У Рэчыцы затрымліваюць сяброў Дзмітрыя Усхопава

Палеская Вясна 04.01.2022

>

Праваабаронцам дакладна вядома пра чацвярых затрыманых у Рэчыцы блізкіх сяброў Дзмітрыя Усхопава.

Сёння ў Рэчыцы мае адбыцца пахаванне Дзмітрыя Усхопава, які загінуў пасля таго, як быў затрыманы міліцыяй у навагоднюю ноч. На дадзены момант пацверджана інфармацыя пра затрыманне самых блізкіх сяброў Дзмітрыя, якія меліся прыйсці на пахаванне. Гэта Аляксей і Ганна Давыдковы, Аляксандр Снабкоў ды Ілля Бракарэнка.

Іх чакалі на пахаванні, у тым ліку для дапамогі. Але яны зраніцы не выйшлі на сувязь. Пазней іхнія родзічы паведамілі, што іх затрымалі. Таксама цяпер адсутнічае сувязь яшчэ з некалькімі блізкімі сябрамі з кола зносінаў Дзмітрыя Усхопава. Але іх затрыманне пакуль няма каму пацвердзіць ці абвергнуць. Інфармацыя пра іхні лёс высвятляецца.

Сваякі Дзмітрыя Усхопава ўпэўненыя, што яго да смерці збілі ў РАУСе, спрабавалі там рэанімаваць, а, калі гэта не атрымалася, павезлі ў лякарню, дзе а 1.20 ночы 1 студзеня дактары канстатавалі смерць. Родзічы Дзмітрыя сцвярджаюць, што, калі яны 1 студзеня першы раз прыйшлі ў прыёмны пакой лякарні, дактары казалі, што Дзмітрыя ім прывезлі ўжо ў стане комы, усяго мокрага.

Паводле версіі, якую распаўсюджваюць карныя органы – Следчы камітэт і МУС, Дзмітрыя ў стане алкагольнага ап’янення затрымалі супрацоўнікі патрульна-паставой службы на аўтобусным прыпынку на цантральнай вуліцы Рэчыцы. Ён аказаў супраціў, таму для затрымання выклікаўся аўтапатруль. Пасля ў межах адміністрацыйнага працэсу яго павезлі на агляд у лякарню, але дарогаю яму зрабілася блага і яго завезлі ў прыёмны пакой лякарні, дзе пачалі праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы. Паводле агучаных дадзеных, экспертыза дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз паказала, што ўтрыманне алкаголя ў крыві Усхопава склала 4,3 праміле, пры ім быў знойдзены пакунак з марыхуанай, марыхуана таксама выяўленая ў мачы Дзмітрыя. Раней праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што ў Дзмітрыя знойдзена рэчыва амфітамінавай групы і ён нібыта ліставаўся з крамай продажу наркотыкаў і ездзіў па закладку ў Гомель. Сваякі сумняваюцца ў сапраўднасці скрын-шотаў, выкладзеных у прапагандысцкіх каналах, бо напісаныя яны зусім не так, як звычайна перапісваўся ў інтэрнэце Дзмітрый Усхопаў.