У палітзняволенай з Мазыра – у лістападзе дзень нараджэння

Цімур Казачэнка 29.10.2023

>

16 лістапада – дзень народзінаў у палітзняволенай з Мазыра Вольгі Шэўчык, якая знаходзіцца ў калоніі ў Гомелі. Яе можна павіншаваць, даслаўшы паштоўку, ліст альбо тэлеграму.

Жыхарка Мазыра Вольга Шэўчык была затрымана 6 сакавіка 2022 г. Яна рэалізавала сваё права на свабоу выказвання меркаванняў праз некалькі каментароў у інтэрнеце і ўдзельнічала ў мірных пратэстах. За гэта яе абвінавацілі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 130 – «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы», 342 – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», 369 – «Абраза прадстаўніка ўлады», 389 «Пагроза ў дачыненні да суддзі альбо народнага засядацеля», 391 «Знявага суддзі альбо народнага засядацеля». Да суда Вольгу ўтрымлівалі ў СІЗА № 3 у Гомелі.3 лістапада 2022 г. праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай.

Судовы працэс супраць Вольгі вёўся ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме – гэта значыць, на ім не маглі прысутнічаць яе сваякі і іншыя наведвальнікі, а ўдзельнікам працэсу было забаронена разгалошваць тое, што там адбываася. Жанчыну прыгаворылі да зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя таго, 22 лютага 2023 г. КДБ уключыў яе ў «спіс тэрарыстаў». Зняволеным, унесеным у гэты спіс, забаронена атрымліваць грашовыя пераводы. 24 лютага МУС унёс Вольшу Шэўчык у спіс асоб, якія «маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Тэрмін зняволення, да якога прыгаворана Вольга, праваабаронцамі высвятляецца. Жанчына мае 2-х непаўнагадовых дзяцей. Напісаць Вользе можна на адрас: Шэўчык Вольга Уладзіміраўна, папраўчая калонія № 4, вул. Антошкіна, 3, г. Гомель, 246035.

У гомельскай жаночай калоніі зараз знаходзяцца 107 палітзняволеных-жанчын.