У Рэчыцы следчыя помсцяць маці актывісткі ініцыятыўнай групы Ціханоўскай

Андрусь ГАЁВЫ 16.10.2021

>

Не маючы магчымасці пакараць дзяўчыну, якая збірала подпісы за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдаткай на прэзідэнта ў Рэчыцкім і Лоеўскім раёнах, карнікі як могуць помсцяць ейнай матулі.


Бажэна Жолудзь з пачаткам актыўнага ціску на чальцоў ініцыятыўнай групы ў вылучэнні Святланы Ціханоўскай кандадатакай на прэзідэнта вымушаная была эміграваць з Беларусі. Зараз яна знаходзіцца ў Кіеве. Таму рэчыцкім сілавікам не пад сілу дастаць яе ў суседняй краіне, каб пакараць.

А пакараць яе яны прагнуць за тое, што яна, выступаючы падчас акцыі каля беларускай амбасады ў Кіеве пасля забойства ейнага хлопца Віталя Шышова, заклікала беларусаў «браць вілы» супраць карнага рэжыму. Супраць Бажэны Жолудзь так званы следчы камітэт завёў крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса, абвінавачваючы ў здзяйсненні дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.

Прычым, завяло крымінальную справу ўпраўленне следчага камітэту ў Мінску. Але на гэтым тыдні следчы ўжо Рэчыцкага раённага аддзела следчага камітэту Дзмітрый Казлоў вырашыў выявіць службовы імпэт. Ён выклікаў на допыт не маладую ўжо маці Бажэны Жолудзь.

Як паведаміла Палескай Вясне сама Бажэна, яна параіла сваёй маці не браць з сабой у памяшканне РАУС, дзе месціцца і райаддзел СК, мабільны тэлефон. І сапраўды, пасля распытванняў ці не ведае маці Бажэны дзе тая знаходзіцца, следчы вырашыў правесці асабісты дагляд жанчыны. Карнікі абшукалі адзенне, але знайшлі толькі пашпарт і лекі. Казлоў пачаў быў распытваць маці Бажэны Жолудзь дзе яе тэлефон. Менавіта ён яго найбольш цікавіў. Жанчына адказала, што яго ў яе няма.

Тады Дмітрый Казлоў прызначыў агляд у жытле матулі Бажэны Жолудзь у адной з вёсак Рэчыцкага раёна. Прыехаўшы туды, карнікі зрабілі не агляд, падчас якога, згодна з працэсуальным заканадаўствам, яны могуць толькі глядзець, а не капацца ў рэчах, а ператрус, адшукаўшы і забраўшы сабе ўсе тэлефонныя апараты, якія знаходзіліся ў хаце.

«Я лічу, што беларускія карнікі проста шалеюць ад сваёй бездапаможнасці ў дзікай празе пакараць мяне асабіста. Паколькі я цяпер ім недасяжная, яны подленька вымяшчаюць сваю бязмежную злосць і крыважэрнасць хаця б на сваяках, самым блізкім з якіх, вядома ж, з’яўляецца мама. Усе цудоўна ведаюць дзе я. Шукаць мяне праз матулін тэлефон сэнсу няма. І маму я брацца за вілы не заклікала. У яе ўжо не той узрост. Але ж сітуацыя яскрава характарызуе ўсю “мужнасць” тых, хто лічыць сябе сілавікамі – змагацца з жанчынамі, якія ўсяго толькі не згодныя з тым, хто гвалтам утрымлівае ўладу ў краіне, ды яшчэ праз іх немаладых матуляў – ну проста вельмі па-мужчынску!», - кажа Бажэна Жолудзь.