За выказанае меркаванне пра Лукашэнку і ягоных памагатых жыхара Рэчыцы зняволілі на 2,5 года
Вітаўт Іллін
30.11.2022
>
Паволе
інфармацыі, распаўсюджанай праўладным прапагандысцкім выданнем gp.by, 25-гадовы
рэчычанін выклаў у сацыяльнай сетцы "В контакте" негатыўныя каментары
пра Лукашэнку, прадстаўнікоў ягонай улады і супрацоўнікаў КГБ.
Праўладнае СМІ не паведамляе імя і прозвішча чалавека,
якога асудзілі, але правабаронцам вядома пра тое, што 28
лістапада ў так званым судзе Рэчыцкага раёна пачаўся разгляд крымінальнай
справы з абвінавачваннем паводле артыкулаў 368, 369 і 369-1 мясцовага жыхара Дзяніса Пырха.
Згодна з інфармацыяй прапагандыстаў, ён адмоўна выказаўся
пра Лукашэнку, намесніка дзяржаўнага сакратара Рады Бяспекі Беларусі і
начальніка ўпраўлення так званага Следчага камітэта ў горадзе Мінску. Палеская
Вясна нагадвае, што, паводле прынцыпаў права аб правах чалавека, кожны мае свабоду
выказвання меркаванняў, у якую дзяржава не мусіць умешвацца. Адмоўныя
выказванні, у тым ліку пра дзяржаўных чыноўнікаў, знаходзяцца цалкам у прававым
рэчышчы. Калі ж у іх маюцца прыкметы прыніжэння гонару ці годнасці канкрэтных
асобаў, то такія справы мусяць разглядацца ў прыватным парадку пры звароце
асобы, якая лічыць сябе пацярпелай і абражанай.
Справу пра абразу Лукашэнкі ды ягоных прыспешнікаў
разглядала грамадзянка Марына Кацуба,
якую як раз асноўны пацярпелы па справе – Лукашэнка, сваім асабістым указам і прызначыў
на пасаду суддзі ў Рэчыцы, і, паводле дзейных у Беларусі цяпер законаў, пры
недастатковай адданасці, у любы момант можа з гэтай пасады звольніць. Такім
чынам, Кацуба, знаходзячыся ў стане працоўнай залежнасці ад Лукашэнкі, узялася разглядаць
крымінальную справу аб абразе свайго наўпроставага кіраўніка і прызначальніка
на пасаду.
Марына КАЦУБА.
У такіх акалічнасцях
прадказальна, Марына Кацуба прызнала Дзяніса Пырха вінаватым у абразе Лукашэнкі
(арт.368 КК РБ), "абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых
абавязкаў" (арт. 369 КК РБ), а таксама ў "распаўсюджванні загадзя
ілжывых звестак аб прававым становішчы грамадзян у Беларусі і дзейнасці
дзяржаўных органаў, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь" (арт. 369-1 КК
РБ).
Каб адпомсціць 25-гадоваму рэчычаніну за крыўду свайго
шэфа, Кацуба выдала пастанову, у якой загадала кінуць Дзяніса Пырха ў лукашэнкаўскія калоніі на два с паловай гады і спагнаць
з яго штраф у памеры 150 базавых велічыняў.