«Мы считаем, что данное ограждение носит собой незарегистрированную символику». У Калінкавічах пачаўся суд над гаспадыняй БЧБ-мурала
Андрусь ГАЁВЫ
22.01.2021
>>
Адміністрацыйны працэс
паводле артыкулу 23.1 КабАП (невыкананне пісьмовага патрабавання аб выпраўленні
парушэнняў, вынесенага ў адпаведнасці з заканадаўчым актам службовай асобай
дзяржаўнага органа) ініцыявала кіраўніца аддзела архітэктуры і будаўніцтва
Калінкавіцкага райвыканкама Наталля Радзівонава.
30 снежня мінулага года яна ўручыла Валянціне
Яшчанка, гаспадыні падворка, на агароджы якога ў лістападзе з’явіўся бел-чырвона-белы
мурал з вершнікам, прадпісанне, у якім загадвала прывесці агароджу «в надлежащее
состояние» да 5 студзеня 2021 года. Пры гэтым аніякіх спасылак на тое, якія
нормы парушаюцца наяўнасцю выявы трох палос – белай, чырвонай і белай, а
таксама вершніка са шчытом і мячом, а таксама на тое, які стан агароджы з’яўляецца
«надлежащим» у сваім прадпісанні Радзівонава не пазначыла.
5 студзеня Наталля Радзівонава
выклікала Валянціну ў свой кабінет і склала на яе пратакол, абвінаваціўшы
Яшчанка ў адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным артыкулам 23.1. Валянціна
Яшчанка ад тлумачэнняў тады адмовілася. Паводле артыкула 23.1 Валянціне Яшчанка пагражае штраф да 20 базавых велічыняў.
22 студзеня суддзя суда Калінкавіцкага раёна Святлана Кугейка пачала разгляд аміністрацыйная справы, складзенай
Радзівонавай. Але саму Валянціну Яшчанка пра паседжанне папярэдзілі толькі
напярэдадні ўвечары. Валянціна перасоўваецца на інвалідным вазку і не здолела б
праз цяперашняе снежнае надвор’е без адмысловага транспарту дабрацца ў суд.
Дамовіцца ж пра транспарт часу ў яе не было. Таму яна даслала праз электронную
пошту просьбу адкласці паседжанне і не разглядаць без яе.
Тым не менш, суддзя вырашыла апытаць Наталлю Радзівонаву, зачытаць
пісьмовыя матэрыялы справы і потым вырашыць, ці працягваць разгляд без
Валянціны Яшчанка. Падчас апытання Радзівонавай шмат часу высвятлялася
прыналежнасць зямельнага ўчастка і бетоннай агароджы.
Потым Святлана Кугейка запыталася ў Наталлі Радзівонавай якія нормы былі парушаныя
Валянцінай Яшчанка шляхам нанясення гэтай выявы.
«Ну
мы считаем, что данное ограждение носит собой незарегистрированную символику», – адказала начальніца аддзелу архітэктуры і
будаўніцтва Калінкавіцкага райвыканкама Наталля
Радзівонава.
Суддзя ўдакладніла, ці можа Радзівонава назваць канкрэтна парушаныя нормы.
«Не, не магу», – адказала
Радзівонава.
Пасля агалошвання пісьмовых матэрыялаў справы суддзя абвясціла перапынак на
5 хвілін. Пасля перапынку зачытала пастанову аб накіраванні адміністрацыйнай
справы ў орган, адкуль яна паступіла, для выпраўлення недахопаў. Якія канкрэтна
недахопы трэба выправіць у рашэнні суда не пазначана.