За нацыянальны сцяг на ўласным балконе жыхара Рэчыцы аштрафавалі на 1450 рублёў
Палеская Вясна
31.03.2021
>
Пяць месяцаў беларускі
нацыянальны сцяг вісеў на балконе пяціпавярховіка на вуліцы Чапаева ў Рэчыцы і
ніхто не расцэньваў гэта як нейкае парушэнне закону. Але 26 сакавіка рэчыцкія
міліцыянты вырашылі кваліфікаваць дзеянні жыхара горада як пікетаванне, склалі на
рэчычаніна пратакол і зняволілі яго самога ў ізалятар часовага ўтрымання.
Мікалай Коцур павесіў
бел-чырвона-белы сцяг на балконе сваёй уласнай кватэры яшчэ 25 кастрычніка на
знак павагі да нацыянальнай гісторыі і сімволікі, якой больш за сто гадоў. І з
таго часу па 26 сакавіка сцяг у частцы ўласнай кватэры нікому не замінаў.
Прасіць жа дазволу ў выканкаме, каб нешта зрабіць у сваім жытле Мікалай не
лічыў патрэбным, бо выдатна разумеў, што ягоная кватэра і нават яе балкон не з’яўляюцца
грамадскімі месцамі і выканкам не можа распараджацца тым, што там робіць
гаспадар.
Але са снежня ў супрацоўнікаў карнай сістэмы Беларусі з’явілася
новая трактоўка прынятых цяперашняй уладай законаў. Сімволіка, якая не
падабаецца ўладам, нават у кватэрах людзей, калі яе бачна з вуліцы, пачала
лічыцца публічным выказваннем сваіх грамадска-палітычных цікавасцяў і
расцэньвацца як пікетаванне. Такую вольную трактоўку дазваляе дзейны ў Беларусі
цяпер закон аб масавых мерапрыемствах, які прыраўноўвае да такіх любое
публічнае выказванне меркаванняў.
Пры гэтым,
Канстытуцыя Беларусі ў сваім 33 артыкуле гарантуе кожнаму свабоду поглядаў,
перакананняў і іх свабоднае выказванне. У адрозненне ад свабоды сходаў,
мітынгаў, вулічных шэсцяў і пікетавання, якое паводле Канстытуцыі можа
рэгулявацца законам, рэгуляванне свабоды выказвання поглядаў і перакананняў
асноўны закон не прадугледжвае. Тым не менш, беларускія заканадаўцы, насуперак
гарантыям, запісаным у Канстытуцыі, абмежавалі і зарэгулявалі ў законе аб
масавых мерапрыемствах і выказванне поглядаў, уключыўшы яго ў вызнчэнне паняцця
«пікетаванне».
26 сакавіка ўчастковы інспектар Рэчыцкага РАУС маёр
міліцыі Віталь Скрыпчанка склаў на
Мікалая Коцура пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, а самога яго
зняволілі ў ІЧУ Рэчыцкага РАУС. Аб умовах знаходжання ў месцы зняволення
Мікалай распавёў, што стаўленне канвойных ды іншых супрацоўнікаў ІЧУ ў цэлым
было добрым, але ў камеры надта халодна. Вакенца, якое знаходзіцца пад самай
столлю, немагчыма зачыніць і праз яго заўжды ў камеру дзьме вецер. Пакідае
жадаць лепшага і якасць харчавання.
Пратрымаўшы Мікалая Коцура ў вязніцы трое сутак яго вызвалілі
29 сакавіка каля 22 гадзін. А суд прызначылі на 31 сакавіка. Пры гэтым у
раскладзе судовых паседжанняў, які быў вывешаны на адпаведным стэндзе ў Судзе
Рэчыцкага раёну 31 сакавіка, гэтае паседжане пазначана не было. Падобная
практыка ў рэчыцкім судзе не рэдкасць. Мясцовыя суддзі не лічаць патрэбным
рабіць свае справы ў палітычным пераследзе жыхароў Беларусі галоснымі.
Напрыклад, яны ніколі не ўключаюць у расклады сваіх паседжанняў так званыя
выяздныя паседжанні, калі людзей судзяць проста ў вязніцы РАУС. Хаця, фармальна
гэтыя працэсы з’яўляюцца адкрытымі, але трапіць на іх слухачам немагчыма, бо
РАУС лічыцца рэжымным аб’ектам і туды нікога не пускаюць. Акрамя таго, яшчэ і
самі суддзі засакрэчваюць гэтыя паведамленні, не ўключаючы іх у абвесткі аб
справах, запланаваных для слуханняў на пэўны дзень.
Судзіў Мікалая Коцура суддзя Станіслаў Іванюценка. Мікалай прызнаў, што сапраўды павесіў сцяг на
балконе. Іванюценка запытаўся ці звяртаўся Коцур па дазвол на правядзенне
масавага мерапрыемства ў Рэчыцкі райвыканкам. Натуральна Коцур адказаў, што не
звяртаўся, бо не лічыў, што наяўнасць нечага ва ўласнай кватэры – гэта масавае
мерапрыемства, на якое патрэбны дазвол райвыканкаму. Але Іванюценка палічыў,
што сцяг на балконе быў выстаўлены на ўсеагульны агляд, і тое, што ён ёсць у
кватэры Коцура – гэта масавае мерапрыемства.
Пасля досыць працяглага перапынку, калі Іванюценка сыйшоў
у так званы дарадчы пакой, ён вярнуўся і абвесціў пастанову. Станіслаў
Іванюценка прызнаў Мікалая Коцура вінаватым у здзясненні правапарушэння, якое
прадугледжана часткай 1 артыкула 24.23 КабАП (парушэнне арганізацыі і
правядзення масавага мерапрыемства) і пастанавіў спагнаць з яго штраф у памеры
50 базавых вялічыняў, што складае 1450 рублёў.