Масавыя затрыманні, ператрусы і спробы сілавікоў патрапіць у жыллё людзей адбываюцца ў Мазыры

Палеская Вясна 12.07.2021

На цяперашні час вядома самамала пра пяцярых чалавек, затрыманых 10, 11 і 12 ліпеня і ператрусы ў шасці кватэрах.

Як паведамілі Палескай Вясне жыхары горада, зраніцы 12 ліпеня ў кватэры і прыватныя дамы, а таксама на месцы працы некаторых гараджан пачалі прыходзіць нейкія людзі ў цывільным адзенні.  Многіх не было дома, але пра візіты невядомых ім паведамілі суседзі.

11 ліпеня ў першай палове дня ў Мазыры затрымалі Руслана Аліскерава. Спачатку да іх дамоў прыйшлі людзі ў цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі КДБ. Яны хацелі паразмаўляць з жонкай Руслана, якой у той час не было дома. Тады яны сыйшлі, але недзе праз паўгадзіны вярнуліся, каб затрымаць Руслана. Ён паспеў паведаміць жонцы, што яго затрымліваюць. Пазней ён патэлефанаваў жонцы ўжо з РАУС, што яго затрымалі за рэпост чагосьці экстрэмісцкага і назаўтра мусіць быць суд.  

12 ліпеня адбылося судовае паседжанне, падчас якога Руслана Аліскерава абвінавачвалі паводле часткі 2 артыкула 19.11 КабАП у распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні, які склаў старшы ўчастковы інспектар міліцыі маёр Андрэй Аскерка, пра распаўсюд не гаварылася. Там напісана, што Руслан «в чате группы «Общество адекватных людей» разместил сообщение, переадресованное с телеграмм-канала Nexta, которая решением суда Партизанского района г. Минска от 23.11.2020 включена в республиканский список экстремистских материалов» (мова і сінтаксіс аўтара пратакола захаваныя – ПВ).

Адміністрацыйную справу разглядаў суддзя Аляксандр Град. Зачытаўшы пратакол, ён абвясціў, што адміністрацыйная справа вяртаецца ў РАУС на выдаленне дапушчаных хібаў, бо апісанне правапарушэння не адпавядае дыспазіцыі артыкула 19.11 КабАП, які ставіцца ў віну Аліскераву. Руслана вызвалілі ў залі суда.

Пасля вызвалення Руслан Аліскераў распавёў, што яго да вечара пратрымалі ў КДБ. Пыталі пра тое, ці знаходзіцца ён у суполках «Буслы ляцяць» і «ОГСБ», а потым знайшлі паведамленне, якое ён перапосціў у  «Общество адекватных людей». Увечары яго адвезлі ў ІЧУ Мазырскага РАУС. Ад затрымання і да самага суда яму не давалі есці.

Таксама, у ІЧУ 11 ліпеня ўвечары прывезлі яшчэ траіх чалавек, якіх абвінавачваюць ў нейкіх палітычных правапарушэннях ці злачынствах. І яшчэ адзін чалавек знаходзіцца ў ІЧУ ўжо каля тыдня.

Антон КОШЧАНКА.

12 ліпеня праваабаронцам стала вядома, што 10 ліпеня ў Мазыры затрыманы Антон Кошчанка з Калінкавічаў, які жыў у Мазыры ў інтэрнаце. У яго ў пакоі вісеў нацыянальны сцяг. Амаль тры дні бацька Антона не мог знайсці дзе ён знаходзіцца. Калі 12 ліпеня бацька напісаў заяву ў пракуратуру, яму паведамілі, што Антона Кошчанку КДБ адправіў у СІЗА-3 ў Гомель.

12 ліпеня ператрусы прайшлі як мінімум у шасці кватэрах мазырчукоў. Людзі распавялі праваабаронцам «Вясны», што пастановы на ператрусы вынесеныя гомельскімі следчымі. Ператрусы прызначаныя ў межах справы, паводле артыкула 289 («Акт тэрарызму»), але ў дачыненні да каго справа і з якога выпадку - невядома. Людзей пасля ператрусаў забіралі ў РАУС для апытання, падчас якога пыталіся пра суполку «ОГСБ». У некаторых сілавікі хацелі ўзяць аналіз біялагічнага матэрыялу, але людзі адмаўляліся. 

______________________________

Чытайце таксама:

Масавыя ператрусы ў Светлагорску адбываліся ў межах нейкай справы аб тэрарыстычным акце

________________________________________