Затрымалі студэнта гомельскага ўніверсітэта транспарту з Рэчыцы, які ладзіў беларускія імпрэзы

Андрусь ГАЁВЫ 10.12.2023

>

Карнікі схапілі рэчыцкага студэнта Кастуся Тэнца, які навучаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту ў Гомелі. Пра гэта праваабаронцам паведамілі аднакурснікі Кастуся.

Затрыманне, імаверна, адбылося 8 снежня.  Прычыны яго на гэты час невядомыя. Пры гэтым ужо пасля ягонага затрымання нехта заходзіў на ягоную старонку ў сацыяльнай сетцы ВКонтакте.

Кастусь Тэнц родам з Рэчыцы. Яшчэ ў дзяцінстве быў вядомы там сваімі перамогамі ў розных відах спорту. У 2019 годзе зацікавіўся беларускай мовай. Наведваў курсы Мова Нанова ў Рэчыцы. Перайшоў сам на беларускую мову. Пасля паступіў у БелДУТ.

Як распавялі аднакурснікі Кастуся, ён часта ва ўніверсітэце ладзіў розныя акцыі для прапаганды беларускай мовы – віктарыны, дыскатэкі з беларускамоўнымі песнямі, экскурсіі ў адметныя беларускія месцы і ў родныя мясціны выбітных беларускіх дзеячоў.

Кастусь ТЭНЦ. Фота: сацсеткі.

У верасні, паводле аповеду аднакурснікаў, Кастусь арганізаваў ва ўніверсітэце Тыдзень беларускай мовы. Тады на вялікім экране на ўваходзе ў корпус дэманстравалася афіша, што праходзіць гэты тыдзень, а ўсіх студэнтаў у холе сустракаў Кастусь з заданнямі з беларускай прафесійнай лексікай кожнага факультэта. Пры гэтым, усе мэрапрыемствы ўзгадняліся ажно з двума прарэктарамі – у выхаваўчай працы і ў бяспецы. Апошні – прадстаўнік КГБ, які кантралюе палітычную арыентацыю студэнтаў і выкладчыкаў.