна, каб Янкін асабіста прыехаў на завод. Пры гэтым навошта
ён быў патрэбны, дакладна сказаць не здолеў. Спачатку сказаў, што каб
распісацца ў загадзе аб звальненні, потым, каб здаць таварна-матэрыяльныя
каштоўнасці, але ці лічыліся яны за Янкіным ён не ведае.
Сведкам у судзе выступіў начальнік аддзелу кадраў Ігар Юшчанка. У яго суддзя спрабаваў
высветліць адкуль узяты адрас, на які адправілі тэлеграму. Аказалася, што адрас,
як і іншыя звесткі, уносіцца ў асабістую картку паводле жадання самога
работніка, калі той прынясе нейкі дакумент ці ягоную копію. «Калі адраса няма, значыць работнік не
прынёс копію старонкі з рэгістрацыяй», – патлумачыў Юшчанка.
Ён таксама пацьвердзіў, што Янкіна неабходна было
выклікаць на завод асабіста, таму прапанову даслаць працоўную кніжку поштай, у
тэлеграму не ўключылі.
Нягледзячы на тое, што нафтаперапрацоўчым заводам
дапушчаны цэлы шэраг парушэнняў патрабаванняў заканадаўства, суддзя Дзмітрый Мазай,
які разглядаў грамадзянскую справу, вырашыў, што ў ёй няма доказаў вінаватых
дзеянняў з боку заводу. Мазай пастанавіў адмовіць Канстанціну Янкіну ў
задавальненні пазову.