Яшчэ аднаго жыхара Светлагорска прызналі палітычным зняволеным

Палеская Вясна 10.04.2021

>>

Мужчыне абмежавалі волю, змясціўшы ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за допісы ў інтэрнэце.


Валерый ЛОЗА ў судзе. 

10 праваабарончых арганізацыяў Беларусі сыйшліся ў думцы, што крымінальны пераслед з абмежаваннем волі пяці чалавек, у тым ліку жыхара Светлагорска Валерыя Лозы – палітычна матываваны. Праваабаронцы прынялі заяву, у якой прызнаюць сярод іншых і светлагорца палітвязнем.

21 студзеня суддзя суда Светлагорскага раёну Галіна Гулевіч прызнала Валерыя Лозу вінаватым у злачынстве, прадугледжаным артыкулам 369 Крымінальнага кодэкса – абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў. Паводле абвінавачвання, якое падтрымліваў памочнік пракурора Светлагорскага раёна Дзяніс Раманчыкаў, Лоза апублікаваў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» каментары ў дачыненні да інспектра Дарожна-патрульнай службы Светлагорскага РАУС Андрэя Баграёнка, якія ўтрымлівалі абразы на адрас апошняга. За гэта Раманчыкаў папрасіў суд прызначыць Лозе пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Суддзя Гулевіч пагадзілася з абвінавачваннем і прызначыла запытанае Раманчыкавым пакаранне. Зараз Валерый Лоза знаходзіцца ў месцы зняволення.

Правабаронцы ў сваёй заяве, прынятай 8 красавіка, пацвярджаюць неаднаразова выказаныя патрабаванні ў дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў. Яны лічаць пераслед Валерыя Лозы палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «Палітычны зняволены». Правабарончыя арганізацыі патрабуюць вызвалення палітычных зняволеных і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў.

Пад заявай падпісаліся Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Прававая ініцыятыва, БАЖ і іншыя арганізацыі.

На цяперашні час ужо двое жыхароў Светлагорска прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Усяго ж у Беларусі станам на 10 красавіка 352 чалавекі знаходзяцца з месцах зняволення паводле палітычных матываў і маюць статус палітвязняў.