У Мазыры затрымалі маці валанцёра перадвыбарчай каманды Святланы Ціханоўскай
Палеская Вясна
18.12.2021
Карнікі забралі
жанчыну адразу пасля выпіскі з лякарні пасля гіпертанічнага крызу і вінавацяць
у крымінальным злачынстве.
Ірыну Панфіленка, маці Юрыя Панфіленкі, валанцёра каманды «Краіна для жыцця», які дапамагаў
арганізоўваць і ахоўваць агітацыйныя пікеты і мітынгі Святланы Ціханоўкай на
Гомельшчыне перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года, а потым быў затрыманы разам з сябрам
ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Русланам Парфёнавым
(пазней асуджаны да 5 гадоў зняволнення на закрытым судзе), затрымалі
сёння адразу пасля выпіскі з лякарні. Юрый Панфіленка, вызваліўся пасля затрымання напярэдадні выбараў і пазней вымушаны быў эвакуявацца з Беларусі.
Ірына працуе выхавацелькай у адным з дзіцячых садкоў
Мазыра. Днямі кіраўніцтву выхаваўчай установы паступіла ўказанне звольніць
Ірыну. Ёй прапанавалі звольніца на ўласнае жаданне. Але яна адмовілася. Бацькі
выхаванцаў групы, дзе яна працуе, пайшлі ў раённы аддзел адукацыі, каб адбараніць
ад рэпрэсіяў выхавацельку сваіх дзетак. Тады Ірыну пакінулі на працы.
Але ў жанчыны ад хваляванняў адбыўся гіпертанічны крыз і
яе ўчора забрала хуткая дапамога. У лякарні ёй правялі шэраг працэдур – уколы,
кропельніцы і выпісалі дадому, калі яна трохі акрыяла. Але яна зараз на
бальнічным, бо дарэшты стан здароўя не аднавіўся.
Ірына Панфіленка жыве недалёка ад лякарні. Паводле
інфармацыі, якую паведамілі жыхары Мазыра, яе затрымалі проста каля дома, куды
яна падыйшла пасля выпіскі з лякарні. Паведамляецца, што зараз яна затрыманая
на трое содняў у якасці падазраванай у межах крымінальнай справы паводле
артыкула 370 Крымінальнага кодэкса «Здзек з дзяржаўных сімвалаў».