Турма і вошы. У Рэчыцы актывіст выйшаў на волю і распавёў чаму абвяшчаў галадоўку і парэзаў вены ў ІЧУ

Andrus 06.10.2020

>>

Відавочна, рэчыцкая міліцыя адмыслова стварыла аднаму з найбольш актыўных удзельнікаў пратэстных акцыяў невыносныя ўмовы ва «ўзорным» ізалятары часовага ўтрымання.


Аляксандр АЛМАЕЎ на пратэстнай акцыі. Фота: instagram.com/vas_saa

Актывіст незалежнага прафсаюза РЭП з Рэчыцы Аляксандр Алмаеў быў затрыманы 25 верасня. Яго зняволілі паводле раней вынесенага прысуду за ўдзел у мірным шэсці 30 жніўня. Гэтае рашэнне Алмаеў абскарджваў, але абласны суд пакінуў яго без зменаў.

30 верасня стала вядома, што Алмаеў у зняволенні абвясціў галадоўку. Ён адмовіўся прымаць ежу, якую яму перадала жонка ў перадачы. Прычыну абвяшчэння галадоўкі тады высветліць не ўдалося.

3 кастрычніка ў Рэчыцы з’явіліся чуткі пра тое, што Аляксандр Алмаеў парэзаў вены. Але спраўдзіць гэтую інфармацыю ад крыніцаў, якія б заслугоўвалі даверу, не было магчымасці.

5 кастрычніка Аляксандра Алмаева вызвалелі. Карэспандэнт Палескай Вясны сустракаў Алмаева і даведаўся, што з ім адбывалася ў ІЧУ і што выклікала такія дзеянні з ягонага боку.

Сустракаць Аляксандра Алмаева сабраліся каля двух дзясяткаў неабыякавых рэчычанаў. Людзі чакалі непадалёк ад будынку РАУС. Прыкладны час, калі мусіў вызваліцца Алмаеў – 14 гадзін. Але ўжо пасля таго, як гэты час мінуў, да людзей, якія чакалі Аляксандра, выйшаў участковы інспектар Вадзім Шурмель. Ён паведаміў, што зараз Алмаева выпусцяць, але папрасіў не рабіць каля РАУС масавага мерапрыемства. Тыя, хто чакалі актывіста сказалі, што яны і не збіраюцца нічога ладзіць, а маюць намер падарыць яму кветкі, паабдымацца і паразмаўляць пра тое, што адбывалася падчас зняволення. Шурмель застаўся задаволены і сыйшоў у РАУС.

Але праз некалькі хвілін зноў выйшаў і сказаў, што кіраўніцтва райаддзелу міліцыі распарадзілася, каб Алмаева вывезлі з РАУС на службовым аўтамабілі дадому. Дом, дзе жыве Алмаеў, знаходзіцца недалёка ад будынку РАУС. Таму людзі рушылі туды і пачалі там чакаць. Але амаль гадзіна чакання не дала плёну.

Праз хвілін 40 адной з актывістак патэлефанаваў сам Алмаеў і папрасіў падыйсці ў РАУС. Аказалася, што ён адмовіўся сядаць у службовы аўтамабіль, заявіўшы, што ён ужо мусіць быць вызвалены, ён не ведае, куды яго могуць завезці, таму запатрабаваў, каб яго выпусцілі праз выхад з РАУС.


У Алмаева сапраўды была перавязаная левая рука ў вобласці локця. Вось, што ён распавёў пра сваё зняволенне:

«Першы дзень я адседзеў з адным чалавекам. Ён быў звычайны, нармальны. А 26 верасня ўвечары таго з маёй камеры некуды прыбіраюць, і мне ў камеры заводзяць “бамжа”. А на ім вошай проста кішыць. Я кажу, прыбірайце мяне лепей у карцар. Я пісаў скаргі, але яны ўсе, мабыць, у сметніцу адразу сыходзілі. 28 верасня ад мяне гэтага бамжа прыбіраюць. Я ўсю камеру памыў. Ну і думаю, што дасяджу паціху сабе. Але 30-га ўвечары яго зноў да мяне прыводзяць. У яго адзенне ў крыві. Ад пятак да патыліцы ў яго ўсё ў язвах, з якіх сачылася кроў. Ну і гэтыя вошы. Я пішу заяву, што калі яго ад мяне не прыбяруць, я ўскрыю сабе вены. Яны ніяк не рэагавалі. У мяне была лупа павялічальная, каб кнігі чытаць. Я яе аб нары разбіў і шкельцам парэзаў сабе вены. Яны прыбеглі, у мяне кроў хлышча аж да столі, а яны нават дапамогу аказаць не ўмелі. Я сам ім сказаў, каб пераціснулі нечым руку. Потым яны мяне завезлі ў лякарню. Там наклалі швы. Мяне прывезлі назад і перавялі ў іншую камеру. Зноў сяджу задаволены, думаю, дасяджу хоць нармальна. Тры гадзіны праходзіць, яны зноў гэтага бамжа прыводзяць. І зноў па ім тыя вошы скачуць, ніхто іх так і не патруціў. І толькі  два дні таму нарэшце да мяне прыйшла мядзічка. Пачала казаць: “Ай-яй-яй, я не ведаю, як так атрымалася”. Яна мне выдала нейкую пляшачку з вадкасцю. І да сёняшняга дня я з гэтым бамжом сядзеў. Акрамя таго, у нас не было пасцельнай бялізны. Нам не далі коўдраў. Мы спалі на голых матрасах, хаця, у камеры халодна. І па гэтых матрасах поўзалі вошы. Я іх вось назбіраў, прад’яўлю прадстаўніку следчага камітэту і здам на аналіз у санстанцыю».


Пасля гэтага Алмаеў напісаў на імя начальніка ІЧУ Аляксандра Лабанава заяву, у якой назваў яго «подлец». За гэта ў дзень вызвалення над ім зноў зладзілі суд. Суддзя Вадзім Бобыраў прысудзіў яго да штрафу ў 30 базавых вялічыняў за абразу начальніка ІЧУ.

Па вызваленні Аляксандр Алмаеў падаў заяву ў следчы камітэт пра неналежныя санітарныя ўмовы і адносіны да яго падчас утрымання пад вартай у ІЧУ Рэчыцкага РАУС. Прыклаў фотаздымак узору насякомых, якіх назбіраў у камеры падчас знаходжання там. Саміх насякомых ён мае намер перадаць для аналізу і высвятлення, што гэта за від, у адпаведную лабараторыю.

Аляксандр лічыць, што чалавека без пэўнага месца жыхарства, хворага на педыкулёз, без адпаведнай санітарнай апрацоўкі намерана падсаджвалі менавіта да яго ў камеру, каб стварыць для яго больш невыносныя ўмовы.

«Я расцэньваю гэта як катаванні. Адмысловы спосаб здзеку дзеля помсты мне за тое, што я актыўна выказваю сваю пазіцыю, абскарджваю парушэнні маіх правоў. Таму мне штучна стваралі такія ўмовы, каб я неяк зламаўся і спыніў сваю грамадскую дзейнасць. Але я не маю намеру паддавацца ім. Я веру ў перамогу народа і ўпэўнены, што парушальнікі правоў людзей адкажуць паводле закону», – сказаў Аляксандр Алмаеў.


Да таго часу, як ён выйшаў з будынку РАУС, тыя, хто прыйшоў яго сустрэць, прачакаўшы больш за дзве гадзіны, усё ж, дачакаліся яго. Аляксандру падарылі бел-чырвона-белы кветкавы букет.