Жыхару Ельска прысудзілі 1,5 года абмежавання волі за каментар у сацсетцы

Андрусь ГАЁВЫ 28.04.2021

>

Мужчына эмацыйна выказаў сваё меркаванне пра кіраўніка Дзяржынскага РАУС Мінскай вобласці Яўгена Жылінскага. За гэта суд Ельскага раёну вырашыў абмежаваць ягоную волю і на 1 год і 6 месяцаў накіраваць у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.


Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Як удалося высветліць Палескай Вясне, каментар, у якім Аляксандр Бычкоўскі з Ельску назваў кіраўніка дзяржынскай міліцыі словам, якое абазначае яйка кузуркі-паразыта, з’явіўся пад адным з пастоў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» яшчэ ў верасні. У кастрычніку да Аляксандра прыйшлі супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі з ГУУС Гомельскага аблвыканкаму. Яны затрымалі яго, даставілі ў РАУС і некалькі гадзін апытвалі. Потым у яго забралі мабільны тэлефон.

Пазней супраць яго завялі крымінальную справу, якую пачаў расследаваць Ельскі раённы аддзел Следчага камітэта.

«Мне следчы казаў, каб я прызнаў сваю віну ў здзяйсненні злачынства, паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса. Маўляў, у такім выпадку пакаранне будзе мінімальна магчымае – штраф. Я і сапраўды і на допытах, і ў судзе прызнаў у поўным аб’ёме, што абразіў гэтага міліцыянта. Але зрабіў гэта на эмоцыях, пасля таго, што даведаўся пра дзеянні міліцыі ў жніўні і верасні, пра забітых людзей. Але на жорсткасць прысуду прызнанне віны не паўплывала. Мне ўсё адно прысудзілі меру пакарання, звязаную са зняволеннем, якую запрасіў пракурор, адзінае, што тэрмін не самы максімальна магчымы», – кажа Аляксандр Бычкоўскі.

У студзені Аляксандра зноў выклікалі ў мясцовы РАУС. Там намеснік начальніка аддзела па ідэалагічнай працы і кадрах Віталь Нікітко прымусіў яго прачытаць тэкст з прызнаннем і раскаяннем на камеру.

«Тэкст быў стандартны, які часта можна пачуць на відэа, якія здымаюцца ў міліцыі з удзелам затрыманых. Нешта, кшталту, што я, «паддаўшыся ўплыву дэструктыўных тэлеграм-каналаў, напісаў зняважлівы каментар, пра што моцна шкадую і ў чым раскайваюся». Ад сябе я дадаў, што прыношу абражанаму міліцыянту публічныя прабачэнні. Гэтага ў дадзеным мне тэксце не было», – кажа Аляксандр Бычкоўскі.

Відэа, знятае проста на тэлефон Нікітко з некалькіх дубляў, у лютым паказалі на гомельскім рэгіянальным канале дзяржаўнага тэлебачання, а праз некалькі дзён і на адным з цэнтральных дзяржканалаў. Пасля гэтага кіраўнік ельскага раёну газазабеспячэння прадпрыемства «Гомельаблгаз», дзе працаваў Аляксандр, запатрабаваў ад яго напісаць заяву на звальненне.

Суд адбыўся 19 і 21 красавіка. Справу разглядаў старшыня суда Ельскага раёну Яўген Карнеявец. Дзяржаўным абвінаваўцам выступаў памочнік пракурора Міхаіл Хатынюк. Пасля даследавання так званых доказаў, у спрэчках Хатынюк запрасіў для Бычкоўскага пакаранне ў выглядзе 1 году і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую установу. Суддзя Карнеявец задаволіў патрабаванне пракурора і прызначыў як раз такое пакаранне.

У прысудзе Карнеявец удакладніў, што «мэты крымінальнай адказнасці па выпраўленні дадзенай асобы і папярэджанні здзяйснення новых злачынстваў як ім, так і іншымі асобамі, могуць быць дасягнутыя шляхам прызначэння менавіта такога віду пакарання» (артыкул, паводле якога прызначалася пакаранне, дае магчымасць пакараць таксама штрафам, арыштам альбо абмежаваннем волі без накравання ў папраўчую ўстанову). Такім чынам, настолькі жорсткае пакаранне мусіць адыгрываць ролю застрашэння іншых грамадзян Беларусі на выпадак ажыццяўлення імі свабоды выказвання меркаванняў.

Суддзя знізіў памер кампенсацыі маральнай шкоды, якую мусіць сплаціць Бычкоўскі начальніку Дзяржынскага РАУС Жылінскаму. Жылінскі хацеў спагнаць 2 тысячы рублёў. Суд пастанавіў, каб Бычкоўскі сплаціў 1500 рублёў і даў на гэта месяц ад даты набыцця прысудам законнай сілы.

Пакуль прысуд законную сілу не набыў. Аляксандр Бычкоўскі падаў апеляцыю ў Гомельскі абласны суд і чакае перагляду прысуду раённага суда.