«Разумею, што ацэнка людзьмі мяне, як міліцыянта, негатыўная». Жыхара Рэчыцы судзяць за мірны пратэст 9 жніўня мінулага года
Андрусь ГАЁВЫ
19.08.2021
У Рэчыцы пачаўся суд над маладзёнам, які 9 жніўня мінулага года выйшаў на
плошчу каля капліцы Еўфрасінні Полацкай, спрабаваў абараніць хлопца, якога
вырашылі затрымаць міліцыянты, а пазней напісаў негатыўны каментар пра
Лукашэнку.
Суддзя Марына Кацуба 19 жніўня пачала разглядаць крымінальную
справу, у якой абвінавачваюць работніка аб’яднання «Беларуснафта» 23-гадовага Канстанціна
Міхальцова ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі
парадак, ужыванні гвалту да міліцыянта і абразе прэзідэнта.
Паводле абвінавачвання, Канстанцін Міхальцоў 9 жніўня 2020 года «з мэтай
публічнага выказвання незаконным спосабам сваіх грамадска-палітычных поглядаў і
пратэстаў супраць вынікаў выбараў прэзідэнта, а таксама з мэтай вядзення
дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве»,
выйшаў на праезную частку вуліцы Чапавева з боку вуліцы Набярэжнай пасля
выбыцця з месца правядзення несанкцыянванага масавага мерапрыемства службовага
аўтамабіля органаў унутраныхс справаў з затрыманым, перашкаджаў ягонаму руху.
Таксама ў гэты ж дзень Міхальцоў нібыта ўжыў гвалт да супрацоўніка міліцыі – оперупаўнаважанага
аддзелу крымінальнага вышуку Рэчыцкага РАУС старшага лейтэнаната Дзмітрыя
Гарая, нанёсшы яму не менш за адзін удар рукой у спіну.
І яшчэ Міхальцова абвінавачваюць у тым, што ён летась 16 жніўня ў тэлеграм-канале
«Вольнае панства» размясціў «паведамленне абразлівага характару, якое
ўтрымлівае негатыўную ацэнку прэзідэнта Лукашэнкі». Усяго Міхальцову
ставяць у віну здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных часткай 1 артыкула 342,
артыкулам 364 і часткай 1 артыкула 368.
У судовым паседжанні Канстанцін Міхальцоў паводле артыкула 342 віну прызнаў
часткова, адзначыўшы, што на праезную частку сапраўды выходзіў, але руху
транспарту не перашкаджаў. Паводле артыкула 364 Міхальцоў сказаў «калі
штуршок – гэта гвалт, тады прызнаю віну цалкам». Датычна артыкула 368 ён
прызнаў цалкам віну.
Ён распавёў падчас допыту, што сапраўды быў на плошчы каля капліцы
Еўфрасінні Полацкай, у раёне фантану увечары 9 жніўня. Там было даволі шмат
людзей. Яны проста стасаваліся, спявалі песні. У нейкі момант на плошчы з’явіліся
супрацоўнікі міліцыі, якія падыйшлі да аднаго хлопца і сталі яго затрымліваць. Даволі
шмат людзей, у тым ліку і Канстанцін Міхальцоў спрабавалі перашкодзіць
затраманню хлопца, які, як бачылі людзі, нічога супрацьзаконнага не рабіў.
Міхальцоў, як ён паведаміў, сапраўды штурхнуў аднаго з міліцыянтаў у спіну. Але
не з сілай, і нанесці яму нейкія цялесныя пашкоджанні ён намеру не меў.
Таксама на першым пасяджэнні апыталі пацярпелага. Дмітрый Гарай распавёў,
што пасля таго, як скончылася галасаванне, іх сабралі ў РАУС і начальнік
аддзелу паставіў задау выязджаць на плошчу каля капліцы і падтрымліваць там парадак,
бо там сабралася вялікая колькасць людзей.
«Калі мы прыехалі на плошчу, дык убачылі там чалавек 200, можа больш. Яны
былі з бел-чырвона-белымі сцягамі, гербамі “Пагоня”. Гэтая група людзей была настроена
супраць дзеючай улады. Малады чалавек, якога мы потым павялі да службовага
аўтамабіля, быў высокага росту і ў яго на плячах быў бел-чырвона-белы сцяг. Мы
вырашылі яго затрымаць, бо каля яго сабралася даволі вялікая колькасць людзей.
Каб ён іх не заклікаў за нейкіх дзеянняў. Як толькі яго “ўзялі” і прад’явілі
патрабаванне праехаць у РАУС для высвятлення асобы, людзі пачалі вельмі гучна
крычаць лозунг “Міліцыя з народам!”. Калі павялі яго да машыны настрой людзей
змяніўся, яны пачалі крычаць “Адпускай”, што ён нічога не рабіў, што гэта
незаконнае затрыманне, былі там і маты. Было прынята рашэнне пасадзіць яго ў
службовы “Джылі” шэрага колеру. Я стаяў каля машыны і назіраў за абстаноўкай,
каб ніхто не кінуўся пад колы і не атрымаў траўмы. За намі падыйшоў да машыны
гэты натоўп. Як толькі той хлопец пачаў сядаць у машыну, натоўп пачаў крычаць “Адпускай!”,
я адчуў штуршок у спіну, мяне трошкі развярнула і я ўбачыў хлопца. Ніякай
заўвагі ў той момант я хлопцу не зрабіў, бо абстаноўка была напаленая. Людзей
было чалавек 200, а нас усяго сем. З цяжкасцю машына выехала. Ёй перашкаджалі і
людзі, і іншыя машыны», – распавёў Дзмітрый Гарай.
Таксама ён заявіў пазоў аб спагнанні маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.
Калі суддзя папрасіла абгрунтаваць гэтую суму, ён сказаў, што прыйшоў на гэты
суд, губляе там працоўны час, а ў яго шмат справаў вісіць.
«Увогуле, мне непрыемна знаходзіцца ў судзе», – сказаў Гарай.
Суддзя ўдакладніла, што непрыемнасці ад візіту ў суд не звязаныя з
дзеяннямі Міхальцова на плошчы 9 жніўня мінулага году. Тады оперупаўнаважаны
Гарай удакладніў свае маральныя пакуты:
«Я сам для сябе разумею, што ацэнка людзьмі мяне, як супрацоўніка міліцыі,
канешне, негатыўная. А мне гэта непрыемна».
Суддзя спытала, ці адчуў Міхальцоў боль ад удара Міхальцова.
«Я адчуў уздзеянне. Ну, так, напэўна, боль мінімальны нейкі быў».
Гарай сказаў, што не настойвае на пакаранні для Міхальцова, звязаным з пазбаўленнем
волі.
Міхальцоў жа прызнаў пазоў аб спагнанні маральнай шкоды часткова ў памеры
500 рублёў.
Пасля гэтага ў судовым паседжанні абвясцілі перапынак да 14.30 гадзін 30
жніўня.