«Падзея не мае грамадскай значнасці». Як у Мазыры ўлады выкручваюцца, каб не дазваляць няўгодным пікетаваць на галоўнай плошчы

Андрусь ГАЁВЫ 06.08.2021

Некалькі месяцаў жыхарка Мазыра ў ліставанні з мясцовым органам улады спрабуе разабрацца, чаму прыхільнікам таталітарных ідэалогіяў райвыканкам дазваляе ладзіць свае масавыя мерапрыемствы на галоўнай плошчы горада, а тых, хто прагне дэмакратычных зменаў, улады выпраўляюць на стадыёны за высокія платы.

5 жніўня жыхарка Мазыра Лілія Малыга атрымала ад мясцовага райвыканкаму адказ на сваю заяўку на правядзенне пікету на плошчы імя Леніна 8 жніўня. Паводле Ліліі, менавіта гэтая дата з’яўляецца важнай у жыцці правадыра сусветнага пралетарыяту – 8 жніўня 1914 году яго арыштавалі ў Польшчы. Гэтую дату Лілія вырашыла адзначыць адзіночным пікетам на плошчы, названай імём Леніна, на знак «удзячнасці за шлях да камунізму».


Падобнае мерапрыемства, але ў фармаце ажно мітынгу, 22 красавіка ладзілі мясцовыя камуністы. Тады яны пад чырвонымі і цяперашнімі дзяржаўнымі сцягамі адзначалі 151 год ад тае даты, калі Леніна нарадзілі ў Расіі. Калі Малыга звярнулася ў райвыканкам з пытаннем, чаму камуністы праводзілі сваё мерапрыемства ў невызначаным выканкамам для прывядзення масавых мерапрыемстваў месцы, выканкам патлумачыў гэта даволі дзіўным чынам, прычым без спасылак на нарматыўныя акты. Намеснік старшыні райвыканкаму Фелікс Галюк тады апраўдваў правядзенне мітынгу тым, што правіць народзіны Леніна не на плошчы Леніна немэтазгодна.

Гэтым разам у сваім звароце Лілія Малыга таксама падкрэсліла, што адзначаць дату арышту Леніна ў іншым месцы, ніж плошча Леніна, немэтазгодна. Яна нават прыклала да сваёй заявы ранейшы адказ наконт мітынгу камуністаў. Выкруціцца з няёмкай сітуацыі выканкаму паспрабаваў быў дапамагчы іншы намеснік тамтэйшай старшынькі – Дзмітрый Мілер. Наколькі пераканаўча ў яго гэта атрымалася добра бачна з падпісанага ім адказу.


Гэтым разам, у адрозненне ад адказу пра камуністычны мітынг, выканкам адзначае, што плошча Леніна з’яўяецца ўвогуле забароненым месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў. Але прычыну адмовы Ліліі Малыга ў правядзенні пікета спадар Мілер тлумачыць тым, што ў Беларусі ўказам так званага прэзідэнта вызначаныя святы, святочныя і памятныя даты (дата, калі ў Расіі нарадзілі будучага Леніна да такіх датаў не належыць – ПВ). «А таксама надаецца ўвага пэўным гістарычным датам, якія маюць значнасць для грамадскасці», – сцвярджае Дзмітрый Мілер. Падзея ж, да якой Лілія Малыга жадае прымеркаваць правядзенне пікету, на думку Мілера, не мае шырокай грамадскай значнасці. Таму Мілер пастанавіў адмовіць у правядзенні пікета. У чым размашыста распісаўся, для пераканаўчасці абвёўшы авалам сваё ўласнае прозвішча.

«Я лічу, што райвыканкам ужывае індывідуальны падыход, разглядаючы не саму заяўку, а асобу таго, хто гэтую заяўку падае. І, натуральна, дыскрымінуючы некаторых паводле прыкметы лаяльнасці да ўлады, надаючы перавагу прыхільнікам пэўных ідэалогіяў. Заяўленыя мной мэты і змест плакату, з якім я мелася стаяць на пікеце, не мелі нічога апазіцыйнага да цяперашняй улады. Але выканкам, мабыць, ужо някепска ведае мае сапраўдныя погляды, таму вырашыў адмовіць нават у несупрацьуладным пікеце. Гэта, канешне, выглядаее анекдатычна, але сітуацыя як нельга лепш ілюструе сапраўды ўзровень дэмакратыі і раўнапраўя, а таксама здольнасць чыноўнікаў круціцца і выкручвацца, часам прымаючы такія гратэскныя позы, што стрымацца ад іранічнага тону немагчыма», – пракаментавала атрыманы адказ Лілія Малыга