У Рэчыцы ў навагоднюю ноч памёр затрыманы міліцыянтамі мужчына. Сваякі: яго да смерці збілі ў РАУСе
Палеская Вясна
02.01.2022
>
Паводле
інфармацыі, якой валодаюць праваабаронцы, у навагодні вечар 27-гадовы жыхар
Рэчыцы памёр у прыёмным пакоі раённай лякарні пасля таго, як яго туды моцна
збітым прывезлі міліцыянты.
Дзмітрый УСХОПАЎ. Фота з сацсетак Дзмітрыя.
Як распавялі Палескай Вясне сваякі памерлага, у ноч з 31
снежня на 1 студзеня Дзмітрый Усхопаў ехаў
да маці на святочную вячэру. На аўтобусным прыпынку яго затрымаў міліцэйскі
патруль. Але пры затрыманні ён аказаў супраціў.
Праз нейкі час міліцыянты прывезлі яго ў прыймальны пакой
раённай лякарні ў стане клінічнай смерці. Калі яго пабачылі родзічы, адзенне на
ім было разарванае, ён быў увесь аж да ніжняй бялізны абліты вадой. На левай скроні
круглая рана памерам каля 1,5 сантыметры. Запясці на руках, куды звычайна
міліцыянты надзяваюць кайданкі, мелі сіні колер.
Дзмітрый УСХОПАЎ. Фота з сацсетак Дзмітрыя.
Сваякі Дзмітрыя Усхопава перакананыя, што яго моцна
збівалі ў аддзеле міліцыі, а, калі ён перастаў падаваць прыкметы жыцця, замест
таго, каб выклікаць хуткую дапамогу, аблівалі вадой і неяк спрабавалі самі
рэанімаваць. Калі гэта ў іх не атрымалася, даставілі яго ў лякарню, дзе ён і
сканаў.
Палітычнага складніку ў затрыманні і збіцці Дзмітрыя
Усхопава ягоныя сваякі не бачаць. Афіцыйнае версіі падзеяў на МУСаўскіх
медыя-каналах на момант публікацыі не агучана. Паводле паведамлення першага
намесніка начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Анатолія Васільева, распаўсюджанага на youtube-канале
ўпраўлення, аніякіх надзвычайных здарэнняў і выпадкаў траўмавання грамадзян на
тэрыторыі вобласці навагодняю ноччу не зафіксавана.
У Дзмітрыя Усхопава засталася 5-гадовая дачка. Фота з сацсетак Дзмітрыя.