Паўтара года калоніі прысудзілі Максіму Ялканаву з Рэчыцы за тэлефанаванні сябрам і сваякам
Андрусь ГАЁВЫ
18.06.2021
У судзе Цэнтральнага раёна скончыўся
разгляд крымінальнай справы, заведзенай на рэчычаніна, якога абвінавацілі ў
арганізацыі ў Гомелі і Рэчыцы групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі
парадак і спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады.
Тое, што
карныя органы цяперашняй улады ў Беларусі палічылі арганізацыяй нейкіх
парушэнняў парадку – гэта некалькі тэлефанаванняў Максіма Ялканава сваім даўнім сябрам, роднаму і стрыечнаму братам з
прапановай прайсціся ў цэнтр Рэчыцы і, магчыма, з’ездзіць у Гомель. Летась 10
жніўня Максім і некаторыя іншыя ягоныя сябры, прагледзеўшы відэаролікі з
вуліцаў і плошчаў Мінску ды іншых гарадоў, былі дужа ўзрушаныя зверствамі
сілавікоў супраць бяззбройных мірных дэманстрантаў у шортах і майках, якія
выйшлі, каб выказаць сваю нязгоду з масавымі фальсіфікацыямі вынікаў
прэзідэнцкіх выбараў, што прайшлі напярэдадні.
Максім
прапанаваў пасля працы сустрэцца на альтаны на вуліцы Сняжкова ў Рэчыцы і
адтуль прайсці на плошчу ў цэнтры горада. Хлопцы хацелі пабачыць, ці сапраўды ў
гарадах Беларусі адбываюцца гэткія жорсткія сутыкненні паміж насельніцтвам і
ўрадавымі структурамі. Ужо на плошчы, дзе не адбывалася нічога, што можна было
б лічыць парушэннем парадку, хлопцы вырашылі з’ездзіць у Гомель і пабачыць, як
праходзяць пратэсты ў другім з вялічыні горадзе краіны.
У Гомелі пяцёра
сяброў паспелі толькі выйсці з прыпаркаванай машыны і прайсці
некалькі соцень метраў, як былі затрыманыя сілавікамі. Яны нават не бачылі
аніякіх пратэстных падзеяў. У той жа час, супрацоўнікі карных органаў
затрымлівалі на іхніх вачах многіх мінакоў, якія ішлі вуліцаю Савецкаю ў бок
плошчы Паўстання.
Дзяржабвінаваўца Ірына Курбацкая.
Максім
Ялканаў падчас судовага паседжання цалкам прызнаў віну.
Дзяржабвінаваўца – намесніца пракурора Гомеля Ірына Курбацкая ў спрэчках прызнала, што Ялканаў супрацоўнічаў са
следствам, прызнае віну і, як ёй падаецца, шчыра раскайваецца. Але яна
запрасіла ў суда ізаляваць Максіма Ялканава ад грамадства, прызначыўшы яму
пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію
агульнага рэжыму.
У сваім
апошнім слове Максім Ялканаў, узгадваючы падак словаў, сказаў, што ён «шчыра шкадуе пра тое, што ўчыніў дзеянні, якія парушаюць
грамадскі парадак, тым самым здзейсніў злачынства», паабяцаў, што ў будучыні прыкладзе
максімум намаганняў, каб прынесці карысць дзяржаве, выбачыўся перад маці за
тое, што прымусіў яе хвалявацца і папрасіў суд не ўжываць пакаранне, звязанае з
пазбаўленнем волі і «даць апошні шанец» і выказаў абяцанні, што «больш ніколі не будзе здзяйсняць
парушэнні закона». Звонку апошняе слова Ялканава
выглядала як паўтарэнне завучаных штампаваных фразаў.
18 чэрвеня
суддзя Сяргей Салоўскі, які разглядаў
справу, вынес Максіму Ялканаву прысуд. Ён пастанавіў прызнаць яго вінаватым у
арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і
спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады.
Салоўскі прызначыў Ялканаву пакаранне ў выглядзе аднаго года і шасці месяцаў
пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. У тэрмін
адбыцця пакарання залічваецца час знаходжання пад вартай з 9 сакавіка 2021 года
адзін адседжаны да суда дзень за адзін дзень пакарання.