Пракурорка запытала два гады зняволення жыхару Рэчыцы Максіму Ялканаву за запрашэнні на мірныя сходы
Андрусь ГАЁВЫ
14.06.2021
>
Суд, у якім рэчычаніна вінавацяць у
арганізацыі групавых парушэнняў парадку, доўжыцца ўжо два тыдні. Справу
разглядае суддзя Сяргей Салоўскі.
Максіма Ялканава затрымалі 9 сакавіка проста з працы.
Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта 10 жніўня мінулага года арганізаваў у
Рэчыцы і Гомелі групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і
спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады. Сваю
віну на папярэднім следстве і на судовым паседжанні ён прызнаў цалкам.
Як
высветлілася падчас судовых паседжанняў, арганізацыя гэтых групавых парушэнняў
парадку палягала ў тым, што Ялканаў 10 жніўня патэлефанаваў некалькім сваім
сябрам і знаёмым і прапанаваў ім прайсціся ўвечары ў цэнтр горада альбо
з’ездзіць у Гомель, каб падтрымаць пратэст супраць непрапарцыйна жорсткіх
дзеянняў сілавікоў ва многіх гарадах Беларусі і пабачыць, што будзе адбывацца ў
Рэчыцы альбо Гомелі.
Пры гэтым у
Рэчыцы аніякіх парушэнняў так званага парадку не адбывалася. А ў Гомелі пяцёра
хлопцаў, пакінуўшы свой аўтамабіль на паркоўцы побач з вуліцай Савецкай,
паспелі прайсці толькі некалькі сотняў метраў і таксама не бачылі аніякіх
парушэнняў парадку. Іх затрымалі праз некалькі хвілін, адвезлі ў Навабеліцкі
РАУС, дзе пратрымалі да 4 гадзін раніцы. Чацвярых з іх адпусцілі, а аднаго
зняволілі, склаўшы пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
У судовых
спрэчках, якія адбыліся 14 чэрвеня, дзяржаўная абвінаваўца, намесніца пракурора
горада Гомеля Ірына Курбацкая
сцвярджала, што віна Максіма Ялканава ў дзяйсненні тых дзеянняў, якія яму інкрымінуюць,
даказваецца прызнальнымі паказаннямі самога Ялканава, а таксама запісамі
тэлефонных размоваў і дэталізацыяй злучэнняў, паказаннямі сведкаў.
Паводле
Ірыны Курбацкай, злачынствам, якое нібыта здзейсніў Ялканаў, з’яўляецца тое,
што «ён стэлефаноўвашся са сваімі знаёмымі і калегамі, казаў, што
трэба выйсці, што збіраецца шмат людзей, каб ніхто не баяўся, і ў выпадку, калі
будуць біць, дык мы таксама будзем біць». Пры гэтым, як сказала Курбацкая, у
выпадку чаго, і ён, і ягоныя таварышы, павінны былі аказваць супраціў
супрацоўнікам міліцыі, а супраціў, адпаведна, выражаецца ў гвалце. Арганізацыя,
на думку пракуроркі, таксама палягае ў тым, што Ялканаў усталяваў месца збору
групы – альтанку на вуліцы Сняжкова ў Рэчыцы.
Прапануючы
ехаць у Гомель, паводле пракуроркі, Ялканаў усведамляў, што акцыя, на якую
збіраліся ехаць рэчычане, несанкцыянаваная. І, хаця, паўдзельнічаць у ёй
Ялканаву з сябрамі не ўдалося, гэта не адмяняе здзейсненае ім.
Узгадала
дзяржабвінаваўца і тое, што Ялканаў належыць да руху футбольных заўзятараў
(паводле Курбацкай - «фанатаў»). «Футбольныя фанаты маюць непрыемнае стаўленне да ўлады», – сказала Ірына Курбацкая.
Пракурорка
адзначыла, што на яе погляд, Ялканаў цалкам шчыра не спрабаваў сыйсці ад
адказнасці і распавёў як усё было.
«Падставаў не давяраць паказанням
ягоным у мяне няма, прымусу да іх ні на следстве, ні ў судзе не выкрыта. Таму
хочацца спадзявацца, што на сёняшні дзень ён шчыра ўсвядоміў усё, што
здзейснена», – сказала Ірына Курбацкая.
Тым не менш,
яна папрасіла суд пакараць Ялканава двума
гадамі пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму, а таксама
канфіскаваць ягоны тэлефон, як прыладу, з дапамогай якой было здзейснена «злачынства».
Дзяржаўная
адвакатка Валянціна Катко, якая
абараняе Ялканава, пагадзілася, што віна Ялканава ў здзяйсненні дзеянняў, якія
складаюць фармальны бок злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 342 Крымінальнага
кодэкса, даказаная. Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што Ялканаў сам прызнае
сваю віну і ад самага свайго затрымання раскайваецца ў здзейсненым.
Але,
адвакатка не пагадзілася з меркаваннем абвінавачвання, што, каб Ялканаву
выправіцца, ён павінен два гады знаходзіцца ў ізаляцыі ад маці і ад грамадства.
«Што ён там можа
выправіць?» – спытала адвакатка.
Валянціна Катко таксама выказала
меркаванне, што абвінавачванне запытала такую суворую меру пакарання не столькі
для Ялканава, колькі для іншых грамадзян. Але яна звярнулася да суда з
прапановай ужыць у межах санкцыі артыкула пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем
волі.
Суддзя Сяргей Салоўскі пасля сканчэння спрэчак зноў абвясціў перапынак у
судовым пасежанні «для падрыхтоўкі абвінавачанага да апошняга слова». Гэтым
разам да 10 гадзін раніцы 18 чэрвеня.