Жыхара Рэчыцы затрымалі за нацыянальны сцяг на ўласным балконе
Палеская Вясна
27.03.2021
Паводле версіі
карных органаў мужчына парушыў парадак арганізацыі і правядзення масавага
мерапрыемства. Масавае мерапрыемства праводзілася у частцы ягонай уласнай кватэры
– на балконе.
26 сакавіка ўдзень міліцыянты прыйшлі дамоў да Мікалая Коцура і загадалі зняць з
балкона нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Мікалай сцяг зняў і палічыў, што
гэтым інцыдэнт вычарпаны. Але ўвечары ў
кватэру зноў з’явіліся супрацоўнікі праваўжывальных органаў і загадалі Мікалаю
Коцуру ехаць з імі.
Пазней высветлілася, што на яго склалі пратакол аб адміністрацыйным
правапарушэнні паводле часткі 1 артыкула 24.23 КабАП (парушэнне парадку
арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Мікалая Коцура зняволілі ў
ізалятар часовага ўтрымання Рэчыцкага РАУС да суда, які можа адбыцца толькі ў
панядзелак 29 сакавіка.
Паводле першай часткі артыкула 24.23 КабАП Мікалаю Коцуру
пагражае штраф да 100 базавых велічыняў альбо грамадскія працы, альбо
адміністрацыйны арышт да 15 сутак.
Са снежня мінулага года карныя органы пачалі
распараджацца нават тым, як людзям упрыгожваць свае ўласныя памяшканні. Пры гэтым
стогадовы нацыянальны сцяг, пад якім сфармавалася беларуская нацыя і паўстала
незалежная беларуская дзяржава – Рэспубліка Беларусь, сілавікі пачалі лічыць
сродкам публічнага выказвання нейкіх грамадска-палітычных цікавасцяў альбо
пратэсту. Яны сталі штрафаваць за вывешванне яго ў прыватных памяшканнях
жыхароў краіны. Гэта яны называюць пікетаваннем, бо фармулёўка закона аб
масавых мерапрыемствах дазваляе лічыць пікетаваннем, на якое патрабуецца дазвол
улады, любое публічнае выказванне любых цікавасцяў. Закон аб масавых
мерапрымствах атрымаў
негатыўную адзнаку міжнародных праваабарончых інстытуцыяў, якія лічаць яго не адпаведным
дэмакратычным нормам.