Жыхара Рэчыцы зняволілі на 3 гады за ўдзел у мірным пратэсце, штуршок МУСаўца і негатыўную ацэнку Лукашэнкі

Андрусь ГАЁВЫ 22.09.2021

>>

22 верасня так званы суд Рэчыцкага раёну прызнаў маладзёна вінаватым ва ўсіх трох «злачынствах», у якіх яго абвінавачвала пракуратура.


Канстанцін МІХАЛЬЦОЎ у судзе. 

23-гадовага Канстанціна Міхальцова пачалі судзіць яшчэ 19 жніўня за падзеі вечара 9 жніўня мінулага году. Судовую тройку ўзначальвала Марына Кацуба, якую Лукашэнка прызначыў быў суддзёй. Яна правяла некалькі паседжанняў, разглядаючы вінаватасць маладзёна.

У віну Міхальцову ставілася тое, што ён пасля галасавання на выбарах прэзідэнта 9 жніўня 2020 года выйшаў на плошчу ў Рэчыцы, а калі там пачалі без віны затрымліваць іншага хлопца, разам з групай людзей замінаў карнікам гэта рабіць. У прыватнасці, ён нібыта выходзіў на праезную частку вуліцы Чапаева і нібыта замінаў руху транспарту. Акрамя таго, яго вінавацілі ў гвалце дачытчна міліцыянта з Рэчыцкага РАУС Дзмітрыя Гарая, які непасрэдна ўдзельнічаў у захопе невінаватага хлопца. Сам Гарай распавядаў на судзе, што хлопца, які стаяў на плошчы, вырашылі затрымаць толькі з тае прычыны, што ў яго на плячах быў беларускі нацыянальны сцяг, і побач з ім знаходзілася група людзей. Людзі спрабавалі перашкодзіць адвольнаму затрыманню. Сярод тых, хто спрабаваў не даць затрымаць невінаватага апынуўся і Канстанцін Міхальцоў.

Калі затрыманага маладзёна карнікі пачалі садзіць у сваю машыну, Міхальцоў штурхнуў Гарая ў спіну. Як казаў на першым судовым паседжанні сам Гарай, ён адчуў «уздзеянне» і выказаў здагадку, што «напэўна, боль мінімальны нейкі быў». Тым не менш, супрацоўнік карнай структуры запытаў, каб суд прысудзіў яму кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 2 000 рублёў.

Таксама Міхальцова абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі. Яна нібыта ўтрымлівалася ў меркаванні, якое Міхальцоў выказаў у тэлеграм-канале Вольнае панства. Так званыя эксперты, што рабілі лінгвістычную экспертызу, выдалі заключэнне, што допіс Міхальцова – гэта «паведамленне абразлівага характару, якое ўтрымлівае негатыўную ацэнку прэзідэнта Лукашэнкі».

Абвяшчэнне выраку ў справе Канстаціна Міхальцова адбылося 22 верасня. Марына Кацуба пастанавіла прызнаць Міхальцова вінаватым у «злачынствах», прадугледжаных часткай 1 артыкула 342 (удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады), артыкулам 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў) і часткай 1 артыкула 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса, які падпісаны Лукашэнкам і цяпер дзейнічае ў нашай краіне. Паводле першага абвінавачвання яна пастанавіла зняволіць Міхальцова на 1,5 года, паводле артыкула 364 – 2 гады калоніі, за негатыўную ацэнку Лукашэнкі – 1 год у вязніцы. Марына Кацуба пастанавіла скласці вынесеныя тэрміны часткова і ў выніку вырашыла прысудзіць Канстаніца Міхальцова да 3 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму