У Гомелі судзяць жыхара Рэчыцы, які нібыта арганізаваў групавыя парушэнні парадку ў абласным цэнтры 10 жніўня мінулага году
Андрусь ГАЁВЫ
03.06.2021
>
Разгляд справы адбываецца ў судзе
Цэнтральнага раёна Гомеля.
Максім ЯЛКАНАЎ у судзе.
Арганізаваў збор актыўных і пасіўных
Рэчычаніна Максіма Ялканава затрымалі 9 сакавіка. З
таго часу ён быў зняволены пад варту. 2 чэрвеня пачаўся судовы працэс, на якім
яго абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула
342 Крымінальнага кодэкса – арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць
грамадскі парадак і спалучаныя з непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў
улады.
Справу
разглядае суддзя Сяргей Салоўскі,
дзяржаўным абвінаваўцам выступае намесніца пракурора горада Гомеля Ірына Курбацкая. Менавіта яна і
зачытала абвінавачванне, якое прад’яўляюць Ялканаву.
Паводле Курбацкай,
злачынства рэчыцкага маладзёна палягае ў тым, што ён 10 жніўня 2020 года «дзеля выканання публічных заклікаў да
арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць
грамадскі парадак, размешчаных у вольным дасягу на разнастайных інтэрнэт-рэсурсах
і мэсэджэрах, будучы апавешчаным з розных крыніц аб плануемым правядзенні на
тэрыторыі Рэчыцы і горада Гомеля па сканчэнні выбараў прэзідэнта Рэспублікі
Беларусь у 2000 годзе незаконных грамадскіх масавых мерапрыемстваў, сходаў,
мітынгаў, вулічных шэсцяў, пікетаванняў (…) заклікаў знаёмых яму грамадзян, у
тым ліку шляхам асабістых зносінаў і сродкамі мабільнай сувязі, а таксама
асабістым прыкладам схіліў да ўдзелу і арганізаваў збор як актыўных, так і
пасіўных удзельнікаў групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак
у цэнтральнай частцы Рэчыцы, абмежаванай вуліцамі Савецкай, Чапаева, Набярэжнай
і Навумава, пасля чаго арганізаваў паездку на аўтамабілі Пасат у горад Гомель
для прыняцця актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць
грамадскі парадак». Віна Ялканава, як сцвярджае ў судзе
прадстаўніца пракуратуры, пацвярджаецца паказаннямі самога абвінавачанага,
сведкаў і дэталізацыяй ягоных тэлефонных размоваў.
Ад альтанкі на плошчу
Максім
Ялканаў віну ў прад’яўленым яму злачынстве прызнаў цалкам, сказаў, што
раскайваецца. Паводле ягонага аповяду падчас допыту ў судзе, практычна з усімі,
хто фігуруе ў справе, ён даўно сябруе, а адзін з хлопцаў даводзіцца Ялканаву
стрыечным братам. Са многімі ён разам працуе ў фірме «Сінержы ком». Менавіта там у перапынках працы
хлопцы праглядалі відэа-ролікі з кадрамі жорсткага збіцця, расстрэлаў гумавымі
кулямі і светла-шумавымі гранатамі, якія адбываліся ўночы з 9 на 10 жніўня ў
Мінску і некаторых іншых гарадах. Гэта абурала хлопцаў. Неяк усе дамовіліся
пасля працы сустрэцца на альтанцы, якая месціцца ў дварах дамоў па вуліцы
Сняжкова, дзе ўсе яны жывуць. Сабраўшыся ўвечары на альтанцы хлопцы вырашылі
рушыць у цэнтр Рэчыцы да капліцы Еўфрасінні Полацкай, каб пабачыць, што там
адбываецца і падтрымаць нязгоду жыхароў краіны з фальсіфікаванымі вынікамі
выбараў прэзідэнта.
Суддзя Салоўскі
доўга выпытваў у Ялканава ці падпісаны ён на тэлеграм-каналы супрацьуладнай
скіраванасці, з якой мэтай падпісваўся, ці былі там заклікі да таго, каб
выходзіць на вуліцы ў гарадах. Ялканаў сказаў, што падпісаўся, каб адсочваць,
што адбываецца ў краіне. Паміж відэаролікаў са збіццём пратэстоўцаў сілавікамі
былі ў тэкстах заклікі выходзіць на вуліцы. Таксама Салоўскага цікавіла, ці тэлефанаваў
Ялканаў сваім занёмым і сябрам і ці запрашаў выходзіць на вуліцы. Максім
адказаў, што тэлефанаваў, на вуліцу выходзіць не прапаноўваў, проста пытаў: «Ці не збіраешся ты на плошчу пабачыць, што там адбываецца?»
Ялканаў
сцвярджаў, што асноўная мэта таго, каб ісці на плошчу – паглядзець, ці
разганяюць сапраўды мірныя мітынгі так, як паказваюць у роліках у інтэрнэце. У
Рэчыцы, паводле яго, на плошчы каля капліцы Еўфрасінні Полацкай сядзелі альбо стаялі
купкамі людзі з дзецьмі, сем’ямі, міліцыянты паводзілі сябе карэктна.
У Гомель па «двіжуху»
Пабыўшы
нейкі час на плошчы ў Рэчыцы некалькі хлопцаў вырашылі ехаць у Гомель на машыне
аднаго з сяброў. Як тлумачыў Ялканаў, хлопцы палічылі, што ў абласным цэнтры
павінна быць нейкая «двіжуха» і ім было цікава пабачыць як
паводзяцца сілавікі. У Гомелі многія вуліцы былі перакрытыя і трапіць машынай на
цэнтральную вуліцу Савецкую не атрымлівалася. Хлопцы паставілі сваю машыну на
нейкай вуліцы непадалёк ад цэнтра і пайшлі пешкі ў бок плошчы і Савецкай. Але,
на падыходзе да вуліцы Савецкай іх затрымалі сілавікі. Нейкі час пратрымалі ў
нейкім адміністрацыйнм будынку і потым адпусцілі. Разам з імі на гэтай вуліцы,
як кажа Ялканаў, затрымлівалі і іншых людзей, якія ішлі вуліцаю.
Суддзя
Салоўскі спытаў у Ялканава, што ён у выніку ўсёй гісторыі мяркуе. Ялканаў
сказаў, што яму крыўдна, што тыя, хто з-за мяжы заклікалі выходзіць на вуліцы
гарадоў, за мяжой так і знаходзяцца, а тут людзі пакутваюць.
Праслухоўка загадзя
Пасля апытання
Ялканава Салоўскі пачаў агучваць пісьмовыя матэрыялы справы. Сярод іншага
звярнулі на сябе ўвагу пратаколы аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Самі
пратаколы датаваныя лістападам, а вось аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, якія
імі запратакаляваныя, праводзіліся 10 жніўня. І палягалі яны ў праслухоўцы
тэлефонных перамоваў Ялканава з іншымі фігурантамі справы.
Таксама ў
судзе агучаныя адказы прадпрыемстваў «Гарэлектратранспрат» і «Гомельаблаўтатранс», дзе сказана, што 10 жніўня парушэнняў працы транспарту не
зафіксавана, урону не нанесена. Такія ж самыя звесткі ў справе маюцца і ад
Рэчыцкага райвыканкама і Гомельскага гарвыканкама – парушэнняў працы прадпрыемстваў
і арганізацыяў не адзначана.
«Неадпаведнасці» ў паказаннях сведкі
Падчас
першага дню паседжання таксама апыталі трох сведкаў. Больш за гадзіну заняло
апытанне сведкі Сяргея Вераб’ёва.
Гэта калега па працы Ялканава. Ён распавядаў такія самыя абставіны, як і
Ялканаў. Але суддзі падалося, што ягоныя паказанні на судзе адрозніваюцца ад
тых, што былі на папярэднім следстве. У прыватнасці, у пратаколе допыту
сказана, што Ялканаў спытаў Вераб’ёва ці пойдзе той на плошчу. А далей
напісана, што на прапанову Ялканава Вераб’ёў пагадзіўся. А на судзе, маўляў,
Вераб’ёў кажа, што Ялканаў не прапаноўваў ісці на плошчу. Суддзя Салоўскі
расцаніў фармулёўку ў пратаколе допыту як прапанову Ялканава Вераб’ёву ісці на
плошчу. Такога ж кшталту былі і іншыя нібыта неадпаведнасці. Іх Вераб’ёў
патлумачыў няправільнымі фармулёўкамі падчас допытаў, бо тады следчыя так
дакладна не дапытваліся менавіта гэтыя акалічнасці.
Таксама
паказанні далі яшчэ два сведкі – Васіль Воінскі
і Сяргей Талмачоў. Іхнія аповяды не
выклікалі нейкіх пытанняў і не супярэчылі агульнай карціне, якая вымалёўвалася
з апытання Ялканава, Вераб’ёва і пісьмовых матэрыялаў справы. Пры гэтым ні Воінскі,
ні Талмачоў не ездзілі з Ялканавым у Гомель.
Працяг
судовага разбіральніцтва запланаваны на 3 чэрвеня. Тады ў судзе мяркуецца
апытаць у якасці сведкаў тых, хто разам з Максімам Ялканавым ездзіў у Гомель і
быў затрыманы.