Жыхара Ельска за каментар у сацсетцы адправілі адбываць «хімію» ў Магілёўскую вобласць

Палеская Вясна 05.07.2021

Абласны суд пакінуў без зменаў прысуд, вынесены ў Ельску, а карная сістэма вырашыла падалей адарваць чалавека ад радзімы і сям’і.


Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

21 красавіка ў судзе Ельскага раёна асудзілі мясцовага жыхара Аляксандра Бычкоўскага. Судзіў асабіста старшыня суда Яўген Карнеявец. Ён пастанавіў, што «выправіцца» Аляксандр Бычкоўскі зможа толькі тады, калі яму абмежаваць волю, накіраваўшы ў папраўчую ўстанову на 1 год і 6 месяцаў.

«Злачынства», якое інкрымінавалі Аляксандру Бычкоўскаму – гэта абраза прадстаўніка ўлады. Такім прадстаўніком аказаўся начальнік Дзяржынскага РАУС Мінскай вобласці Яўген Жылінскі. Бычкоўскі ў каментары пад пастом з ягоным фотаздымкам і апісаннем ягоных дзеянняў падчас жнівеньскіх мірных сходаў у сацсетцы Аднакласнікі назваў міліцыянта словам, якое абазначае яйка кузуркі-паразіта.

23 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Аляксандра Бычкоўскага. У склад судовай тройкі калегіі па крымінальных справах уваходзілі суддзі А. Тозік (старшыняваў), І. Уладыка і В. Мельнікаў. Яны палічылі, што «избранная обвиняемому мера наказания, вопреки доводам его апелляционной жалобы, соответствует характеру и степени общественной опасности совершенного преступления».   

1 ліпеня Аляксандру Бычкоўскаму загадалі ехаць адбываць прызначанае пакаранне. Пры гэтым карны апарат вырашыў адправіць жыхара Ельска што падалей ад роднага горада, у іншую вобласць – у горад Круглае на поўначы Магілёўскай вобласці.

Так званая папраўчая ўстанова адкрытага тыпу, у якіх адбываюць абмежаванне волі асуджаныя да такога пакарання людзі, ёсць побач з Ельскам – у Мазыры. Ёсць такія ўстановы і ў Гомелі і Гомельскім раёне, ёсць у Жлобіне. Відавочна, што такім чынам, засылаючы людзей падалей ад родных мясцінаў, улада наўмысна дробна помсціць тым, хто выказаў незадаволенасць ёю.