У Рэчыцы пройдзе дыскусія пра смяротнае пакаранне

Палеская Вясна 11.03.2020

15 сакавіка – у Дзень Канстытуцыі, на базе грамадскага цэнтра ПЦ «Вясна» ў Рэчыцы адбудзецца дыскусія, прысвечаная тэме смяротнага пакарання.


Беларусь – адзіная краіна Еўропы, дзе дагэтуль улады ад імя дзяржавы забіваюць людзей у якасці пакарання да здзяйсненне некаторых злачынстваў. Іншыя еўрапескія краіны альбо ўвогуле адмовіліся ад такога спосабу пакарання, альбо трымаюць мараторый на яго ўжыванне.

Ужо ад пачатку 2020 года ў Беларусі вынесена тры смяротныя прысуды. Зараз такі самы прысуд пагражае жыхару Калінкавіцкага раёна за забойства з асаблівай жорсткасцю жонкі настаяцеля праваслаўнага храма ў мястэчку Азарычы.

Сусветныя праваабарончыя структуры, многія еўрапейскія палітыкі неаднаразова асуджалі практыку смяротнага пакарання, якую выкарыстоўваюць беларускія ўлады. Часам прысуды выконваюцца з парушэннем правоў чалавека. Гэта прызнаюць галоўныя сусветныя інстытуцыі ў галіне абароны правоў чалавека.

У той жа час, у беларускім грамадстве стаўленне да пакарання смерцю ад імя дзяржавы (фактычна, ад імя грамадства) вельмі неадназначнае. Кіруючыся эмацыйнымі і стэрэатыпнымі падыходамі, многія не ўсведамляюць злачыннасці выкарыстання ў сучасным грамадстве смяротнага пакарання.

Пра тое, як выглядае смяротнае пакаранне па-беларуску, чаму гэта недапушчальна альбо ці магчыма яно ў сучасным грамадстве праваабаронцы з Праваабарончага цэнтру «Вясна», у ліку якіх будзе і кіраўнік кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда,  запрашаюць паразмаўляць усіх тых, каго хвалюе гэтая тэма і хто мае ў дачыненні да яе сваю пазіцыю.

У праграме імпрэзы прагляд фільма, адкрыццё выставаў «Вышэйшая мера пакарання» і «Апошні кат Еўропы».

Уваход на імпрэзу вольны. Адрас: Рэчыца, вул Чапаева, 56/2, пачатак а 14-й гадзіне