Змаганне за мурал. У Калінкавічах невядомыя спрабуюць сапсаваць бел-чырвона-белы мурал з вершнікам
Палеская Вясна
29.12.2020
Ужо ў трэці раз
невядомыя імкнуцца сапсаваць мурал, дзе на бел-чырвона-белым фоне намаляваны вершнік
з мячом. Раней з гаспадарамі падворку, у якім размешчаны мурал, спрабавалі змагацца
нават міліцыянты на ўзроўні намесніка начальніка мясцовага РАУС.
Мурал у адным з прыватных двароў на вуліцы Геолагаў у
Калінкавічах з’явіўся 7
лістапада. Паўз гэты дом праходзіць маршрут гарадскіх аўтобусаў і пліта плоту з
муралам вельмі добра бачная з вуліцы. Ужо
пасля абеду 8 лістапада, пакуль гаспадары былі на іншай кватэры, яго нехта зафарбаў
брудна-чырвоным сурыкам. Але ўвечары таго ж дня актывісты адмылі мурал.
Раніцай 9 лістапада да двара прыехалі людзі ў рабочым
адзенні прадпрыемства «Камунальнік калінкавіцкі» з вёдрамі з такой самай брудна-чырвонай фарбай. Але
на той момант гаспадары былі дома і ў двор няпрошаных гасцей не пусцілі. Тады да
двара пад’ехалі міліцыянты. Спачатку шэраговыя супрацоўнікі, а потым на падмогу
ім прыбыў намеснік начальніка, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Калінкавіцкага
РАУС падпалкоўнік Дзмітрый Воляк. Міліцыянты
шукалі падставы незаконнасці валодання гаспадарамі жылым памяшканнем і
прылеглай тэрыторыяй. Але не знайшлі.
Яшчэ праз некалькі дзён невядомыя кінулі ў мурал бутэльку
з чорнай фарбай. Яна пабілася аб пліту па правы бок ад выявы вершніка, істотна
не сапсаваўшы змест муралу.
Раніцай 29 снежня гаспадар кватэры, пад’язджаючы ,
пабачыў, што ад двара ад’ехала тая самая машына, якая ў лістападзе прывозіла
людзей у адзенні камунальнага прадпрыемства з вёдрамі фарбы. Увайшоўшы ў двор,
ён убачыў, што выява вершніка на мурале запэцканая карычневай фарбай (такі
колер утвараецца пры змешванні чырвонай і зялёнай фарбаў). Гэтым разам ванадлы выкарысталі алейную фарбу
і адмыць яе аказалася цяжэй. Але пазбавіць вершніка карычневага налёту
калінкавіцкая актывісты, усё ж, здолелі.