У Рэчыцы актывіст абвясціў галадоўку ў ізалятары часовага ўтрымання
Палеская Вясна
01.10.2020
>>
Зняволены для
адбыцця раней не адбытых сутак актывіст прафсаюза РЭП адмовіўся прымаць ежу і
перадачы з прадуктамі.
Аляксандр АЛМАЕЎ. Фота:instagram.com/vas_saa.
Як стала вядома Палескай Вясне, рэчыцкага актывіста Аляксандра Алмаева ў другі раз
зняволілі, каб ён адбыў не адбытыя суткі паводле прысуду падчас затрымання
адразу пасля выбараў у жніўні. Пасля свайго вызвалення з таго арышту ён
распавядаў іншым актывістам, што яму было цяжка знаходзіцца ў камеры. У яго
маюцца праблемы са здароўем. А вентыляцыя ў ІЧУ Рэчыцкага РАУС зроблена такім
чынам, што, калі ў нейкай камеры нехта пачынае паліць, дым праз яе
распаўсюджваецца ва ўсе камеры. І аднойчы, паводле словаў Алмаева, нехта ў
нейкай камеры пачаў паліць нешта невядомае і вельмі смярдзючае. Ад дыму Алмаеву
зрабілася блага. Ён падаў скаргу на начальніка ІЧУ Аляксандра Лабанава. Вынікам стала тое, што самога Алмаева змясцілі
ў карцар.
30 верасня жонка Аляксандра Алмаева Вікторыя перадала яму ў ІЧУ перадачу з прадуктамі. Але 1
кастрычніка раніцай ёй патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, каб яна забрала
перададзеныя прадукты, бо Алмаеў адмаўляецца прымаць ежу. Прычыну, з якой
актывіст адмаўляецца ад харчавання, ён не паведамілі.
Пазней кіраўнік Рэчыцкага арганізацыі аб’яднання «Гавары праўду» Алег Шабетнік пад’ехаў у РАУС, каб
высветліць у сувязі з чым актывіст абвясціў галадоўку. Паводле версіі, якую яму
агучылі ў дзяжурнай частцы РАУС, такім чынам Алмаеў пратэстуе супраць, на яго
погляд, няправільнага распарадку дня, у якім мала часу адведзена на прагулкі на
свежым паветры.