Сямёра футбольных заўзятараў з Мазыра прызнаныя палітычнымі зняволенымі
Палеская Вясна
18.05.2021
Праваабарончая супольнасць краіны
прызнала палітычнымі зняволенымі яшчэ 21 чалавека. У іх ліку сямёра футбольных
заўзятараў, якіх 4 траўня затрымалі
ў Мазыры.
Усе 21 новыя
палітвязні абвінавачваюцца дзейнымі цяпер у Беларусі ўладамі ва ўдзеле ў
групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ў масавых
беспарадках. Ім ставіцца ў віну ўдзел у пратэстных выступах грамадзян пасля
сфальсіфікаваных і не прызнаных міжнароднай супольнасцю выбараў прэзідэнта,
якія адбыліся 9 жніўня мінулага году, а таксама абарона ад нападаў сілавікоў.
У ліку тых,
чый пераслед праваабронцы Беларусі лічаць палітычна матываваным, затрыманыя ў
Мазыры Вадзім Свінцецкі, Сяргей Гадыеў,
Аляксандр Сузько, Уладзімір Панфіленка, Данііл Скіпальскі, Павел Дворак, Віталь
Кузьменка.
У сваёй
супольнай заяве дзевяць
праваабарончых арганізацыяў Беларусі звяртаюць увагу на тое, што свабода мірных
сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і
палітычных правах. «Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што
ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай
і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці
насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб», – цытуюць праваабронцы тэкст Міжнароднага пакту.
«Сходы
грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні
грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя
спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы,
спецсродкаў і зброі», – гаворыцца ў заяве.
Праваабронцы таксама адзначаюць, што дэманстрантамі
не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293
Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя
беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі
маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам. Асобныя
выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку
дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і
абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама
непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
У супольнай
заяве праваабрончай супольнасці Беларусі выказваецца патрабаванне неадкладнага
вызвалення людзей, якія ўтрымліваюцца ў зняволенні паводле палітычна
матываванага крымінальнага пераследу.
Такім чынам,
у рэгіёне ўсходняга Палесся ўжо 13 палітычных зняволеных, васьмёра з іх з
Мазыра, дзе ў першыя паслявыбарчыя дні адбываліся самыя жорсткія ў рэгіёне разгоны мірных
сходаў і катаванні у памяшканнях мясцовага РАУС іх удзельнікаў, затрыманых сілавікамі на вуліцах горада.
Усяго ў
Беларусі станам на 18 траўня 397 палітычных зняволеных.