Актывістку з Рэчыцы Бажэну Жолудзь будуць завочна судзіць у Магілёве

Палеская Вясна 19.09.2024

>

Мясцовыя рэчыцкія “суддзі” чамусьці не наважваюцца праводзіць завочныя суды над сваімі землякамі-палітэмігрантамі.

Бажэна ЖОЛУДЗЬ падчас выбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай. 

На 2 кастрычніка прызначаны пачатак суда над актывісткай каманды Святланы Ціханоўскай з Рэчыцы Бажэнай Жолудзь, заўважыла Гомельская Вяснаю. Яе збіраюцца судзіць у Магілёўскім абласным судзе. Выконваць палітычную рэпрэсію будзе прызначаны Лукашэнкам на пасаду суддзі Сяргей Мазураў. Відавочна, што карным ораганам няма чаго прад’явіць грамадскасці ў якасці доказаў віны Бажэны Жолудзь, таму судовыя пасяджэнні Мазураў ужо загадзя абвясціў закрытымі.

Карныя органы Беларусі вінавацяць Бажэну Жолудзь у незаконных дзеянях датычна інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках (арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса), закліках да захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў) ды іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 арт. 361 КК), а таксама ў абразе суддзі альбо народнага засядальніка (арт. 391 КК).

Бажэна Жолудзь зараз знаходзіцца ў адной з краінаў Еўропы па-за дасяжнасцю карнага апарату уладаў Беларусі. Таму расследаванне справы датычна яе адбывалася без яе прысутнасці. Такі завочны парадак крымінальнага пераследу ўлады Беларусі называюць дзіўным тэрмінам “спецыяльная вытворчасць”.

Крымінальную справу датычна Бажэны распачаў Рэчыцкі раённы аддзел Следчага камітэта 5 красавіка. Пры гэтым першапачаткова сярод артыкулаў, паводле якіх завялі “крыміналку”, быў і артыкул 188 “Паклёп”. Але да суда ён чамусьці не дайшоў. За прайшоўшы час спробаў звязацца з самой Бажэнай праз сучасныя сродкі сувязі і даведацца яе стаўленне да абвінавачванняў ні следчыя, ні прызначаны ўладамі адвакат не прадпрымалі. Што канкрэтна ставяць ёй у віну застаецца невядомым.

Бажэна Жолудзь была ўдзельніцай ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай падчас выбарчай кампаніі 2020 года. Яна асабіста збірала подпісы ў Рэчыцкім раёне за вылучэнне Ціханоўскай кандыдаткай на прэзідэнта. Тады яна працавала ў Рэчыцкай раённай дзіцячай паліклініцы. Бажэна стала першай у Беларусі, каму ўдалося зняць на відэа факт прымусу супрацоўнікаў паліклінікі з парушэннем усталяванага парадку ставіць подпісы за вылучэнне кандыдатам Аляксандра Лукашэнкі.

У апошнія дні перад асноўнай датай галасавання карныя органы намагаліся зняволіць Бажэну Жолудзь, але яна не давала ім нагоды для гэтага. Яе некалькі разоў на дзень выклікалі ў райаддзел міліцыі нібыта на гутаркі, і трымалі там без аніякіх дзеянняў працяглы час. У адзін з такіх выклікаў ейная кіраўніца адмовілася адпускаць яе з працы. Бажэна лічыць, што такім чынам улады хацелі справакаваць няяўку Бажэны на выклік і на гэтай падставе зняволіць. Зразумеўшы, што яе не пакінуць на волі, Бажэна Жолудзь 6 жніўня 2020 года мусіла тэрмінова эміграваць з Беларусі.

Раней адбываўся яшчэ адзін завочны суд над рэчыцкім палітычным актывістам Юрыем Шчучко, які таксама знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. Яго таксама чамусьці судзілі не па месцы рэгістрацыі, а ў суседнім райцэнтры Лоеве.   

А. Юрэвіч