У Калінкавічах супраць прадпрымальніка, які летась гуляў у шахматы, каб паказаць народнае адзінства, завялі крымінальную справу

Андрусь ГАЁВЫ 03.09.2021

Прадпрымальніка, які не застаўся абыякавым да лёсу краіны пасля сфальсіфікаваных выбараў, абвінавачваюць ва ўхіленні ад сплаты падаткаў. Прычым перыяд, які ён нібыта «ўхіляўся» ад сплаты падаткаў – шэсць папярэдніх гадоў, падчас якіх ніякія кантралёры прэтэнзіяў да прадпрымальніка не мелі.


Летась у жніўні Аляксандр Кучар разам з сябрам вырашылі згуляць у шахматы, як самую мірную спартовую гульню, пад двума сцягамі – дзяржаўным чырвона-зялёным і нацыянальным – бел-чырвона-белым. Такім чынам яны вырашылі паказаць, што тыя, хто не згодны з фальсіфікацыяй выбараў, хочуць адзінства ў грамадстве і супраць падзелу паводле палітычных прыхільнасцяў. Але мясцовая міліцыя з такім мэсэджам не пагадзілася і  расцаніла шахматную партыю пад сцягамі як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Гульцоў тады затрымалі.

Нават такая сціплая спроба Аляксандра Кучара выказаць уласнае меркаванне стала нагодай для таго, каб на яго пільную ўвагу звярнулі беларускія карныя органы. Ціснуць вырашылі праз бізнес. У выніку ягоную камерцыйную дзейнасць некалькі месяцаў правяраў так званы Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. У прыватнасці ягоная мазырская філія.

Кантралёры выкрылі, што з 2014 па снежань 2020 года Кучар нібыта схаваў ад падаткаў нейкую разліковую базу. Ён аказваў паслугі ТАА, дырэктарам якога з’яўляўся, ад імя індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Кучара, афармляючы гэта актамі выкананых работ і пералічваючы за гэта грошы з рахункаў ТАА на рахункі ІП. Грошы, якія ён фактычна перакладаў з кішэні ў кішэню, рабіліся выдаткамі ТАА і праз ТАА не абкладаліся падаткам на прыбытак. Такім чынам, на думку кантралёраў, ён не даплаціў на фінансаванне дзяржаўнага апарату амаль 64 тысячы рублёў.


31 жніўня намеснік начальніка Мазырскага міжраённага аддзелу Дэпартаменту фінансавых расследаванняў І. Астапенка завёў на Аляксандра Кучара крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса. Згодна з санкцыяй гэтай часткі гэтага артыкулу Аляксандру пагражае пакаранне ад штрафа да пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады.