Студэнты курсаў Мова Нанова ў Рэчыцы стварылі свой лес
Андрусь ГАЁВЫ
05.04.2019
За апошнія гады вялікія плошчы хваёвых лясоў на поўдні Беларусі давялося высекчы з-за таго, што іх пашкодзіў жук-караед. Асабліва шмат лясоў высеклі летась. Сёлета ж усе плошчы, што вызваліліся з-пад лесу неабходна зноў пасадзіць. Да карыснай справы далучыліся і студэнты моўных курсаў Мова Нанова ў Рэчыцы.
Агулам ласгасам палескага рэгіёна давялося высекчы больш за 20 тысяч гектараў лясоў. У асноўным гэта саснякі. Тым не менш, вольныя плошчы ужо налета мусяць быць нанова адсаджаныя. Уласнымі сіламі лясгасы не дадуць рады пасадзіць усё, што давялося высекчы з-за эпідэміі караеда. Таму лесаводы заклікаюць на дапамогу дабраахвотнікаў.
У іх ліку апынуліся і студэнты рэчыцкіх курсаў Мова Нанова. На адных з заняткаў на прапанову кіраўніка рэчыцкіх курсаў Андрэя Мядзведзева закласці нешта, што будзе расці шмат гадоў і служыць карысцю людзям многія наведнікі актыўна адгукнуліся. Вядоўца курсаў звярнуўся ў мясцовае лясніцва з прапановай пасадзіць адну з дзялянак недалёка ад горада. І вось беларуская мова загучала на былой высечцы, якая рукамі студэнтаў курсаў Мова Нанова імкліва ператваралася ў маладую лясную пасадку.
“Я – гарадская жыхарка, жыву ў кватэры, якую набыла за свае грошы. Я выгадавала сына. А вось з тым, каб пасадзіць дрэва – на жаль, не атрымалася. Таму я з радасцю прыняла прапанову пасадзіць цэлы лес. Хай будзе ў зялёным багацці Беларусі і кропля майго ўдзелу!”
– кажа наведвальніца курсаў Таццяна Грышкавец.
За дзень на дзялянцы плошчаю ў паўгектара высадзілі каля трох тысяч маладзенькіх хвоек, узрост якіх – усяго адзін год. Пакуль гэтыя кволенькія дрэўцы ўзнімуцца, злучацца кронамі і дзялянка стане падобнай да лесу, пройдзе самамала 7-8 гадоў. А да таго, як гэтыя сосны загамоняць з небам, каб шапка падала, калі трэба будзе зірнуць на верхавіну, міне некалькі дзясяткаў гадоў.
“На сваіх курсах мы закладаем будучыню Беларусі. Менавіта такую будучыню, якую для нашай краіны хочам бачыць мы – каб Беларусь стала насамрэч беларускай. Гэтак жа і на гэтай лясной дзялянцы мы заклалі будучыню Беларусі. А мы хочам, каб будучыня Беларусі была лясной, зялёнай, экалагічна спрыяльнай. Няхай гэты лес расце і ўзмацоўваецца разам з тым, як расце і ўзмацоўваецца амаль вынішчаная раней беларушчына ў нашай знявечанай рознымі набрыднямі краіне”,
– пракаментаваў ініцыятыву студэнтаў Мовы Нанова кіраўнік рэчыцкіх курсаў Андрэй Мядзведзеў.