Жыхару Калінкавіцкага раёна пагражае смяротнае пакаранне
Палеская Вясна
11.03.2020
23-гадовы жыхар
вёскі Вязавіца Калінкавіцкага раёна абвінавачваецца ў забойстве з асаблівай
жорсткасцю жонкі святара ў мястэчку Азарычы. За такое злачынства яму могуць
вынесці смяротны прысуд.
Як паведамляе
Следчы Камітэт, у выніку расследавання крымінальнай справы аб забойстве жанчыны
ў Азарычах следчым удалося аднавіць акалічнасці таго, што адбылося, і сабраць
неабходную доказную базу.
2 кастрычніка 2019 года у сваёй хаце ў Азарычах была
знойдзеная без прыкметаў жыцця 42-гадовая жанчына. Адразу ж на месцы свайго
жыхарства быў затрыманы яе 47-гадовы муж, які знаходзіўся ў стане алкагольнага
ап’янення. Спачатку следчыя падазравалі яго ў здзяйсненні забойства жонкі.
Мужчына аказаўся святаром мясцовага праваслаўнага храма.
Але 3 кастрычніка следчыя затрымалі 23-гадовага жыхара
суседняй вёскі Вязавіца. Паводле версіі следства, 1 кастычніка ён працаваў у
храме, выконваючы там рамонтныя работы. Скончыўшы працу, ён патэлефанаваў сваёй
дзяўчыне. Але падчас размовы маладзёны пасварыліся. Хлопец ужыў алкаголь і
вырашыў на аўтамабіле святара паехаць да дзяўчыны.
Ён прыйшоў дамоў да святара, але дзверы адчыніла ягоная жонка.
Абвінавачаны пачаў патрабаваць ключы ад аўтамабіля, на што жанчына адмовіла і
паспрабавала зачыніцца знутры дома. Але хлопец нанёс ёй удар нажом і патрапіў у
хату. Там ён збіў жонку святара і нанёс ёй яшчэ шмат удараў нажом у розныя
часткі цела. Потым, скраўшы з жытла 20 даляраў ЗША, 1000 расійскіх рублёў і
мабільны тэлефон, маладзён узяў ключы ад аўтамабіля і паехаў на ім у Вязавіцу.
Там ён заехаў на малочна-таварную ферму, дзе сутыкнуўся са смеццевым
кантэйнерам, цюкам саломы і ёмістасцю для вады. Даяркі, якія сталі сведкамі
ДТЗ, адабралі ў хлопца ключы ад машыны. Пасля гэтага ён схаваўся, але
праваахоўнікам стала вядомая інфармацыя пра ДТЗ, і ў выніку следчых дзеянняў
месца знаходжання падазраванага было выкрыта. Дзе падчас усіх гэтых падзеяў быў
муж загінулай, які назаўтра быў знойдзены п’яным ва ўласнай хаце, не
паведамляецца.
Зараз 23-гадовага жыхара Калінкавіцкага раёна
абвінавачваюць у злачынствах, прадугледжаных часткай 3 артыкула 207 (разбой,
здзейснены з пранікненнем у жытло, паўторна, з прычыненнем цяжкага цялеснага
пашкоджання), часткай 2 артыкула 139 (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю)
і часткай 3 артыкула 214 (згон аўтамабіля, здзейснены з ужываннем гвалту, небяспечнага
для жыцця і здароўя і з пагрозай яго ўжывання). Паведамляецца, што раней
23-гадовы мужчына прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзёж і
хуліганства.
Крымінальная справа перададзеная пракурору для
накіравання ў суд.
Чытайце таксама:
Камітэт ААН па правах чалавека зафіксаваў парушэнні Беларуссю правоў чалавека расстрэлам Сяргея Іванова з Рэчыцы
Калі жыхару Калінкавіцкага раёна прысудзяць смяротнае
пакаранне, гэта будзе ўжо трэці смяротны прысуд, вынесены ў Беларусі ў 2020
годзе. Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, якая ўжывае да сваіх грамадзян
пакаранне смерцю ад імя дзяржавы.