У Мазыры міліцыянты затрымлівалі страйкоўца з НПЗ, якога выклікалі на завод забраць працоўную кніжку

Палеская Вясна 31.12.2020

Пасля таго, як былому супрацоўніку Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода выдалі працоўную кніжку, яго спыніла ДАІ і даставілі ў мясцовы РАУС.

Намеснік начальніка ўстаноўкі Канстанцін Янкін абвясціў аб сваім далучэнні да агульнанацыянальнага страйку 22 лістапада.

«Я не бачу іншых спосабаў данесці маю нязгоду, занепакоенасць, данесці сваю грамадзянскую пазіцыю да кіраўніцтва», – распавёў Канстанцін Янкін тады ў сваім відэазвароце.

Пазней Канстанціна Янкіна звольнілі з працы. 30 снежня яго выклікалі ў кадравую службу завода, каб аддаць яму працоўную кніжку. Калі Янкін выехаў з завода ў горад, яго там спынілі супрацоўнікі ДАІ, выцягнулі з машыны і завезлі ў РАУС.

У РАУСе яго трымалі некалькі гадзінаў. Пад будынкам сабраліся работнікі НПЗ, старшыня незалежнага прафсаюзу заводу Юрый Швец і неабыякавыя жыхары Мазыра. Каля 22 гадзіны Канстанціна Янкіна вызвалілі.


Канстанцін ЯНКІН па вызваленні з Мазырскага РАУС.

Паводле словаў Канстанціна Янкіна юрыст Мазырскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» распавёў Палескай Вясне пра тое, што адбывалася ў РАУС:

«Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні спынілі запаўняць на радку “дата здзяйснення правапарушэння”. Ніхто не ведаў, якую дату туды напісаць. Праверылі ліставанне ў тэлефоне на прадмет заклікаў да страйку. Нічога не знайшлі. Правялі догляд заплечніка. Афармляць усе працэсуальныя дзеянні ніхто з прысутных міліцыянтаў не пагадзіўся. Выклікалі нейкага іншага, мабыць, з дому. У выніку правялі гутарку, пасля якой, паводле словаў Кастанціна, тры міліцыянты згадзіліся, што хочуць жыць у вольнай краіне без гвалту, і адпусцілі яго».