Пасля двух
месяцаў спробаў прыцягнуць актывіста да адказнасці міліцыя так і не даказала яго
віну.
Кіраўнік аддзялення Руху За Свабоду ў Мазыры Рыгор Крывіцкі атрымаў паведамленне з Мазырскага РАУС пра тое, што адміністрацыйны працэс у дачыненні да яго спынены паводле пункта 10 часткі 1 артыкула 9.6 і п. 2 часткі 1 артыкула 10.26 Працэсуальна-выканаўчага Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Гэтыя пункты акрэсліваюць падставу спынення адміністрацыйнага працэсу ў сувязі з недаказанасцю віны фізічнай асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.
Да таго ўчастковы інспектар
Мазырскага РАУС капітан міліцыі Сяргей
Марціновіч чатыры разы складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні
на Рыгора Крывіцкага. Згодна з першым пунктам таго самага артыкула 10.26
ПВКабАП, паводле якога міліцыя цяпер справу спыніла, складанне пратакола – адна з двух стадыяў, якой скончваецца
падрыхтоўка справы аб адміністрацыйным правапарушэнні да разгляду. Паводле
вынікаў працэсу павіннна адбыцца нешта адно – альбо мусіць быць складзены і
перададзены ў суд пратакол, альбо вынесеная пастанова аб спыненні працэсу. Больш
таго, пасля другой спробы складання пратакола яшчэ ў лютым справа ўжо была
накіраваная на разгляд у суд. Але суд тады вярнуў яе на дапрацоўку назад у
РАУС.
Пасля гэтага Сяргей Марціновіч яшчэ двойчы апытваў Рыгора
Крывіцкага і складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. А ў выніку,
як аказалася, віна Крывіцкага не даказаная і адміністрацыйны працэс спынены.
Атрымліваецца, што капітан міліцыі складаў пратаколы, не даследаваўшы доказы і
паспешліва абвінавачваючы Крывіцкага ў здзяйсненні правапарушэння, якое ён не
здзяйсняў.
«Я два гады таму перапосціў на сваю старонку ў Фэйсбуку матэрыял пра тое, як над адным з удзельнікаў анархісцкага руху здзекваліся ў міліцэйскім пастарунку. Я проста спачатку не меў часу падрабязна яго пачытаць і хацеў гэта зрабіць пазней, для таго і пакінуў на сваёй старонцы. У ім я не бачу нічога экстрэмісцкага. І гэтая ваўтузня са спробай прыцягнуць мяне за гэта да адказнасці нібыта за экстрэмізм, на мой погляд, ні што іншае, як жаданне ўлады выбіць мясцовых актывістаў з удзелу ў кампаніі па выбарах прэзідэнта, якая мае адбыцца неўзабаве. Бо два апошнія разы капітан Марціновіч больш распытваў мяне не пра гэты міфічны “экстрэмізм” і анархістаў, а пра тое, ці збіраюся я ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі і ў якасці каго. Участковы, хутчэй за ўсё, атрымаў заданне з іншага органа і так нязграбна спрабаваў яго выканаць, што стварыў сапраўды камічную сітуацыю», – распавёў Рыгор Крывіцкі.
Уладзімір Целяпун
Складаць скаргі на дзеянні міліцыянтаў, у тым ліку і ў
пракуратуру, Рыгору Крывіцкаму дапамагаў кіраўнік мазырскай філіі
праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Целяпун. Пасля
спынення справы, ён пракаментаваў сітуацыю, якая атрымалася:
«Справа аб “экстрэмізме”
Рыгора Крывіцкага – найлепшая ілюстрацыя таго, што міліцыя, замест таго, каб
займацца барацьбой з рэальнымі злачынствамі і правапарушэннямі, якія шкодзяць
людзям, уцягнутая ўладай у палітычны пераслед актывістаў палітычных рухаў і
партыяў. Акрамя таго, гэтая справа паказала, наколькі юрыдычна непісьменна і
непрафесійна працуюць нашыя міліцыянты. Калі б яны былі незалежныя і прафесійна
здольныя, яны б адразу, атрымаўшы матэрыялы з адпаведных дзяржорганаў,
вывучыўшы іх, правёўшы праверку, адказалі б тым органам, што доказаў
здзяйснення Крывіцкім правапарушэння не знойдзена, і вынеслі б пастанову аб
спыненні працэса, а не складалі б чатыры разы пратаколы. Але ж, той жа капітан Марціновіч
захацеў здацца рахманым і паслухмяным выканаўцам бязглуздых загадаў з органаў,
надзеленых большай вагой у дзяржаўнай сістэме, чым міліцыя. А ў выніку аказаўся
героем камічнага серыялу, вартым спачування».