Яшчэ аднаго жыхара Рэчыцы прызналі палітычным зняволеным

Палеская Вясна 29.03.2021

>

Сумесная заява праваабрончых арганізаіцыяў Беларусі прынятая 9 сакавіка. У спіс з 20 чалавек, якія знаходзяцца ў месцах зняволення за свае палітычныя перакананні і мірныя дзеянні, скіраваныя на рэалізацыю правоў чалавека, уключаны і жыхар Рэчыцы.

Максіма Ялканава зняволілі 9 сакавіка, забраўшы проста з працы. Яго ўжо больш за тры тыдні ўтрымліваюць у Следчым ізалятары № 3 ў Гомелі. Паводле інфармацыі, распаўсюджанай МУС, на Максіма Ялканава завялі крымінальную справу за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі). У чым канкрэтна выражалася арганізацыя і падрыхтоўка такіх дзеянняў міліцыянты не паведамляюць. З расповяду самога Ялканава, знятым міліцыянтамі на відэа, ён 20 жніўня тэлефанаваў сябрам і запрашаў схадзіць на мітынг.

Праваабаронцы лічаць, што выступы грамадзянаў насілі мірны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Беларусі, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя. Сходы грамадзянаў не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Праваабаронцы адзначаюць, што ўдзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць, не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам, што можна было б кваліфікаваць як масавыя беспарадкі. Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі з улікам кантэксту і абставінаў ўжывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Праваабароны ацэньваюць пераслед Максіма Ялканава як палітычна матываваны ў сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання і прызнаюць яго палітычным зняволеным. Сумесную заяву аб прызнанні новых дваццаці чалавек палітычнымі зняволенымі прынялі сем праваабарончых арганізацыяў краіны. Сярод іх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава  ды іншыя. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў з-пад варты і спыніць іх крымінальны пераслед.

Такім чынам, станам на 29 сакавіка 2021 года трое жыхароў Рэчыцы прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Гэта Таццяна Ласіца, Уладзімір Міхалка і Максім Ялканаў. Усяго ў Беларусі цяпер 322 палітвязні.