«Смерць – гэта не пакаранне». У Рэчыцы абмеркавалі смяротнае пакаранне ў Беларусі
Палеская Вясна
18.03.2020
Зацікаўленая
дыскусія пра выкарыстанне смяротнага пакарання ў нашай краіне адбылася ў
грамадскім цэнтры ПЦ «Вясна» ў Рэчыцы.
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы
супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда
ў пачатку размовы прадставіў тым, хто сабраўся на дыскусію, фільм «Мы супраць
смяротнага пакарання». У фільме паказаныя найбольш гучныя выпадкі расстрэлаў. У
тым ліку і людзей, у вінаватасці якіх у грамадства маюцца вялізныя сумневы.
Падчас абмеркавання практычна ўсе ўдзельнікі дыскусіі пагадзіліся, што
смяротнага пакарання ў цывілізаванай краіне быць не павінна. Але ў розных
людзей было рознае разуменне, чаму варта пазбавіцца гэтага віду пакарання.
Адзін з удзельнікаў абмеркавання, якому ў свой час давялося прайсці праз
установу адкрытага тыпу, дзе ён адбываў пакаранне абмежаваннем волі, казаў, што
сядзець у беларускім месцы зняволення – гэта значна больш жорсткае пакаранне за
аднамомантны сыход з жыцця ў выніку прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду.
Мужчына казаў, што, калі гэта тычыцца пакарання за сапраўды здзейсненае цяжкое
злачынства, калі ўсё дакладна даказана, дык расстрэл – гэта пазбаўленне ад
пакарання.
Пісьменніца і актывістка кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага
пакарання ў Беларусі» Паліна Сцепаненка сказала, што
мы не можам вырашаць за людзей, што ім лепей – сядзець пажыццёва ў турме, альбо
быць расстралянымі. Кожны чалавек толькі сам мусіць распараджацца сваім жыццём.
А адбіраць яго ў чалавека прымусова дзяржава не мусіць.
Рэчыцкі журналіст Андрэй Мядзведзеў
узгадаў пра інтэрв’ю, якое ён рабіў з сукамернікам у СІЗА расстралянага паводле
абвінавачнвання ў рэзанансным забойстве дзяўчыны каля дома піянераў у Рэчыцы
Сяргея Іванова. Былы сукамернік Іванова сцвярджаў, што сам забойца, седзячы пад
следствам, казаў, што хацеў бы, каб яго расстралялі, каб не пакутаваць,
абдумваючы здзейсненае да канца жыцця. Але, калі смяротны прысуд быў вынесены і
блізкая смерць стала рэальнасцю, Іваноў, усё ж, карыстаўся ўсімі магчымасцямі,
каб учапіцца за жыццё – абскарджваў прысуд у Вярхоўным судзе, падаў скаргу ў
Камітэт па правах чалавека. Таму, цяжка сказаць, што людзі, асуджаныя да
смяротнага пакарання былі б радыя смерці.
Андрэй ПАЛУДА
Актывіст-валанцёр рэчыцкай філіі ПЦ «Вясна» Алег Карбалевіч запытаўся, у чым жа цяпер асноўная праблема – у
нежаданні ўлады адмаўляцца ад смяротнага пакарання, ці ў тым, што грамадства
падтрымлівае пакаранне смерцю. Андрэй Палуда адзначыў, што нават у развітых
краінах, якія ўжо даўно не выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне, грамадства ў
асноўным было б за тое, каб злачынцаў каралі смерцю. Ёсць такія пытанні, якія
немагчыма ставіць на вырашэнне простай большасцю, бо людзі не разумеюць усіх
аспектаў тае ці іншае праблемы. І адмена смяротнага пакарання ў тых жа еўрапейскіх
краінах – гэта вынік гуманізацыі кіроўных элітаў. Але адсутнасць альбо
наяўнасць пакарання смерцю ад імя дзяржавы – гэта яшчэ і прыкмета цывілізаванасці
і гуманнасці самога грамадства краіны.
Сяргей ГАПАНЮК
На сустрэчу таксама прыйшоў Сяргей
Гапанюк – бацька забітай ў 2015 годзе жанчыны. Паводле вынікаў
расследавання, забойства арганізаваў муж, які прырэўнаваў яе. Ён наняў забойцу,
а сабе ствараў алібі, ездзіўшы па горадзе.
Сяргей Гапанюк распавёў, што адразу пасля гэтай трагедыі яму з жонкай было
вельмі няпроста. Першыя эмоцыі і сапраўды былі – смерць за смерць. Але чым
больш яны разважалі над тым, што здарылася, тым больш яны прыходзілі да
высновы, што не хацелі б для забойцаў сваёй дачкі смяротнага пакарання. Паводле
словаў Сяргея, у такім пакаранні ёсць нейкая няскончанасць.
«Нам здаецца, што значна больш важна,
каб чалавек, які ўчыніў такое злачынства – забраў жыццё ў іншага, меў
магчымасць пасядзець сам-насам з сабой, адчуць пакуты душы, абдумаць такую
старонку свайго жыцця, каб мог пакаяцца. Мы тады хацелі для яго пажыццёвага
зняволення. За забойства нашай дачкі забойцу і замоўцу асудзілі на 25 гадоў
зняволення кожнага. Нам, у выніку, падалося, што гэтага дастакова, каб чалавек
усвядоміў, што ён нарабіў, і вынес нейкія высновы са свайго жыцця», –
сказаў Сяргей Гапанюк.
Падчас імпрэзы працавала выстава карцінаў і фотаздымкаў, прысвечаная
смяротнаму пакаранню. Андрэй Палуда пазнаёміў удзельнікаў дыскусіі з сюжэтамі
асноўных работ, прадстаўленых на выставе.
Ужо ад пачатку 2020 года ў Беларусі вынесена тры смяротныя прысуды. Зараз такі самы прысуд пагражае жыхару Калінкавіцкага раёна за забойства з асаблівай жорсткасцю жонкі настаяцеля праваслаўнага храма ў мястэчку Азарычы.