“Магу ім падзякаваць за дапамогу ў атрыманні грамадзянства Еўрасаюза”. Юрый Шчучко адрэагаваў на прысуд Лоеўскага суда

Андрусь ГАЁВЫ 19.07.2024

>>>

Як паведаміла Гомельская Вясна, 18 ліпеня ў судзе Лоеўскага раёна вынеслі завочны прысуд актывісту з Рэчыцы Юрыю Шчучко. Яго пастанавілі зняволіць на 5 гадоў і аштрафаваць на 6 тысяч рублёў. Юрый падзяліўся сваімі думкамі на гэты конт з Палескай Вясной.

-         Па-першае, мала далі. Я стараўся. Разлічваў гадоў на 8. А далі нейкую лухту. Мабыць, таму, што суд не рэчыцкі, а лоеўскі, то яны там не дастаткова злыя на мяне.
А калі больш сур’ёзна, то магу ім падзякаваць за тое, што яны дапамагаюць мне набыць грамадзянства Еўрасаюза. Я не лічу сябе вінаватым. І ўжо дакладна не пастаўленым Лукашэнкам суддзям мяне судзіць. Рэжым Лукашэнкі як быў нелегітымным, так ім і застаецца. І ўсе рашэнні стаўленікаў гэтага рэжыму не вартыя нават паперы, на якой яны іх надрукавалі. Жыццё пакажа, хто мае рацыю!, –

сказаў Юрый Шчучко.

У прысудзе яго назвалі вінаватым у ілжывым паведамленні пра небяспеку. Гэта можа не лічыцца палітычным абвінавачваннем. Мы папрасілі Юрыя Шчучко пракаментаваць гэтыя абвінавачванні:

-         Першы раз я патэлефанаваў пра мінаванне райвыканкама, калі кодла карнікаў ламілася ў кватэру рэчыцкага актывіста, прадпрымальніка Дзяніса Шылянка. Менавіта з таею мэтаю, каб міліцыя занялася сваёй сапраўднай працай, а не выконвала палітычныя рэпрэсіі. Потым я яшчэ некалькі разоў “мінаваў” розныя ўстановы карнай сістэмы, калі камусьці з актывістаў пагражала небяспека. Пры гэтым ніякіх праблемаў цывільным і не задзейнічаным у падтрыманні ўлады нелегітымнага рэжыму асобам гэтыя паведамленні не прыносілі. Аніводная жывая істота не пацярпела. Таму лічу гэтыя свае дзеянні легальным спосабам негвалтоўнай палітычнай барацьбы.

Юрый таксама адрэагаваў на тое, што шэрагу рэчыцкіх міліцыянтаў і іхнім жонкам лоеўскі суд пастанавіў выплаціць кампенсацыі ад 1 да 6 тысяч рублёў кожнаму:

-         Спадзяюся, што гэтыя грошы спатрэбяцца ім на вянкі. Каб было хутчэй, яны нават могуць пакуль узяць у банках крэдыты на гэтыя сумы. Я потым разлічуся! У Беларусі я не маю нечага, што яны б маглі ў мяне скрасці і прысабечыць, як яны ўжо зрабілі з маёмасцю іншых актывістаў.
Мяне гэты прысуд не радуе і не засмучае. Мне ён абыякавы. Як кажуць, завочна яны могуць мяне нават расстраляць. Два разы. Мне балюча за тых людзей, якія рэальна сядзяць у лукашэнкаўскіх вязніцах з палітычных матываў. Трэба рабіць усё магчымае, каб іх вызваліць.

Юрый Шчучко знаходзіцца па-за межамі Беларусі і крымінальную справу супраць яго расследавалі, а потым і судзілі яго без якога-кольвек ягонага ўдзелу. Дзейныя ўлады называюць такі спосаб завочных рэпрэсіяў “в порядке специального производства».